2019 год адметны для кожнага жыхара Гродзенскай вобласці 75-годдзем яе заснавання. Кожная ўстанова адукацыі рыхтуецца да гэтай падзеі. І мы не выключэнне.
Так, яшчэ ў красавіку ў школе з’явілася фотазона, у якой знайшлі адлюстраванне вядомыя мясціны Гродзенскай вобласці. Хутка прыгожы куток для фотаздымкаў стаў любімым месцам навучэнцаў і гасцей установы адукацыі. Але хацелася зрабіць нешта такое, каб не толькі напамінала нам пра колькасць гадоў і значныя месцы, але яшчэ і нечаму вучыла, развівала. Так на тэрыторыі нашай установы адукацыі з’явілася інтэрактыўная карта Гродзенскай вобласці, на якой адзначаны межы кожнага раёна і раённыя цэнтры. А на тэрыторыі Мастоўскага раёна на карце знайшоў сваё месца наш аграгарадок Мікелеўшчына. Тым самым кожны знаёміцца не толькі з геаграфічнымі назвамі, але і з геаграфічным размяшчэннем кожнага адзначанага месца Гродзенскай вобласці.
Інтэрактыўная карта стала прывабным месцам для выхаванцаў дашкольнай групы, якія шукаюць на ёй знаёмыя назвы і выбіраюць, дзе кожны з іх будзе жыць. Канечне, спрэчкі ідуць з-за роднага аграгарадка, які пазначаны чырвоным каменем, таго месца, дзе яны нарадзіліся і растуць. Хтосьці знаходзіць раён, дзе жывуць яго дзядулі і бабулі або іншыя сваякі. Так пачынаецца сапраўдная тапанімічная гульня.
Для вучняў і дарослых інтэрактыўная карта стала лепшым месцам для фотаздымкаў. Нават дарослыя для сябе адкрываюць на карце нешта новае ў размяшчэнні раёнаў і іх суседстве.
20 верасня, у дзень стварэння Гродзенскай вобласці, ва ўстанове адукацыі запланавана інтэрактыўная гульня “Люблю свой край”, падчас правядзення якой будзе выкарыстоўвацца і наша карта.
Таццяна ПЯЦЭВІЧ,
дырэктар Мікелеўшчынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мастоўскага раёна.