Творчасць па законах прыгажосці

Выяўленне і развіццё здольнасцей вучняў з’яўляецца адным з найважнейшых напрамкаў дзейнасці педагагічнага калектыву сярэдняй школы № 7 Навагрудка. З гэтай мэтай у школе працуюць аб’яднанні па інтарэсах, праводзяцца факультатыўныя заняткі, іншыя мерапрыемствы. Асаблівай папулярнасцю ў дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту карыстаецца студыя “Майстэрня моды”.

На занятках у творчай майстэрні ў дзяўчат і юнакоў ёсць магчымасць увасабляць свае ідэі ў жыццё. Навучэнцы тут адначасова і тэхнолагі, і краўцы, і акцёры, і мастакі-мадэльеры, і стылісты.

З першых дзён заняткаў навучэнцы акунаюцца ў атмасферу творчасці. У творчым пошуку асвойваюцца тэхналагічныя прыёмы, ідзе знаёмства з законамі дызайну і элегантнасці. На працягу года навучэнцы не толькі распрацоўваюць эскізы, абмяркоўваюць іх, але і знаёмяцца з гісторыяй беларускага касцюма, з працай таленавітых мадэлье­раў усяго свету. Праектуючы мадэлі, выхаванцы вучацца думаць, увасаб­ляць свае ідэі, жывуць фантазіяй і стварэннем новых вобразаў, вучацца ба­чыць незвычайнае ў самых звычайных прадметах.

Вялікая ўвага на занятках адводзіцца падбору музыкі для дэманстрацыі мадэлей. На гэтым этапе арганізоўваецца работа па стварэнні вобраза ўсёй калекцыі і кожнай мадэлі асобна. Навучэнцы вучацца трымаць сябе на сцэне, правільна падаваць прыдуманы вобраз касцюма. Пад кіраўніцтвам настаўніцы рытмікі Ілоны Ула­дзіміраўны Абялевіч дзяўчаты і юнакі, навучаючыся сцэнічнаму руху і дэфіле, асвойваюць прыга­жосць руху, скла­даюць кампазіцыі, якія ўваходзяць у тэатралізаваны паказ калекцыі.

Наша студыя “Майстэрня моды” існуе сёмы год. Акрамя заняткаў у ёй, дзяўчаты і юнакі прымаюць актыўны ўдзел у жыцці школы, выступаюць на розных святах, мерапрыемствах, на бацькоўскіх сходах, конкурсах, фестывалях.

За час работы “Майстэрні моды” рукамі навучэнцаў створана 8 калекцый. Тэматыка іх разнастайная: ад народных матываў — да сучасных, выкананых у стылі рэтра, мілітары, фэнтэзі.

Выхаванцы студыі з’яў­ляюцца шматразовымі пераможцамі і прызёрамі фестывалю юных мадэльераў і дызайнераў “Жывiца”.

Працуе студыя моды прадукцыйна. За гэты навучальны год створаны дзве разнапланавыя калекцыі. Калекцыя “Девичник” у 2019 годзе ў аглядзе- конкурсе дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” у паўфінале заваявала дыплом ІІІ ступені ў намінацыі “Тэатр моды”. Аўтар калекцыі навучэнка 9 класа Наталля Коршун, адной з характэрных яе асаблівасцей называе арганічнае злучэнне народных матываў з найноўшымі тэндэнцыямі сучаснага адзення.

Калекцыя “Чорна-белае кіно”, прадстаўленая на раённым этапе VII Абласнога фестывалю юных мадэльераў і дызайнераў “Жывiца” ў намінацыі “Крэатыў”, была прызнана лепшай. Аўтары калекцыі Наталля Коршун, навучэнка 9 класа, і Мікіта Барыс, навучэнец 10 класа. Калекцыя выканана ў стылі рэтра.

“Майстэрня моды”, як і любы дзіцячы тэатр моды, дае велізарны прастор для творчасці і самарэалізацыі падлеткаў.

Жанна ПІСАРЭНКА,
настаўніца працоўнага навучання сярэдняй школы № 7 Навагрудка.