Калі ёсць любімая справа

Выдатная прырода Беларусі, пышныя яе гарады, ціхія вёскі, але галоўны набытак — гэта людзі, якія нас акружаюць, людзі, якія жывуць побач з намі. Навучэнцы 3 класа Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна наведалі жыхарку пасёлка Раісу Аркадзьеўну Аляшкевіч. Мінулае Раісы Аркадзьеўны — гэта цяжкае пасляваеннае дзяцінства, гады вучобы, работа ў пасялковым савеце. Працавала шмат, не шкадуючы сіл і часу, выхоўвала сыноў, акружаючы мацярынскім клопатам і любоўю. Спраў было шмат, часу не хапала, але быў адзін любімы занятак, які прыцягваў, заварожваў.

Здзіўленыя навучэнцы застылі перад палотнамі вышыўкі. Незвычайныя ўзоры пераносілі ў зачараваны свет — свет, у якім ажывае казка. Потым пасыпаліся пытанні: “Як вы гэта робіце?”, “Колькі часу трэба, каб вышыць адну карціну?”, “Як вы прыдумваеце ўзоры?”, “Калі вы ўсё паспяваеце?” і інш. Раіса Аркадзьеўна з добрай усмешкай слухала дзяцей, адказвала на іх пытанні, расказвала гісторыю свайго жыцця. Потым паказала самае патаемнае — вышытыя лікі святых, бо праваслаўе ў жыцці Раісы Аркадзьеўны займае асаблівае месца. Вера дапамагала ў складаных сітуацыях, давала сілы жыць і змагацца з цяжкасцямі, ажыццяўляць задуманае.

Аказваецца, усё магчыма, калі ёсць любімая справа, калі ёсць мара. Тады знаходзіцца час, з’яўляюцца ідэі, якія потым ажываюць на тканіне. У вачах маленькіх жыхароў пасёлка я ўбачыла захапленне, жаданне пачаць рабіць нешта сваё, адметнае, што прынясе радасць не толькі сабе, але і іншым людзям. А для гэтага трэба зусім няшмат: умець заўважаць прыгожае, імкнуцца да сваёй мэты, аддавацца любімай справе.

Жанна АЛЯШКЕВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў.