Рыхтуючыся да лета, мы загадзя сталі думаць, як будуць гуляць нашы выхаванцы, а галоўнае — з чым? Набыць новае спартыўнае абсталяванне не заўсёды магчыма, а вось праявіць фантазію і творчасць, зрабіць штосьці сваімі рукамі — гэта нам пад сілу.
Утулка ад клейкай паперы ператвараецца ў гімнастычную палку для развіцця рухальных навыкаў. З кардоннай тубы атрымліваюцца бярвенцы для пераступання. Непрыдатныя мячы, разрэзаныя напалову, ператвараюцца ў купіны для пераступання, пераскоквання, бегу праз бар’еры. З частак абруча і малых пластмасавых мячоў атрымліваюцца рознакаляровыя гантэлі для выканання агульнаразвіццёвых практыкаванняў. Вялікі абруч з нацягнутай стужкай-гумкай запрашае дзяцей у гульню “Павуцінне” для развіцця спрыту і гібкасці. Пашыты са шматкоў парашут выкарыстоўваецца для спакойных гульняў, гульняў-сюрпрызаў, сінхронных практыкаванняў. Яркае сонейка з рознакаляровымі промнямі дазваляе развіваць у выхаванцаў уменне рухацца па крузе, гуляць у гульні рознай рухавасці.
Нетрадыцыйнае абсталяванне мае перавагу ў тым, што яно ў поўнай меры бяспечнае, яго лёгка выносіць на гульнявы ўчастак у летні перыяд, зручна мыць і захоўваць. І па такім прынцыпе бацькі з дзецьмі дома могуць зрабіць такое ж гульнявое абсталяванне.
Ілона СІНЯК,
кіраўнік фізічнага выхавання ДЦРД № 2 Дзятлава Гродзенскай вобласці.
Фота аўтара.