Кулінарны майстар-клас

У Гомельскай Ірынінскай гімназіі правялі незвычайны майстар-клас па роспісе пернікаў.

Хлопчыкі і дзяўчынкі вучыліся кулінарнаму майстэрству ў юнага кандытара Мікіты Моцара. Мікіта вучыцца ў 11 класе гомельскай сярэдняй школы № 1, а яго маці  працуе ў гімназіі. Цікавасць да кандытарскіх тэхнік з’явілася ў хлопца яшчэ ў 9 класе. Узнікла раптоўна і вельмі захапіла. Паколькі ў сям’і прафесійна ніхто не валодае гэтым май­стэрствам, настойлівы Мікіта пачаў вучыцца пры дапамозе інтэрнэту — праглядаў шматлікія відэа, шукаў цікавыя рэцэпты, спрабаваў працаваць з цестам і ўпрыгож­ваць сваю выпечку.

Пра свой шлях пазнання кандытарскага мастацтва малады чалавек расказаў удзель­нікам майстар-класа, а таксама падзяліўся з імі некаторымі сакрэтамі і хітрыкамі прафесійных кандытараў, даў некалькі парад гаспадыням і растлумачыў прынцып работы з глазурай. Пасля ў аўдыторыі закіпела праца, быццам у кандытарскім цэху. Кожны госць атрымаў спечаны юным майстрам імбірны пернік і набор рознакаляровай глазуры. А далей — струмень крэатыву і фантазіі.

Цікава, што на майстар-клас да Мікіты прыйшлі не толькі гімназісты, але і іх бацькі і педагогі Ірынінскай гімназіі. Заняткі прыйшліся даспадобы дарослым і дзецям. Было цікава назі­раць, як уважліва і сканцэнтравана працавалі над роспісам дзеці, кожны хацеў, каб яго пернік атрымаўся лепшым. Бацькі недзе падказвалі, дапамагалі і проста атрымлівалі задавальненне ад таго, што праводзяць час са сваімі дзецьмі, могуць вось у такіх вольных абставінах пагутарыць з настаўнікамі. Асобную падзяку Мікіта як арганізатар майстар-класа атрымаў ад татаў, якія ўдзельнічалі ў мерапрыемстве і з захапленнем, не меншым, чым дзеці, распісвалі імбірны дэсерт.

Такі майстар-клас прайшоў у Гомельскай Ірынінскай гімназіі ўпершыню, а таксама стаў дэбютным для юнага кандытара Мікіты Моцара. Цяпер, здаецца, гэтае мерапрыемства хутка будзе ўнесена ў спіс гімназічных традыцый.

Наталля ЛУТЧАНКА.