“Крыніца” дачнага натхнення

Не адзін год пры Брэсцкай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі дзейнічае клуб “Крыніца”, які аб’ядноўвае заўзятых дачнікаў з ліку ветэранаў педагагічнай працы.

— Дача дапамагае рэалізоўвац­ь жыццёвыя інтарэсы, захоўваць фізічную актыўнасць, забяспечвац­ь харчовую бяспеку і знахо­дзіць аднадумцаў, — расказвае кіраўнік клуба Т.І.Яроміна. — У рамках праекта “Лета на дачы” былыя педагогі дзеляцца вопытам вядзення дачнай гаспадаркі, абменьваюцца насеннем і кветкамі, сустракаюцца са спецыялістамі ланд­шафтнага дызайну і цяплічных арганізацый… А самае галоўнае — паказваюць вынікі дачных намаганняў.

Клубаўцы наведваюць адзін аднаго, знаёмяцца з цікавымі напрацоўкамі калег. Кожны дачнік назапасіў унікальны вопыт, якім ахвотна дзеліцца з іншымі. Так, адны авалодалі сакрэтамі вырошчвання буякоў і лекавых раслін, другія — спосабамі лянівага земляробства і вертыкальных градак, трэція — таямніцамі дызайнерскага мастацтва.

— Нашы дачнікі цікавяцца сучаснымі падыходамі да апрацоўкі зямлі, абагульняюць уласны вопыт догляду раслін і шчодра дзеляцца ім, — гаворыць Т.І.Яроміна. — Сустрэчы з калегамі падштурхоўваюць да самаўдасканалення і пошуку новых спосабаў гаспадарання.

Вынікі дачнага сезона падводзяцца ўвосень разам з гаркамам галіновага прафсаюза ў адной з устаноў адукацыі Брэста, дзе ла­дзіцца свята ўраджаю “Багач”. Удзельнікі праекта ў фота­здымках, відэа­роліках, вершах і прозе прэзентуюць гісторыю сваіх дач і іх філасофію, расказва­юць пра асаблівасці архітэктурнага і ланд­шафтнага дызайну, дэманструюць прадукты агародніцтва, садаводства і кветкаводства, успамінаюць цікавыя гісторыі сямейнага адпачынку, знаёмяць калег з эстэтычнымі знаходкамі і рэцэптамі дамашніх нарыхтовак з улікам асноў здаровага харчавання, ладзяць дэгустацыю любімых страў. Ад такіх мерапрыемстваў застаюцца цёплыя ўспаміны і фотаздымкі.

— Ветэраны педагагічнай працы не сядзяць без справы, — адзначае старшыня гаркама галіновага прафсаюза І.А.Жак. — Колішнія педагогі і кіраўнікі з радасцю дзеляцца жыццёвым вопытам з моладдзю, арганізоўваюць цікавыя сустрэчы і экскурсіі, удзельнічаюць у грамадска карыснай дзейнасці.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.