Зялёная лабараторыя

Ці каштавалі вы ківана? А вось навучэнцы гімназіі № 5 Гродна гэтай восенню змаглі не толькі ўбачыць незвычайны афрыканскі агурок, які яшчэ называюць рагатай дыняй, але і пакаштаваць яго. А вырасцілі экзатычную расліну ў гімназічнай цяпліцы.

Cтварылі цяпліцу яшчэ ў сярэдняй школе № 21, на базе якой утварылася гімназія № 5. Дапамагалі ў гэтым шэфы — спецыялісты прадпрыемства “Зелянбуд”, супрацоўніцтва з якім працягваецца і зараз.

Сёння гімназія № 5 мае эстэтычны ўхіл. Тут працуюць класы харэаграфічнай, музычнай, мастацкай, тэатральнай накіраванасці.

— Для нашых творчых дзяцей і настаўнікаў цяпліца, якая задзейнічана на працягу ўсяго года, становіцца і месцам рэлаксацыі, і месцам яднання з прыродай, — гаворыць дырэктар гімназіі Вольга Генадзьеўна Хітрушка. — І, канечне, месцам, дзе праводзяцца ўрокі біялогіі і вядзецца навукова-даследчая работа.

У цяпліцы налічваецца 50 відаў раслін. Частка з іх выкарыстоўваецца настаўнікамі на ўроках біялогіі як дэманстрацыйны матэрыял пры вывучэнні новай тэмы, як раздатачны матэрыял на лабараторных і практычных работах. Вырашчанай у цяпліцы расадай кветак упрыгожваюць тэрыторыю гімназіі і вакол яе.

— Наша цяпліца — гэта і своеасаблівая зялёная лабараторыя, якая служыць базай правядзення з навучэнцамі эксперыментальна-даследчай дзейнасці ў рамках секцыі “Флора” навуковага таварыства гімназіі “Карыфей”, — расказвае настаўніца біялогіі Юлія Данілаўна Абуховіч. — Юныя даследчыкі праводзяць феналагічныя назіранні, вывучаюць асаблівасці росту і заканамернасці развіцця хатніх раслін, уплыў фактараў асяроддзя на іх развіццё, праводзяць доследы і эксперыменты па фізіялогіі раслін, засвойваюць асновы навукова-даследчай работы. Так, у гэтым годзе паставілі эксперымент па вырошчванні афрыканскага агурка. Першыя плады атрымалі ў жніўні. Карысць гэтых доследаў заключаецца ў тым, што яны паглыбляюць веды па батаніцы, выхоўваюць цікаўнасць, садзейнічаюць развіццю цікавасці да батанікі.

На базе гімназічнай цяпліцы праходзяц­ь факультатыўныя заняткі “Юны эколаг” і “Юны кветкавод”. Тут кожны можа выбраць для сябе цікавы занятак і атрымаць карысныя навыкі: як правільна абрэзаць і паліць расліны, падрыхтаваць глебу і ёмістасці для расады.

Летам у цяпліцы арганізавана працоўная практыка навучэнцаў 5—8 класаў. А яшчэ цяпліцу з вялікай радасцю наведваюць падапечныя аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Гродна.

— Мы бачым сваю цяпліцу і як цэнтр рэлаксацыі, прыгожы куточак для адпачынку і псіхалагічнай разгрузкі, — працягвае Юлія Данілаўна. — Для рэалізацыі задум рыхтуем праект і спадзяёмся атрымаць фінансаванне. А марым мы аб вырошчванні дэкаратыўных раслін з наступным выкарыстаннем іх для азелянення горада, можна было б атрымліваць натуральныя фарбы з раслін для стварэння навучэнцамі батыкаў. Гэта вельмі важна для дзетак, у якіх ёсць алергічныя рэакцыі. А яшчэ можна хрома- і ароматэрапію выкарыстоўваць — лячэнне колерам і водарам раслін.

А пакуль гімназічная цяпліца застаецца месцам прыцягнення вучняў і настаўнікаў. Водар з яе адчыненых дзвярэй могуць адчуць усе, хто праходзіць побач. І так круглы год.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.