Колькасць дзяцей з пэўнымі парушэннямі ў развіцці няўхільна павялічваецца. Гэта патрабуе стварэння і ўдасканалення адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя. З мэтай развіцця творчай ініцыятывы і прафесійнага майстэрства настаўнікаў-дэфектолагаў у гэтай дзейнасці я правяла майстар-клас для калег па вырабе дыдактычных дапаможнікаў з пластыкавых трубачак для напіткаў. У нашым побыце шмат цікавых прадметаў, якія прыцягваюць увагу дзяцей, сярод якіх — пластыкавыя трубачкі для напіткаў. Гэта ўніверсальны матэрыял для стварэння розных шматфункцыянальных дыдактычных гульняў, якія падыходзяць для дашкольнікаў і школьнікаў. Такія гульні не толькі захапляльныя і цікавыя, але і карысныя.
Сучасная прамысловасць выпускае розныя віды трубачак для напіткаў, якія адрозніваюцца велічынёй, дыяметрам, колеравай гамай, а таксама матэрыялам. Праз трубачку можна дзьмуць, яе можна згінаць, разразаць на кавалачкі, нанізваць на што-небудзь, праціскаць у адтуліны і інш. Гульнявыя сюжэты з пластыкавымі трубачкамі разнастайныя.
Дыдактычныя гульні з трубачкамі развіваюць дробную маторыку рук і каардынацыю рухаў, дзякуючы чаму развіваюцца маўленне, інтэлектуальныя і творчыя здольнасці.
Знайдзі колер і палічы
Мэта: развіццё хуткасці рэакцыі і дробнай маторыкі, фарміраванне паняцця пра лічбу пры дапамозе прыёму суадносін колькасці трубачак з пэўнымі лічбамі.
Вырабляюцца карткі з каляровага кардону (колеры выбіраюцца ў адпаведнасці з колерамі трубачак). На кожнай картцы пішацца лічба. Карткі перамешваюцца і размяшчаюцца стосікам каляровым бокам уніз. Перад вучнямі стаіць каробачка з рознакаляровымі трубачкамі. Дзеці бяруць са стосіка пэўную колькасць картак (ад меншай колькасці — да большай) і раскладваюць іх перад сабой каляровым бокам. Задача вучняў — выбраць з каробкі пэўную колькасць трубачак пэўнага колеру і пакласці іх побач з адпаведнай карткай. Можна гуляць на хуткасць, замерваючы час, затрачаны на выкананне задання.
Лабірынт з шарыкамі
Мэта: развіццё дробнай маторыкі, увагі, лагічнага мыслення, уседлівасці.
Бяром любую плоскасць, якую будзе зручна трымаць у руках. Наразаем трубачкі рознага памеру і склейваем іх. Запускаем у лабірынт шарык. Лабірынт можна запаўняць невялікімі цацкамі і прыдумляць для яго розныя апавяданні (казкі) пра падарожжа Калабка.
Пацеркі з трубачак
Мэта: развіццё ўвагі, дробнай маторыкі, фанематычнага слыху, мыслення (у залежнасці ад варыянта гульні).
Збіраем пацеркі з рознакаляровых трубачак па інструкцыі педагога (галосныя — зычныя, звонкія — глухія зычныя, доўгія — кароткія і інш.).
Гульні з абручамі
Мэта: развіццё ўвагі, лагічнага мыслення, умення групаваць прадметы па зададзенай прымеце.
Выразаем рознакаляровыя абручы ці робім колы з рознакаляровых шнуркоў. Раскладваем трубачкі па колеры (велічыні). У адно кола дзеці кладуць толькі чырвоныя (доўгія) трубачкі, у другое — сінія (кароткія).
Раскладваем трубачкі такім чынам, каб у зялёным коле былі ўсе маленькія трубачкі, а ў чырвоным — усе зялёныя (практыкаванне на аб’яднанне множнасцей, раздзяленне множнасцей на класы).
Даміно
Мэта: развіццё ўмення дыферэнцыраваць колеры і напрамкі ў прасторы.
Гуляць па прынцыпе даміно.
Знайдзі пару
Мэта: развіццё ўмення дыферэнцыраваць колеры, зрокавай памяці, мыслення.
Карткі ляжаць верхнім бокам уніз. Трэба знайсці дзве аднолькавыя карткі. Адкрываць адначасова можна толькі дзве карткі.
Канструяванне з трубачак. Збіраем літары і словы
Мэта: развіццё ўвагі, канструктыўнага праксісу, мыслення, умення дыферэнцыраваць колеры.
Збіраем малюнак па ўзоры.
Галаваломка Говарда Флейшара
Мэта: замацаванне назваў геаметрычных фігур, развіццё творчых здольнасцей і ўяўлення.
З 12 трубачак і ніткі звязваецца галаваломка ў выглядзе куба. Атрыманая канструкцыя лёгка трансфармуецца ў розныя фігуры. Далей усё залежыць ад фантазіі.
Прадоўжы рад
Мэта: развіццё ўвагі, дробнай маторыкі, памяці, умення дыферэнцыраваць колеры і велічыню.
На картках зададзена паслядоўнасць. Неабходна паўтарыць і прадоўжыць яе.
Збяры па колеры
Мэта: развіццё ўвагі, дробнай маторыкі, умення дыферэнцыраваць колеры.
Вучні сартуюць трубачкі па колеры ў спецыяльна падрыхтаваныя ёмістасці.
Графічная дыктоўка
Мэта: развіццё ўвагі, дробнай маторыкі, умення арыентавацца на плоскасці аркуша.
На кардонным аркушы чэрцім поле з клеткамі. Настаўнік дыктуе дзецям, у які бок і на колькі клетак трэба размя-шчаць трубачкі. У выніку атрымліваецца аб’ёмная фігура.
Знайдзі небяспечнае месца. Запалі агеньчык
Мэта: развіццё ўмення выконваць гукавы аналіз слоў, знаходзіць слабыя месцы ў словах (арфаграмы), складаць схемы слоў.
Настаўнік вымаўляе словы, а дзеці складаюць іх схемы і “запальваюць” (падымаюць) чырвоны “агеньчык” (чырвоную трубачку), як толькі знаходзяць небяспечныя месцы (гукі, якім пры пісьме нельга давяраць).
Трубачкі адпаведных колераў (чырвоныя — галосныя, сінія — цвёрдыя зычныя, зялёныя — мяккія зычныя) можна выкарыстоўваць для складання гукавых схем слоў. Мадэляванне дазваляе дзецям вобразна ўявіць структуру слоў.
Сухі акварыум
Мэта: развіццё ўмення вызначаць навобмацак дробныя прадметы, нармалізацыя мышачнага тонусу, стымуляцыя тактыльных адчуванняў.
У каробку-акварыум складваюцца нарэзаныя каляровыя трубачкі. Дзеці як мага глыбей апускаюць туды рукі і перабіраюць трубачкі. На дне акварыума можна схаваць невялікую цацку, пластмасавыя літары ці лічбы, геаметрычныя фігуры, перамяшаць іх, з заплюшчанымі вачыма знайсці і назваць адшуканы прадмет.
Рознакаляровыя вежы
Мэта: развіццё фанематычнага слыху, увагі, дробнай маторыкі і ўмення дыферэнцыраваць колеры, фарміраванне матэматычных уяўленняў і ўменняў выконваць фанетычны аналіз слоў.
Заданні на дыферэнцыяцыю гукаў, велічыні, галосных і зычных, цвёрдых (звонкіх) зычных і мяккіх (глухіх) зычных, свісцячых і шыпячых, аўтаматызацыю пастаўленых гукаў у складах і словах, фанетычны аналіз слоў, вызначэнне арфаграм у складах і словах (напрыклад, калі ў слове трэба пісаць раздзяляльны мяккі знак, бяром чырвоную “цаглінку”, калі не трэба — сінюю), адпрацоўку матэматычных уяўленняў (палічы, колькі…), арыентацыю ў прасторы (над, пад, паміж) і часах года (гульня “Калі гэта бывае?”) і інш.
Крыжыкі-нулікі
Мэта: развіццё ўвагі, лагічнага мыслення, хуткасці мысліцельных аперацый, дробнай маторыкі.
Вырабляецца невялікае квадратнае поле з кардону 3 на 3 клеткі. Задача — першым выкласці рад з трох трубачак аднаго колеру па гарызанталі, вертыкалі ці дыяганалі.
Людміла ТРОЦКАЯ,
настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 1 Маларыты.