На шахматным алімпе

Сярэдняя школа № 1 Маларыты стала месцам правядзення спаборніцтваў па шахматах, якія праходзілі ў рамках раённай спартакіяды вучняў. За званне лепшага шахматыста змагаліся хлопцы і дзяўчаты 2003 года нараджэння і маладзейшыя. Спаборніцтвы праходзілі па кругавой сістэме.

Сярод хлопцаў у індывідуальным заліку наймацнейшым шахматыстам прызнаны Артур Голуб з сярэдняй школы № 1 Маларыты. Ён паказаў прыгожую гульню, умела будаваў камбінацыі на дошцы. Сярэбраным прызёрам стаў Мікіта Сезік з Маларыцкай раённай гімназіі. Замкнуў тройку лідараў Андрэй Гаркаўчук з Лукаўскай сярэдняй школы.

Сярод дзяўчат у напружанай барацьбе лепшай шахматысткай аказалася Юлія Федарук з сярэдняй школы № 1 Маларыты. На другой прыступцы — Святлана Нушчык з Ланской сярэдняй школы, на трэцяй — Лізавета Паско з Маларыцкай раённай гімназіі і Аляксандра Касачук з Дарапеевіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы.

У агульнакамандным заліку лідарам спаборніцтва стала каманда сярэдняй школы № 1 Маларыты (кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Шахматны гурток” Ігар Якубчык). 2-е месца занялі юныя шахматысты з Маларыцкай раённай гімназіі (кіраўнікі каманды — настаўнікі фізічнай культуры і здароўя Кацярына Саломнікава і Уладзімір Яромкін), 3-е месца — вучні Ланской сярэдняй школы (кіраўнік каманды — настаўнік фізічнай культуры і здароўя Аляксандр Крэнь).

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.