Сталовая для крылатых

У прыродзе заўсёды знойдзеш шмат цікавага, асабліва там, дзе растуць дрэвы. Некалькі дзясяткаў гадоў назад каля сярэдняй школы № 1 Бярозы было пасаджана шэсць прыгожых беластволых бярозак. З цягам часу яны выраслі і сталі прыстанкам для некаторых відаў птушак. Калі школьнікі замацавалі на гэтых дрэвах сем кармушак, то яны вельмі спатрэбіліся маленькім гадаванцам. У зімовы час няпроста выжыць.

Вучні 6 “А” класа сярэдняй школы № 1  Бярозы Рома Лісюк і Уладзіслаў Паўлаў выкладваюць харч у адну з кармушак, прымацаваную на бярозе, якая расце побач з навучальнай установай.

Падчас урокаў па прадмеце “Чалавек і свет” настаўнікі Алена Валянцінаўна Перавошчыкава, Алена Іванаўна Гладкоўская, Вольга Іванаўна Пазняк і вучні 3-х класаў засяроджваюць сваю ўвагу на хатках-кармушках: сочаць за птушкамі, якія прылятаюць сюды, каб падсілкавацца. Вучні заўважылі, што кожная птушка ведае сваю тэрыторыю; асабліва кармушкамі карыстаюцца сініцы, снегіры, вераб’і.

Усе яны не вельмі баяцца чалавека, адносяцца да яго з даверам. А ў хаткі-кармушкі вучні выкладваюць харч самы розны. Птушкі не супраць паласавацца семкамі, белым хлебам. Сінічкі з ахвотай ядуць несалёнае сала. Добра падсілкаваўшыся, птушкі адлятаюць, але недалёка. Праз некаторы час яны зноў з’яўляюцца, бо добра ведаюць сваю “сталовую” на бярозах.

Іван АСКІРКА.
Фота аўтара.


Выхаванцы ясляў-сада № 13 Смаргоні таксама неабыякавыя да крылатых сяброў. У студзені тут прайшла экалагічная акцыя пад назвай “Дапаможам птушкам зімаваць”.

Бацькам было пра­пана­ва­на змайстраваць сваімі рукамі кармушку для птушак. Яны з задавальненнем адгукнуліся на прапанову дапамагчы і на час сталі архітэктарамі, будаўнікамі.

Усе кармушкі былі зроблены з душой. Відаць, што ўсе праявілі творчасць, фантазію і майстэрства. Выкарыстоўвалі для вырабу кармушак разнастайны матэрыял: паперу, пластыкавыя бутэлькі, драўніну, пакеты ад соку.

Дзеці з гордасцю прыносілі кармушкі ў групу. Кожны хацеў падзяліцца сваімі ўражаннямі аб тым, як тата даверыў малаток. Як прыемна дапамагчы даросламу ў такой сур’ёзнай справе, як выратаванне птушак ад галоднай і халоднай зімы.

Кармушкі былі развешаны на тэрыторыі ўстановы. Дзеці з задавальненнем падкормліваюць птушак, праяўляюць тым самым не толькі клопат, але і пашыраюць свае веды аб звычках птушак, асаблівасцях іх знешняга выгляду.

Таццяна ВАСІЛЕЎСКАЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці.