Утаймавальнікі часу

Наш час — вельмі каштоўны рэсурс, які немагчыма вяр­нуць назад і, абдумаўшыся, перазапоўніць нечым іншым, больш важным і значным. Час напаўняецца без чарнавікоў толькі начыста, таму да яго выкарыстання варта ставіцца сур’ёзна, абдумана. Час можна параўнаць з тортам, на якім намаляваны цыферблат, а пражыванне часу жыцця — з дзяленнем і паяданнем кавалкаў гэтага торта з рознымі праслойкамі і начынкамі. Якія сакрэты важна ведаць чалавеку, каб быць адаптаваным у часе, з толкам пражываць мінуты, гадзіны, дні, гады? Чаго асцерагацца? Да чаго імкнуцца?

Пачнём разважаць разам і паступова адказваць на гэтыя пытанні. Адзін з сакрэтаў часу — суб’ектыўнасць яго ўспрымання, залежнасць ад сітуацыі. У прыемных і лёгкіх справах час паскараецца, у цяжкіх або непрыемных — расцягваецца. Людзі адрозніваюцца паводле схільнасці засяроджвання сваіх думак, пачуццяў у розных часавых прасторах: адны лу­наюць больш у мінулым, другія накіраваны ў будучыню, а трэція жы­вуць толькі сённяшнім днём. Людзей можна раздзяліць на дзве групы, якія ярка адрозніваюцца: прыхільнікаў метафары “праз час” (уяўляюць вобразы мінулага і будучыні перад сабой, быццам бы гледзячы на іх збоку) і прыхільнікаў метафары “ў часе” (уяўляюць час у выглядзе нейкай прамой, якая прахо­дзіць ззаду і наперадзе). Чалавек, які добра ўяўляе сабе часавую вось, можа быць добрым дыспетчарам, сакратаром. А вось суб’ект, які менш дакладна яе ўяўляе, не бачыць асаблівага сэн­су ў рэжыме дня, можа прапус­каць назначаныя сустрэчы. Найбольш ярка гэтыя адрозненні паміж людзь­мі выявяцца ў выніку міжкультурных узаемадзеянняў. Заходні чалавек схільны ўспрымаць час лінейна, як прамую, уздоўж якой ён рухаецца (што было, што ёсць, што будзе). Канцэпцыя часу ўсходу — сучас­насць, якая доўжыцца вечна, і мінулае, якое знаходзіцца па-за намі. Розніцу паміж заходнім і ўсходнім спосабамі ўспрымання часу можна растлумачыць і асаблівасцямі міжпаўшарнага ўзаема­дзеяння кары галаўнога мозга.

Калі гаварыць пра ўспрыманне часу, то левае паўшар’е заўважае яго ход, фіксуючы вынікі нашай актыўнасці, мэты, якія плануюцца і дасягаюцца (заходні спосаб “праз час”); правае паўшар’е схільна заўважаць ход самога працэсу дзейнасці і пачуцці, перажыванні, якія з ім звязаны (усходні спосаб “у часе”). У кожнага тыпу свае перавагі і складанасці. Сучасныя падручнікі па тайм-менеджменце будуць больш карыснымі пераважна левапаўшарным людзям. Аднак структураваныя і схільныя да дакладнага планавання людзі з вялікай цяжкасцю і дыскамфортам будуць успрымаць розныя непрадбачаныя сітуацыі. А прадстаўнікі правапаўшарных часта маюць у жыцці адчуванне радасці, камфорту, напоўненасці. Але дасягненне мэты часта адыходзіць у іх на другі план. Таму той, хто адчувае сябе ў часе па-ўсходняму, можа сам ста ць стрэсам для кіраўніка і калег. Узгодненая работа левага і правага паўшар’яў — эфектыўны шлях пасябраваць з часам, зрабіць яго сваім саюзнікам.

Спосаб першы — візуалізацыя: кожную справу, задачу, напрыклад, на тры найбліжэйшыя дні, запісвайце на асобных сама­клейных лістках і прымацуйце іх на паверхні, дзе будзеце выдатна іх бачыць.

Спосаб другі — сартаванне: рассартуйце запісаныя вамі справы на тэрміновыя, неадкладныя, з выкананнем якіх можна пачакаць. Сартуйце і па іншым прынцыпе — індывідуальнае выкананне і неабходна падключэнне іншых. Абодва прынцыпы сартавання можна аб’ядноўваць.

Спосаб трэці — творчы падыход да руцінных задач. Разам са знаходжанем новых шляхоў вырашэння наш выйгрыш — добры настрой, паляпшэнне адносін з калегамі, вучнямі, бацькамі. Арганізоўвайце святы, латарэі, фотакуткі, спаборніцтвы. Мы памятаем, што творча і добразычліва настроеныя людзі заўсёды прыцягваюць такога роду ўзаемнасць.

Каб зрабіць крокі да больш рацыянальнага выкарыстання часу, папрактыкуемся ў пошуках уласных рэсурсаў. Перш за ўсё сумленна адкажам сабе на пытанні:

  1. У мяне вельмі мала часу, таму што…
  2. У мяне было б больш часу, калі б…
  3. Я расходую вельмі многа часу марна, таму што…
  4. Я вельмі мала магу ўплываць на планаванне свайго часу, таму што…

Паразважаўшы над гэтымі пытаннямі, мы высветлім, якія перашкоды не даюць нам правільна і эфектыўна арганізоўваць свой час.

У вызначэнні сваіх часавых рэзерваў нам дапаможа наступны практычны крок. Складзём спіс галоўных растратчыкаў свайго часу і праранжыруем яго па ступені значнасці. Спіс можа змяшчаць, напрыклад, такія пункты:

  1. Тэлефонныя званкі.
  2. Паведамленні ў Viber.
  3. Зносіны ў сацыяльных сетках.
  4. Нерацыянальная паслядоўнасць спраў.
  5. Адсутнасць планавання дня.
  6. Недахоп умення слухаць іншых.
  7. Выпраўленне памылак, якіх можна было пазбегнуць.
  8. Нерашучасць.
  9. Іншае.

Дапоўніце спіс сваімі пунктамі. Знойдзеная праблема — ужо не праблема, а пляцоўка для нашага творчага пошуку і самаўдасканалення. І яшчэ некалькі важных думак, якія тычацца часу і ўзаемаадносін з ім:

ü Часавая разбалансіроўка можа сігналізаваць пра каштоўнасна-сэнсавую разбалансіроўку. Іншымі словамі, той, хто заўсёды спазняецца, не паспявае, зрывае тэрміны, магчыма, займаецца не сваёй справай, імкнецца да памылковых мэт.

ü Для вырашэння праблемы, сапраўды важнай для чалавека, ён, як правіла, знаходзіць час. Недахоп часу, які заяўляецца, можа быць сігналам абыякавасці, што ўтойваецца.

ü Часта фарсіраванне або зацягванне часу з’яўляецца любімай зброяй маніпулятараў.

Звернем увагу і на народную мудрасць, якая раіць нам не ўпадаць у крайнасці і, шануючы час, не зрабіць сябе рабом часу і работы: “Работа не воўк, у лес не ўцячэ”. Калі гаварыць сур’ёзна, то ёсць від залежнасці, якая выяўляецца ў суб’ектыўным адчуванні пастаяннага недахопу часу і страху не паспець. Называецца такі від залежнасці ўргентная адыкцыя. Людзям з такой залежнасцю ўласцівы наступныя асобасныя характарыстыкі:

  • жаданне кантраляваць час і ўсведамленне немагчымасці па­дпарадкаваць сабе ход падзей; чым бы ні займаліся такога роду адыкты, яны пастянна сочаць за часам, іх жыццё падзелена на параўнальна кароткія (аж да дзесяцімінутных) часавыя інтэрвалы; выкананне прафесійных абавязкаў адбываецца на шкоду задавальненню патрэб у адпачынку і на шкоду міжасобасным адносінам;
  •  прыняцце абсалютна ўсіх патрабаванняў, якія тычацца прафесійнай дзейнасці; ургентныя адыкты пагаджаюцца выконваць дадатковую работу ў любы — нават святочны — час;
  • страта здольнасці радавацца жыццю ў сучаснасці, зацыкле­насць на задачах будучыні або няўдачах мінулага; ургентны адыкт пастаянна засяроджаны на бясконцых праблемах і задачах, якія яму трэба вырашыць у будучыні, на разважанні пра няўдачы і расчараванні нядаўняга мінулага;
  • страх будучыні; імкненне адкладаць на будучыню (звычайна на няпэўную) рэалізацыю сваіх мэт і жаданняў у спалучэнні з адчуваннем таго, што час ідзе;
  • хранічнае ігнараванне базавых патрэб. Ургентны адыкт, выконваючы прафесійныя абавязкі, пазбаўляе сябе часу, неабходнага для задавальнення ўласных патрэб і патрэб, звязаных з сям’ёй, дзецьмі, дамашнімі справамі.

Феномен ургентнай залежнасці вывучаецца беларускімі псіхолагамі. Яны адзначаюць, што прычынамі ўргентнай залежнасці могуць быць выстаўленне вялікай колькасці задач пры незавершанасці папярэдніх; пападанне ў сітуацыі, калі неабходна выра­шыць некалькі задач у абмежаваны час, што прыводзіць да страху не паспець зрабіць тое, што патрабуецца; частая змена мэт; бясплённае фантазіраванне і няўдалыя прагнозы ў адносінах да развіцця сітуацыі, якія зага­няюць чалавека ў цэйтнот. Як паказ­ваюць даследаванні, ургентная адыкцыя часцей за ўсё назіраецца ў мужчын перыяду позняй сталасці (41—55 гадоў) і ў жанчын перыяду сярэдняй сталасці (26—40 гадоў). Даследчык у залежнасці ад асаблівасцей самарэгуляцыі і асаблівасцей выяўлення гэтай залежнасці вылучае тры тыпы ўргентных адыктаў: плануючых, немадэлюючых і нягібкіх. Як жа змагацца з ургентнай залежнасцю? Для таго каб вызваліцца ад хранічнага стрэсу з прычыны выкарыстання часу, трэба пазбавіцца страху перад неструктураваным, не запоўненым дзейнасцю часам. Трэба запаўняць свой дзень не толькі работай, але і адпачынкам, зносінамі з блізкімі. Можна, напрыклад, запланаваць паездку на прыроду, паход у госці, чытанне — любы занятак, які даўно адкладваўся з-за неабходнасці ўдзя­ляць свой час рабоце.

Успомнім эпізод з “Маленькага Прынца” Антуана дэ Сент-Экзюперы. Ён гучыць вельмі мудра і адкрывае нам вочы на здаровыя адносіны да выкарыстання часу. Аднойчы Маленькі Прынц сустрэў гандляра, які прадаваў дзейсныя пілюлі ад смагі. Праглынуўшы адну пілюлю, цэлы тыдзень зусім не адчуваеш патрэбы піць.

— Чаму ты прадаеш іх? — спытаўся Маленькі Прынц.

— Гэта вялікая эканомія часу, — адказаў гандляр. — Спецыялісты зрабілі разлікі. За ты­дзень сэканоміш пяцьдзясят тры мінуты.

— І што рабіць у гэтыя пяцьдзясят тры мінуты?

— Можна рабіць што хочаш…

— Калі б у мяне былі пяцьдзясят тры мінуты лішнія, — сказаў Маленькі Прынц, — я няспешна б адправіўся да фантана…

Будзем выкарыстоўваць час для атрымання асалоды ад даброт жыцця, якія ў нас ужо ёсць. Не бу­дзем фанатычна ўключацца ў вечную пагоню за міфам пра шчасце, якое ўцякае. Трэба азірнуцца. Яно ўжо ў нас ёсць і знаходзіцца побач. Калі вельмі добра або дрэнна, успомнім, што ўсё мінае, набываючы сілы для цярплівасці, або яшчэ мацней узрадуемся добрым па­дзеям, якія напаў­няюць наш час тут і зараз.

Святлана РАДЗЬКОВА.