Кабачковае лета

У самым разгары сезон агародніны. Сёння я прапаную папрацаваць з кабачкамі. Аддаю перавагу гатунку “ананасавыя”. Выглядаюць гэтыя кабачкі намнога прывабней астатніх (на мой погляд), мякаць у іх больш сакавітая, скурка ярка-жоўтая, мякаць цёмна-аранжавая, вельмі шчыльная, захоўвае гэтую якасць і пры тэрмаапрацоўцы, не губляючы колеру. Менавіта такі гатунак падыходзіць для разнастайных хатніх нарыхтовак.

Я падабрала для вас такія рэцэпты, па якіх больш за ўсё люблю гатаваць сама. Анатольеўна ж гарантуе!

Многія гаспадыні часта гатуюць на снеданне аладкі. А чаму б не зрабіць іх з кабачкоў?! Яны ж вельмі сытныя, смачныя і хутка гатуюцца!

Аладкі кабачковыя “Ранішнія”

Інгрэдыенты: малады кабачок — 2 шт.,  мука — 150 г, яйкі — 3 шт., сыр — 100 г, цыбуля — 1 шт., вараная каўбаса ці сасіскі — 100 гр., кроп — невялікі пучок, соль, перац — на смак. Просты, па-летняму актуальны спосаб.

Нарэжце дробнымі кубікамі каўбасу, сыр надзярыце на тарцы, дробна нарэжце зеляніну. Кабачок  таксама надзярыце на бурачнай тарцы. Усё складзіце ў міску, дадайце яйкі, соль і перац. Добранька размяшайце і дадайце муку. Яшчэ раз старанна змяшайце ў адзіную масу — і на патэльню выпякаць! Смачныя — з полымя з жару, са смятанкай і халодныя.

Кабачкі па-бразільску ад Анатольеўны

3 кг кабачкоў, пакрышаныя на квадрацікі 2х2 см заліць вадой (1,5 літра) і 2 сталовымі лыжкамі лімоннай кіслаты. Пакінуць на 12 гадзін настойвацца, зліць ваду, дабавіць 1 кг цукру і 2 бутэлечкі ананасавага араматызатару. Масу давесці да кіпення, раскласці ў паўлітровыя слоічкі і стэрылізаваць 10 хвілін. Закатаць, перакуліць.

Фаршыраваныя кабачкі можна разглядаць як страву для сямейнага абеду ці вячэры або ў якасці ўрачыстай закускі для падачы на стол у святочны дзень.

Лодачкі кабачковыя, запечаныя ў духоўцы

З раніцы запякаю ў кулінарным рукаве свіную рульку і язык (націраю перцам, соллю, гарчыцай — марыную з вечара); выпякаю, наразаю, непрыгожыя кавалачкі падыдуць для фаршу ў кабачковыя лодачкі.

Кабачок (па памеры не даўжэйшы за бляху) — 1 шт., памідоры — 4 шт., агуркі — 2 шт., 2 перцы, 2 морквы, алей — 2 ст.л., смятана — 2 ст.л., сыр — 100 г.

Чысцім кабачок. Рэжам удоўж і вымаем асяродак, прысальваем і выкладваем 2 атрыманыя лодачкі на агароднінную падушку (яе рыхтуем з агародніны, алею, солі). Папярэдне прыгатаваны фарш выкладваем у лодачкі.

Змазваем смятанай верх фаршу і лодачкі і адпраўляем у разагрэтую да 200°С духоўку на 50 хвілін. Амаль перад гатоўнасцю пасыплем сырам.

 Вось такая прыгажосць у выніку атрымаецца.

Шарлотка па-бразільску ад Анатольеўны

 4 буйныя курыныя яйкі, 1 шклянка цукру, 1 шклянка мукі (мерная —  250 г) і слоічак кабачкоў па-бразільску. Сакрэт шарлоткі зусім не ў прадуктах і не ва ўменні гатаваць, а ў маленькай хітрасці.

Пачынаем, як звычайна, з узбівання яек. Працягваючы ўзбіванне, дадаём цукар і даводзім да крэмавага колеру. І толькі пасля гэтага дадаём муку і працягваем узбіваць да стану цягучай цякучасці. Цеста павінна стаць як мага больш светлым. У гэтым і ёсць сакрэт гатавання…

Форму засцілаю пергаментнай паперай, на яе выкладваю кабачкі па-бразільску і заліваю цестам. Цесту трэба даць крыху часу на запаўненне пустэч паміж кабачкамі. Выпякаем. Смачна есці!

Я памятаю, што абяцала навучыць варыць юшку ад Анатольўны “па-пятрэвіцку”. Чакайце! Заўтра на рыбалку!

З павагай і любоўю, Анатольеўна.

Наталля ЮШКЕВІЧ.
Фота аўтара.