Упершыню Абласны конкурс творчых работ вучняў па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне” ў Гомельскай вобласці адбыўся ў 2012 годзе, з таго часу ён праводзіцца адзін раз у два гады. Арганізатарамі мерапрыемства з’яўляюцца галоўнае ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама і Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі.
У 2018 годзе тэма конкурсу гучала як “Гістарычны касцюм у мініяцюры”. Работы прымаліся па наступных намінацыях: “Нацыянальны беларускі строй”, “Славянскі строй”, “Еўрапейскі строй эпохі XVIII — XIX стагоддзяў”. У конкурсе прынялі ўдзел навучэнцы VII—IX класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Спаборніцтва праходзіла ў тры этапы: першы этап — школьны (186 конкурсных работ), другі — раённы (гарадскі), трэці — абласны. На абласны этап было прадстаўлена 55 работ з 19 рэгіёнаў вобласці і Гомеля. Асноўнымі крытэрыямі ацэньвання былі: гістарычная адпаведнасць касцюма выбранай эпосе, мастацкі ўзровень працы, яе гарманічнасць, падбор матэрыялаў і колеравае рашэнне, якасць і майстэрства выканання, кампазіцыйная цэласнасць касцюма, знешні выгляд і канструкцыя манекена.
Журы адзначыла высокі ўзровень выканання і прадстаўлення касцюмаў.
Цэнтральнае месца ў намінацыі “Нацыянальны беларускі строй” займае работа, выкананая навучэнкай сярэдняй школы № 2 Светлагорска Ірынай Жынко, якой дапамагала настаўніца працоўнага навучання Ала Мікалаеўна Дубас.
Касцюм выкананы ўручную і складаецца з верхняй і ніжняй кашуль, спадніцы і фартуха, дапоўнены белай хусткай з махрамі. Для верхняй кашулі выкарыстана баваўняная тканіна з разрэджанай структурай (перапляценне рагожка), для ніжняй кашулі — тонкая льняная тканіна (палатнянае перапляценне), для спадніцы — паўшарсцяная стракататканая тканіна. Фартух зроблены з ільняной тканіны. Для вышыўкі выкарыстаны ніткі мулінэ чырвонага, чорнага і малочнага колераў. Вышыўка раслінных матываў на паліках, каўняры, манжэтах і планцы (вышыўка крыжам, аднабаковы касы крыж, вышыўка арнаментальным узорам па падоле ў тры бардзюры).
У намінацыі “Славянскі строй” адзначаны работы навучэнцаў сярэдняй школы № 2 Ельска, гімназіі Светлагорска, Камарынскай сярэдняй школы Брагінскага раёна.
У намінацыі “Еўрапейскі строй эпохі XVIII—XIX стагоддзяў адзначаны работы навучэнцаў гімназіі № 14 Гомеля, сярэдняй школы № 7 Калінкавіч, сярэдняй школы № 4 імя В.Маркелава Гомеля, Батвінаўскай базавай школы Чачэрскага раёна, сярэдняй школы № 1 Петрыкава, Даўгалескага дзіцячага сада — сярэдняй школы Гомельскага раёна, Сідаровіцкага ясляў-сада — базавай школы Чачэрскага раёна, Акцябрскай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна.
Наталля САМОЙЛЕНКА,
метадыст вучэбна-метадычнага аддзела прыродазнаўча-матэматычных дысцыплін
Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.