Няма на планеце Зямля ніводнага чалавека, які б не ўсміхаўся пры гуку каляднай мелодыі. Чаканне цуду, шчасця прыходзіць у кожную сям’ю з пачатку снежня. У рамках педагагічнага праекта “Духоўна-маральнае развіццё вучняў пры дапамозе асваення айчынных праваслаўных традыцый у адукацыйным працэсе” вучні Ванялевіцкай сярэдняй школы Капыльскага раёна пачынаюць падрыхтоўку да Новага года і Каляд. Загадзя запланаваны ўсе мерапрыемствы і сустрэчы, працуе фабрыка Дзеда Мароза, праводзяцца рэпетыцыі. Усе заняты і актыўна рыхтуюць сюрпрызы да Каляд.
З энтузіязмам вучні ўпрыгожваюць школу да навагодніх свят сюжэтнымі матывамі. Школа напаўняецца прадчуваннем чарадзейства і зімовай казкі. Калядная шкарпэтка з падарункамі займае ганаровае месца каля ёлкі, а анёл міла паглядвае на ўсё і ўсміхаецца. Ён ведае, што наперадзе ўсіх чакаюць новыя цуды.
Дзеці з цікавасцю развучваюць ролі са сцэн батлейкі. Так! Мы стварылі батлейку. Традыцыйна беларускую, вядомую ў нашых мясцінах лялечную, двух’ярусную. Засялілі яе біблейскімі героямі, і яна ажыла. Усе лялькі, адзенне для іх і атрыбуты святочнага паказу зроблены рукамі саміх дзяцей. Калядныя сустрэчы для ўсіх — сапраўднае адкрыццё. Гэта не толькі песні, вершы і народныя жарты, якія гучаць на свяце, але і лялечныя персанажы, якія расказваюць пра галоўны цуд свята — нараджэнне Хрыста. Для дзяцей стала адкрыццём, што батлейка — адна з самых загадкавых тэатральных з’яў мінулых стагоддзяў. Тут аб’ядналіся абрадавы, магічны, рэлігійны і свецкі тэатр, які так любяць усе. Ён імправізацыйны і сцэнарны. Але галоўнае, ён жывы сваімі думкамі і ўчынкамі. Менавіта тут захаваліся традыцыі, еднасць культур і вераванняў народаў Еўропы. Розныя назвы, але сэнс адзін. У Еўропе — віфліемская скрынка, у Расіі — Віфліем, у Польшчы — шопка, ва Украіне і ў Беларусі — батлейка. Архітэктура батлейкі падобная з мадэллю біблейскага свету. Верх — “рай”, ніз — пекла”. Наша пастаноўка мае рэлігійную тэматыку і называецца “Пакланенне вешчуноў”. Але бываюць і сатырычныя сцэнкі з народнага жыцця, і разыгрываюцца яны на сваім ярусе.
Усе нашы артысты спраўляюцца на выдатна. Яны ўмела працуюць лялькамі, імкнуцца голасам перадаць галоўны сэнс біблейскіх слоў. На паклон дзеці выходзяць сціплыя і крыху сарамлівыя. Гледачы прымаюць іх добра і доўга апладзіруюць. А над батлейкай, высока зверху, ззяе вялікая калядная зорка.
Дзіўны і чароўны свет каляднага цуду ажывае дзякуючы музыцы і тэатральнай пастаноўцы, выкананню песнапенняў і сольным нумарам, якія накіроўваюць прысутных у свет дабрыні, спачування і любові. Усе гэтыя нумары дзеці падрыхтавалі з асаблівым стараннем і разуменнем важнасці таго, што адбываецца. На калядным паказе заўсёды прысутнічаюць госці. Слова прадастаўляецца настаяцелю прыхода Успення Прасвятой Багародзіцы вёскі Васільчыцы айцу Сергію Мархотку. Ён расказвае пра важнасць Каляд для кожнага хрысціяніна. Бацькі, педагогі, вучні ўважліва слухаюць і стараюцца захаваць у душы гэты агеньчык яднання, прыгажосці і ўзаемаразумення. “Ой, калядачкі, блінцы ды аладачкі…” А на наступны дзень абрадавая група вучняў школы, пераапранутая ў беларускае традыцыйнае адзенне, разам з казой адправіцца калядаваць. Жарты, калядныя песні і вясёлыя гульні чакаюць аднавяскоўцаў. Гаспадары заўсёды сардэчна запрашаюць калядоўшчыкаў і дораць ім падарункі. Так мясцовыя жыхары дзякуюць за пажаданні даўгалецця, багацця і дабрыні. Каляды — гэта свята радасці і надзеі.
Яшчэ адзін цуд здзейсніўся: мы змаглі даць другое жыццё беларускім традыцыйным калядным гулянням. Батлейцы — жыць, дабро рабіць!
Валянціна ЯСЮЧЭНЯ,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Ванялевіцкай сярэдняй школы Капыльскага раёна Мінскай вобласці.