Гарбузовая творчасць

На градах нашага вучэбна-доследнага ўчастка каралём восені з’яўляецца гарбуз. Ён валодае мноствам карысных уласцівасцей. Часцей за ўсё гарбуз выкарыстоўваюць для гатавання розных страў. Японцы сцвярджаюць, што разам з гарбузом у дом уваходзяць не толькі здароўе і даўгалецце для ўсёй сям’і, але і дабрабыт, гармонія і любоў. Гарбуз з патончаным верхнім канцом з’яўляецца адным з талісманаў фэн-шуй, сімвалізуе поўную гармонію. Згодна з павер’ем, гарбуз служыць абярэгам, сімвалам дабрабыту і залогам шчодрага ўраджаю будучага года. Яшчэ яго вельмі любяць нашы гадаванцы з жывога кутка. А самыя творчыя дзеці, якія наведваюць эколага-біялагічны цэнтр Мастоўскага раёна, знайшлі гарбузу і іншае прымяненне.

Асеннія вянкі

На асенніх канікулах дзеці наведалі майстар-клас “Асенні вянок”, вынікам якога сталі вянкі з лісця, яблыкаў, каштанаў, дэкаратыўных гарбузікаў. Зусім не абавязкова быць прафесійным дызайнерам або фларыстам, каб скласці кампазіцыю з дароў прыроды, якая ўпрыгожыць дом або садовы ўчастак. Створаны сваімі рукамі маляўнічы асенні вянок надае дому асаблівую цёплую атмасферу. Яго можна размясціць у якасці ўпрыгажэння на ўваходных дзвярах або на адной са сцен пакоя.

Для вянка спатрэбіцца аснова з пенапласту або кардону, асенняе лісце, плады, дробныя яблычкі, мініяцюрныя гарбузы і іншыя прыродныя матэрыялы. На аснову прыклейваюцца або прымотваюцца з дапамогай нітак лісты, потым з дапамогай фларыстычнага дроту прымацоўваюцца ягады, каштаны. Яблыкі і гарбузікі лепш замацаваць з дапамогай драўляных шпажак або зубачыстак. Такі вянок можна ўпрыгожыць бантам з яркай стужкі.

Ваза з гарбуза

Гарбуз можна выкарыстоў­ваць як ёмістасць для кветкавай кампазіцыі. Такая своеасаблівая ваза і здзіўляе, і захапляе адначасова: крыху фантазіі — і недарагі падручны матэрыял ператвараецца ў са­праўднае ўпрыгажэнне інтэр’ера. Гарбуз-вазу можна паставіць на паліцу або стол. Кветкі ў гарбузе ўпрыгожаць пакой па-асабліваму, надаўшы яму асенні каларыт.

Для вазы неабходна:

  • выбраць падыходзячы гарбуз, адрэзаць верхнюю частку з “хвосцікам”;
  • з дапамогай сталовай лыжкі дастаць змесціва гарбуза;
  • у сярэдзіну гарбуза можна ўставіць ёмістасць з вадой (шклянку, слоічак) або выкарыстаць фларыстычную губку (“аазіс”);
  • для таго каб фларыстычная губка не ўбірала сок гарбуза і кветкавая кампазіцыя захавалася як мага даўжэй, яе неабходна абгарнуць плёнкай, якая фіксуецца тонкім скотчам;
  • падрыхтаваны аазіс змясціць у гарбуз.

Для будучай кветкавай кампазіцыі спачатку робіцца каркас з зелені і прыгожых галін. Для гэтай мэты можна выкарыстаць галінкі туі, самшыту, барбарысу, дзёрну. Пасля таго як уставілі зелень і галіны, дабаўляем кветкі, фарміруючы кампазіцыю. Для такой кампазіцыі не трэба вялікая коль­касць кветкавага матэрыялу. Можна выкарыстоўваць як буйныя кветкі, напрыклад, вяргіні, так і дробныя — розныя віды асенніх астраў і хрызантэмы. Іх трэба ўключаць у кампазіцыю пасля зелені і буйных кветак. Кветкі размяшчаем на рознай вышыні — гэта надасць кампазіцыі дынаміку. Таксама ў такую кампазіцыю можна дабавіць галіны з ягадамі дзявочага вінаграду або шыпшыны.

У такой вазе любыя асеннія кветкі выглядаюць проста цудоўна. Можна кампазіцыю зрабіць разнастайнай, пафарбаваўшы гарбуз у чорны колер. Калі фарба высахне, выкарыстаем прыём саскрабання фарбы, каб праявілася апельсінавая скурка гарбуза. Кампазіцыя з гарбуза захоўваецца каля тыдня.

Ранер

Гарбуз папулярны як самастойны прадмет дэкору для асенняга ўпрыгожвання дома. Фларыстыка ўлічвае асноўныя модныя тэндэнцыі і нюансы дэкарыравання інтэр’ераў. Адным з напрамкаў з’яўляецца ўпрыгожванне стала. У гэтым майстэрстве галоўнае — умець кампанаваць матэрыял і вылучаць прыгажосць асноўнага элемента ў кампазіцыі.


Як дэкаратыўны элемент аздаблення стала часта выкарыстоўваюць абрус незвычайнай формы, які называецца ранер. Такая мода на ўпрыгожванне стала ранерам прыйшла да нас з Еўропы.

Ранер уяўляе сабой вузкую палоску з дэкорам на ўсю даўжыню стала. У якасці ранера можа выступаць тканіна, карункі і радно, а таксама трава, мох, кветкі і нават старонкі кніг. Для сервіроўкі асенняга стала дазваляецца выкарыстоўваць усё, што выклікае ў вас асацыяцыі з восенню: ягады рабіны і каліны, агародніну, садавіну, кветкі, лісце… Спіс можа быць дапоўнены і іншымі атрыбутамі — вазамі, свечкамі, фларыстычнымі кампазіцыямі. Галоўнае — арганічна злу­чыць усе кампаненты паміж сабой.

На воркшопе “Асенні дэкор стала” дзеці выкарыстоўвалі практычна ўсё, на што так багата восень: гарбузы, жалуды, шышкі, яблыкі, асеннія кветкі і лісце. Падключыўшы сваю фантазію, дзеці змаглі атрымаць асалоду не толькі ад выніку, але і ад стварэння такой прыгажосці. А як жа прыемна за такім прыгожым сталом піць духмяную гарбату, прыгатаваную з сабраных сваімі рукамі раслін!

Размалёўванне гарбуза

Размалёўванне гарбуза — творчы працэс. Гэтым любяць займацца дзеці ў нашым цэнтры. Каб усё зрабіць правільна, неабходны гарбуз, фарбы і натхненне.

Размаляваць можна любы гарбуз. Добры гарбуз для фарбавання павінен быць гладкім, без дэфектаў, расколін і драпін на паверхні. Найбольш падыходзяць гарбузы з лёгкай рабрыстасцю.

Перад тым як размаля­ваць гарбуз, неабходна выб­раць малюнак. Пры выбары ўзору або выявы важную ролю адыгрывае памер і форма гарбуза. Якія малюнкі нанесці на гарбуз? Простыя і ў той жа час эфектныя геаметрычныя ўзоры зробяць з гарбуза незвычайнае ўпрыгажэнне. Можна намаляваць забаўныя тварыкі. Вельмі прыгожа выглядаюць сілуэты жывёл, кветкі. На гарбузе ўсё добра выглядае, галоўнае, не рабіць узор вельмі складаным.

Для размалёўкі лепш за ўсё ўзяць акрылавыя фарбы, таму што яны лепш трымаюцца. Аднак можна выкарыстоўваць і гуаш, дабавіўшы ў яе клей ПВА. Можна наносіць малюнак на сам гарбуз або папярэдне пакрыць яго фонавай фарбай светлага адцення. Наносіць контур малюнка лепш маркерам. Размалёўваць гарбуз трэба звычайнымі пэндзлямі для малявання. Вельмі прыгожа выгля­даюць малюнкі з дабаўленнем бліскавак і з наклеенымі пацеркамі.

Можна выкарыстоўваць размаляваныя гарбузы ў розных кампазіцыях, зрабіць з іх сувенір або падарунак.

Вырабы з гарбузікаў

Гарбуз вельмі карысны, асабліва для дзіцячага арганізма, у насення гарбуза (гарбузікаў) карысці не менш. А яшчэ гарбузікі — гэта лёгкадаступны асенні фларыстычны матэрыял, з якога можна зрабіць мноства разнастайных вырабаў. Дзеці малодшага школьнага ўзросту асабліва любяць ства­раць аплікацыі з гарбузікаў. Іх сюжэт складаюць асеннія дрэвы, жывёлы і асабліва часта кветкі.

Кветак з гарбузікаў можна прыдумаць мноства. Але ў аснове любой — кардонны кружок (у сярэднім дыяметрам 5—7 см) і гарбузікі, натуральнага колеру або пафарбаваныя ў яркія колеры з дапамогай гуашы, змяшанай з клеем ПВА, або харчовых фарбавальнікаў.

На кружок неабходна прыклейваць гарбузікі, выкарыстоўваючы клей “Тытан”. Пачынаць трэба са знешняга краю кружочка, прыклейваючы элементы блізка адзін да аднаго. Пасля першага слоя неабходна прыклеіць наступны. Такіх слаёў можа быць усяго два, а можа быць больш, у залежнасці ад памеру кветкі. Сярэдзіну кветкі можна ўпрыгожыць маленькімі бліскаўкамі, пацеркамі або ўзяць прыродны матэрыял — грэчку ці проса. З такіх кветак можна скласці цэлы букет.

Для аплікацыі “Асенняе дрэва”, акрамя гарбузікаў, спатрэбіцца клей, пэндзлік, а таксама тоўстая папяровая аснова з сілуэтам ствала дрэва. Яго можна намаляваць простым алоўкам, выкарыстоўваючы шаблон. Нашы дзеці самастойна малявалі ствол і размалёўвалі яго каляровымі алоўкамі і фламастарамі.

Кацярына РЭКУЦЬ,
дырэктар эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі
Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці.
Фота аўтара.