Песня песень па-беларуску

Мінулае стагоддзе абрэзала многае спрадвечнае, што раней звязвала паміж сабой нашы вёскі, гарады і пакаленні. Не стала выключэннем традыцыйнае вяселле. Моладзь дзесяцігоддзямі агітавалі адмовіцца ад старых звычаяў, пераконвалі ў перавагах грамадзянскай рэгістрацыі шлюбу перад вянчаннем, а цяпер і рэгістрацыю многія лічаць неабавязковай. Сёння маладыя самі вырашаюць, як будуць святкаваць вяселле і ці будуць увогуле, — усё ж такі хочацца незабыўна адзначыць нараджэнне новай сям’і. У трэндзе — экзотыка, у актыве — рэсурсы інтэрнэту, паслугі шматлікіх фірм-пасрэднікаў. Толькі выязной рэгістрацыяй шлюбу, фотасесіяй у знакамітым музеі або батанічным садзе, лімузінам, феерверкам, нават падарожжам на дваіх у далёкія краіны спрактыкаванага сучасніка здзівіць цяжка. Як і папулярным сакральным забеспячэннем сямейнага шчасця — няважна, будуць гэта паслугі астролага або майстра фэн-шуй. Так ці інакш, але маятнік хістануўся ў адваротным напрамку. Усё часцей маладыя пары спрабуюць арганізаваць сваё свята па-беларуску. Атрымліваецца надзвычай цікава, крыху таямніча, амаль заўсёды весела і запамінальна — нядзіўна, што ўдалы фармат прыжываецца.

Якім жа насамрэч было вяселле сто і больш гадоў назад? Што зашыфравана ў традыцыйным народным абрадзе? Чым ён адрозніваўся ў розных раёнах і вёсках? На Віцебшчыне знайсці адказ на гэтыя пытанні складаней, чым у іншых рэгіёнах, — жывыя мясцовыя абрады тут мала дзе захаваліся, і прасцей — ёсць да каго звярнуцца па дасведчаную кансультацыю, бо намаганнямі работнікаў культуры і адукацыі (у немалой ступені) збіранне і захаванне народных традыцый тут даўно ператварылася ў арганізаваны масавы рух. А яшчэ дзякуючы ўнікальнаму абласному святу-конкурсу “Вялiкая вясельнiца”, якое штораз прыцягвае ўвагу новымі фальклорнымі знаходкамі і адкрыццямі. З 2015 года цэнтральнай падзеяй фэсту стала рэканструкцыя аўтэнтычнага вяселля. Сёлета ў гарадскім пасёлку Ушачы паказвалі вяселле, адноўленае па матэрыялах Ушацкага, Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Такім яно магло б быць у сапраўднасці на пачатку мінулага стагоддзя…

Нічога выпадковага

Калі параўноўваць сучаснае вяселле з традыцыйным, то адразу відаць розніцу. Раней парушаць ход вясельных абрадаў было нельга, бо кожнае дзеянне ўдзельнікаў урачыстасці мела сімвалічнае і нават магічнае значэнне. Таемны, сакральны сэнс абрадаў перадаваўся з вуснаў у вусны. У мінулым стагоддзі такія веды сярод моладзі станавіліся незапатрабаванымі і паступова знікалі. Разам з тым самі вяселлі людзі назіралі з дзяцінства, запаміналі вясельныя звычаі як цікавыя святочныя забавы — гэта захавалася лепш. І сёння ці не ў кожнай сям’і ёсць знаўца, які можа растлумачыць, у якой паслядоўнасці трэба арганізоўваць вяселле. Але навошта менавіта так — не факт, што гэты чалавек адкажа. Форма без зместу — не больш чым сцэнарый, які лёгка змяніць ці замяніць. Між тым у традыцыйным вяселлі нічога выпадковага: любыя адступленні ад канона могуць непапраўна нашкодзіць жаніху, нявесце, іх сваякам і аднавяскоўцам.


Паводле народных уяўленняў, час для вяселляў дакладна прадвызначаны. Недапушчальна правядзенне ўрачыстасцей у пост, але пад забаронай, напрыклад, і перыяд з 7 па 21 студзеня — “крывыя вечары”, калі гуляюць “воўчыя вяселлі”. Вясельная пара доўжылася ўвосень ад Багача да Піліпаўкі, узімку — ад Хрышчэння да Масленіцы, у першую нядзелю пасля Вялікадня (“чырвоная горка”) і летам паміж Пятровым і Успенскім пастамі. Пажадана святкаваць на маладзік ці поўню, нельга — у сераду і пятніцу. Аднімаем яшчэ дні памінання памерлых — і атрымліваецца, што выбар дзён для правядзення ўрачыстасцей не такі і вялікі. Найбольшая колькасць шлюбаў адзначалася пасля збору ўраджаю, з 14 кастрычніка да 28 лістапада. Гэты час так і называўся — “вялікай вясельніцай”.

Як нявесту сваталі

Традыцыя беларускага вяселля прадугледжвае тры этапы: давясельны (да некалькіх тыдняў), вяселле (ад трох дзён да тыдня) і паслявясельны (да года). Восенню сватацца пачыналі з 26 верасня. Пасля ўдалых агледзін (у дом будучай нявесты як выпадковы госць завітваў аўтарытэтны “засланец” з боку жаніха, вёў далёкія ад вясельнай тэматыкі размовы і тым часам пільна прыглядаўся да дзяўчыны і яе паводзін) і даведак (іх яшчэ называлі вызнаннямі, допытамі: у дом нявесты з хлебам-соллю, як сёння сказалі б, неафіцыйна прыходзіла пажылая сваячка; яе задача — высветліць, ці згодна сям’я на вяселле) адпраўляліся ў сваты. Прычым звычайна ў аўторак, чацвер, суботу, часцей за ўсё мужчыны — родны або хросны бацька, дзядзька, брат жаніха, абавязкова жанатыя і не ўдаўцы. Часам у сватанні ўдзельнічала шчаслівая ў сямейным жыцці сваячка жаніха, радзей — яго маці, вельмі рэдка — сам жаніх.


Вялікае значэнне надавалася прыметам. Так, ехалі сваты агародамі ды задворкамі, без прыпынкаў і моўчкі. Ад брамы да парога дома нявесты стараліся прайсці найхутчэй. Калі ўваходзілі ў дом, дзверы адразу бралі на кручок і да завяршэння размовы нікому іх не адчынялі — рабілася ўсё магчымае, каб засцерагчыся ад ведзьмакоў, сурокаў і рознай нечысці. Перад пачаткам змовы сват грэў рукі ў печы, выказваючы павагу дому і дзядам. Калі сватанне праходзіла паспяхова, услед за ім праводзілі заручыны (згода на шлюб пацвярджалася ў прысутнасці вялікага кола сваякоў, абмяркоўваліся дата вяселля, пасаг, колькасць гасцей), агледзіны (цяпер у госці да жаніха завітвалі родныя нявесты, каб пераканацца ў заможнасці будучых сваякоў). Нарэшце, наставала традыцыйная зборная субота — і справа даходзіла да вяселля: “Святы Багуслаў дружкі разаслаў, а на Пакровы дзеўка гатова”.

У добры час, на добрае жыццё

Падчас рэканструкцыі ва Ушачах у цэнтры ўвагі, зразумела, маладыя, Іван ды Мар’я. Паводле сцэнарыя, жаніх паходзіць з заможнай сям’і Глыбоцкага раёна, нявеста мясцовая, з Ушаччыны. Два памяшканні раённага Дома рамёстваў ператварыліся ў сялянскія хаты. Так і святкуюць: асобна госці жаніха і нявесты. Ля хаты Івана моладзь завіхаецца, упрыгожваючы яркімі стужкамі і кветкамі фурманку. А ў хаце запраўляе зухаваты сват. За багатым сталом (праграмуе дастатак у новай сям’і) збіраюцца музыканты і госці, гучыць доўгачаканае: “Бацькi, благаславiце дзiця сваё ў дарогу”. З гэтымі словамі свата жаніх становіцца на разасланы кажух, бацькі з іконай і грамнічнай свечкай благаслаўляюць яго на сямейнае жыццё, сёстры тройчы абводзяць вакол стала (каб засцерагчы ад нечысці і нядобрых людзей), госці па чарзе ўручаюць падарункі. Фурманка гатова, вясельны шумны поезд з песнямі накіроўваецца да маладой. Яго чакаюць: з раніцы пад абрадавыя песні Марыю прыбіраюць да вянца сяброўкі нявесты і дарослыя жанчыны. Дзяўчына засмучана: як будзе ў чужой хаце? Хаця слёзы маладой на вяселлі — прымета добрая: чым больш выплача, тым менш давядзецца іх ліць у замужжы. Абрад праводзін нявесты падобны да жаніховага: хросная маці благаслаўляе на шчасце, брат тройчы абводзіць вакол стала, госці ўручаюць падарункі, гучаць песні, пачынаюцца застолле, танцы… і нечакана з’яўляюцца “чужынцы”. Жаніха і кампанію сустракаюць амаль варожа, Манечку не выпускаюць, спрабуюць адкупіцца падстаўной нявестай. Зразумела, у рэшце рэшт закаханыя адпраўляюцца да вянчання.


Шлях жаніха да дома нявесты, а потым ужо маладой пары, што вяртаецца пасля вянчання, няпросты: каманда з Шаркаўшчынскага раёна даўно падпільноўвае іх з “рагаткамі”; не адкупішся — не праедзеш. Чым больш “рагатак”, тым лепш будуць жыць маладыя. Дрэнна, калі ніхто не спыняе. Ля дома жаніха фінальная “рагатка” — брама, па глыбоцкай традыцыі. Вясельны абрад у доме жаніха прадугледжвае не толькі шчодрае застолле, але і мноства выпрабаванняў для маладых. Іван ды Мар’я пры дапамозе сватоў і дружыны лёгка спраўляюцца з іспытамі. Без ваганняў нявеста садзіцца на накрытую кажухом дзяжу — госці перагаворваюцца ўхвальна: так можа зрабіць толькі цнатлівая дзяўчына — інакш чакай вялікай бяды, мору скаціны сама меней. Звычнага вясельнага букета няма, замест яго нявеста кідае сяброўкам клубок: “Кацiцеся за мной замуж клубочкам”. Нечаканае ў традыцыйным вясельным дзействе — прапанова “задобрыць ваўчыцу”: у гэтай ролі каларытна выступае маці жаніха, а падарункамі яе задобрываюць госці з боку нявесты. І “ваўчыца” ператвараецца ў клапатлівую другую маці — тую самую, якая крыху раней з пяшчотай і радаснай надзеяй знімае з нявесты вэлюм і завязвае хустку — знак замужняй жанчыны, гаспадыні.

Акрамя рэканструкцыі, свята “Вялікая вясельніца” прадугледжвала творчую конкурсную праграму калектываў і асобных выканаўцаў, выставу вясельных куткоў, кансультацыі і выступленні вядучых вучоных-фалькларыстаў і ўпершыню прэзентацыю абрадавых страў. Дзе і навошта на Віцебшчыне пякуць да вяселля рагаты і кветкавы караваі, як згатаваць полацкія цымбрыкі, фірменнага расонскага фаршыраванага шчупака, салодкага барана па-пастаўску і іншыя вясельныя прысмакі — чытайце ў наступным выпуску.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці.