Шывок за шыўком

Зноў вяртаецца мода на вырабы, зробленыя сваімі рукамі. Калісьці розныя вышыўкі, тканыя вырабы, вырабы з саломы ўпрыгожвалі дамы нашых бабуль, а зараз і сучасныя дзяўчынкі з іх дапамогай робяць утульнымі свае кватэры, дамы, дораць розныя вырабы сябрам і знаёмым.


Павышаная цікавасць вучаніц да розных відаў рукадзелля толькі радуе. Дзяўчынкі нашай установы адукацыі спрабуюць сябе і ў бісерапляценні, і ў вышыванні, лепяць з салёнага цеста, вырабляюць тапіярыі.

Абапіраючыся на свой педагагічны вопыт, магу адзначыць: чым больш работа адпавядае інтарэсам вучняў, тым большая ў іх магчымасць праявіць сваю індывідуальнасць, а для настаўніка гэта магчымасць павысіць узровень навучанасці і выхаванасці дзяцей праз цікавасць да прадмета.

Многіх дзяўчынак нашай установы зацікавіла вышыўка крыжыкам. На першы погляд гэта не складаная работа, але менавіта яна дае дзецям магчымасць для самавыяўлення, абуджае фантазію, выхоўвае мастацкі густ, духоўна абагачае. Дзяўчынкі адзначаюць, што вышыванне фарміруе ў іх настойлівасць, цярпенне і акуратнасць у рабоце. Яны лічаць, што валоданне ручной вышыўкай можа спатрэбіцца ім у працоўнай дзейнасці і жыцці.

Любое майстэрства — гэта гарманічнае спалучэнне ведаў, уменняў і творчасці. Яно фарміруецца ў школьнікаў з ранніх гадоў на ўроках працоўнага навучання ў пачатковых класах, на ўроках абслуговай працы ў 5—9 класах, на занятках па інтарэсах “Умелыя ручкі” ў нашай установе, падчас індывідуальнай работы з вучнямі, якім патрэбна дапамога ў авалодванні тым ці іншым відам майстэрства.

Вучні ведаюць, што работы, якія яны выконваюць, павінны быць не толькі цікавымі, але і карыснымі, каб, зрабіўшы іх, можна было ганарыцца вынікам.

Выбар аб’екта працы — заўсёды складаная задача. Таму мы дзейнічаем па прынцыпе адзінства карысці і эстэтыкі вырабаў, каб яны былі пасільнымі і прывабнымі. А пры знаёмстве з тэарэтычным матэрыялам самы правільны шлях — вывучыць тэхналагічныя звесткі і аперацыі на прыкладзе выканання карыснага, прыгожага і цікавага вучням вырабу.

Дапамагае ў рабоце простае правіла: веды можна набываць з падручнікаў, а майстэрству навучыць толькі настаўнік. Таму вельмі карысна, калі вучаніцы назіраюць за работай настаўніка і паслядоўна выконваюць усе тэхналагічныя аперацыі.
Важным момантам з’яўляецца калектыўнае абмеркаванне эскізаў для вышывання, магчымых цяжкасцей у рабоце, іх аналіз, унясенне неабходных выпраўленняў. Гатовыя вырабы таксама абмяркоўваюцца, што садзейнічае павышэнню патрабавальнасці да сябе. Вырабы кожнай вучаніцы: мастацкая вышыўка, пано, цацка дэманструюцца на школьнай выставе. Гледзячы на свае работы, дзяўчынкі лепш разумеюць іх практычную і эстэтычную каштоўнасць.

Работы вучаніц упрыгожваюць кабінет абслуговай працы. Яны заўсёды выклікаюць захапленне і даюць іх стваральніцам пачуццё гонару.

Алена АБРАМЧЫК,
настаўніца абслуговай працы
Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*