З гэтай з’явай мы сутыкаемся пастаянна, можна сказаць, нават штодзённа: і калі знаёмімся з дзяўчатамі (хлопцамі) на вуліцы, і калі едзем у камандзіроўку ў адным купэ з нейкім чалавекам, і калі ідзём з калегай па лесвіцы ў свой офіс… Але ці ведаем пра тое, што, калі едзеш у купэ з нейкім чалавекам, трэба спаць, павярнуўшыся да яго тварам, а не спінай? Ці звяртаем увагу на тое, што мужчына, падымаючыся па лесвіцы ў свой офіс, павінен ісці паперад жанчыны-калегі, а не наадварот? Гэта ўсё, тым не менш, пытанні нашай культуры і этыкету. І мы пра іх часта нават не задумваемся, хаця ад іх у многім залежыць наша жыццё: наш настрой, наша ўспрыманне свету, наша гатоўнасць рабіць нешта лепшае ў гэтым свеце…
Знаёмцеся: Аксана Зарэцкая. Сёння яе часта можна ўбачыць на блакітных экранах у прайм-таймавых тэлешоу, куды яе запрашаюць у якасці эксперта па пытаннях этыкету, яна з поспехам вядзе ў Instagram на гэтую ж тэму блог, на які падпісана больш за 30 тысяч чалавек па ўсім свеце, актыўна супрацоўнічае з друкаванымі СМІ і папулярнымі парталамі, дае інтэрв’ю, дзеліцца прафесійнымі каментарыямі і лайфхакамі… Але яшчэ год назад, прынамсі, мы тут, у Беларусі, пра яе амаль нічога не ведалі, што і нядзіўна: яна знаходзілася далёка ад радзімы, у Швейцарыі, жыла ў Жэневе каля 7 гадоў у статусе жонкі дыпламата, а, вярнуўшыся ў Мінск крыху больш за год назад, заснавала на сёння адзіную свайго кшталту ў Беларусі школу этыкету і культуры Аксаны Зарэцкай. Што канкрэтна ўяўляе сабой гэтая інстытуцыя? Чым займаецца? Як, у якім статусе і дзеля каго працуе? Якое найбольш карэктнае тлумачэнне паняцця этыкету і як карэлюецца яно, напрыклад, з такімі паняццямі, як этыка і культура? Ці належна папулярызуюцца нормы этыкету ў нашай краіне сёння? Пераважна якімі інстытутамі — сям’ёй, школай, грамадскасцю? І ці ёсць у гэтым сэнсе пазітыўныя зрухі ў параўнанні з папярэднімі часамі? З гэтымі і іншымі пытаннямі мы звярнуліся да культурнага эксперта і спецыяліста па этыкеце Аксаны ЗАРЭЦКАЙ.
— Спадарыня Аксана, ці правільна я вас прадстаўляю нашым чытачам, называючы культурным экспертам і спецыялістам па этыкеце? І наогул, ці вялікае значэнне мае для вас прафесійная самаідэнтыфікацыя? Не бянтэжыцеся, калі, напрыклад, вас блытаюць з некім іншым у прафесійным сэнсе?
— У прынцыпе правільна. Я назвала б сябе так: культурны эксперт, трэнер па бізнес-камунікацыях. Што тычыцца блытаніны, пра якую вы кажаце, то, насамрэч, такія выпадкі здараліся: аднойчы мяне чамусьці назвалі стылістам, яшчэ неяк — дызайнерам, што было дзіўна. Вуаля. Напэўна, гэта быў проста непрафесіяналізм з боку тых, хто мяне так спрабаваў назваць.
— Раскажыце, калі ласка, пра ваш шлях да гэтай тэмы — культуры, этыкету, бізнес-камунікацый, нарэшце, вашай школы культуры і этыкету… І ведаеце, калі забегчы наперад, мне бачыцца ў вашай гісторыі пэўны парадокс: вышэйзгаданымі пытаннямі вы захапіліся, наколькі разумею, там, у культурнай Еўропе, дзе з гэтым, напэўна, праблем крыху менш, чым у нас, а ўжо рэалізоўваць свае ідэі на практыцы вырашылі тут, у нашай краіне… Ці ўсё-такі тут і няма ніякага парадоксу — у кантэксце даўняй традыцыі пераймання перадавога еўрапейскага вопыту ў самых розных сферах?
— Крыху дзіўнавата вы тут закруцілі… Але давайце пачнём з таго, што па сваёй першапачатковай вышэйшай адукацыі, атрыманай на факультэце філасофскіх і сацыяльных навук БДУ, я культуролаг і магістр педагогікі, і мая дзейнасць яшчэ ў Беларусі была звязана з культурай зносін, культурай наогул і выкладаннем гэтай культуры ў розных установах вышэйшай адукацыі Мінска. Потым, ужо ў Швейцарыі, я сур’ёзна занялася пытаннямі этыкету, пратакола, камунікацый, бо з гэтым шчыльна была звязана мая дзейнасць як сябра беларускай місіі пры ААН і пры іншых міжнародных арганізацыях. Але ў Швейцарыі я не адкрыла школу этыкету і культуры, таму што знаходзілася там у дыпламатычным статусе, а гэта не працоўная віза. Фармальна памяняць дакументы можна, але дзеля гэтага трэба прайсці складаныя бюракратычныя працэдуры. Я сарыентавалася на дабрачыннай асветніцкай дзейнасці, супрацоўнічала з мясцовым абшчынным, ці, інакш кажучы, квартальным домам, дзе мы ладзілі мерапрыемствы для падлеткаў, жыхароў квартала. Акрамя гэтага, удзельнічала ў жыцці дыпламатычнай місіі Беларусі, ладзіла культурныя мерапрыемствы ў маштабах усяго горада: праводзіла экскурсіі, чытала лекцыі па мастацтве, культуры і этыкеце на англійскай, французскай і рускай мовах, супрацоўнічала з мастацкімі галерэямі, кіравала культурным кніжным клубам, у рамках дзейнасці якога ажыццяўляла праграму культурных прагулак па незвычайных мясцінах Жэневы “Цікавы кожны дзень у Жэневе”… Усё гэта дазваляла мне развівацца і атрымліваць багаты культурны вопыт, хоць я і не мела ніякіх даходаў. Калі ж вярнулася ў Беларусь, адразу адкрыла сваю школу, у якой выконваю функцыі дырэктара і асноўнага спікера.
— Наколькі разумею, вы зарэгістраваліся ў нас у якасці ІП?
— Так. Хаця, напрыклад, пра дырэктара індывідуальнага прадпрыемства лепш гаварыць, калі ёсць пастаянны афіцыйны штат. У маім жа выпадку правільней было б гаварыць менавіта пра каманду, а не пра штат.
— А што наконт нейкай пастаяннай лакацыі?
— Сёння мець офіс — гэта, бадай, тое ж самае, што мець на руцэ гадзіннік. Па вялікім рахунку, даволі камплементарная рэч. Уся камунікацыя праходзіць праз інтэрнэт: агульныя платформы, чаты, віртуальныя дошкі з заданнямі і пытаннямі, раскладам заняткаў і г.д. Калі ўзнікае неабходнасць непасрэдна сустрэцца з нашымі кліентамі (а гэта, як правіла, прадстаўнікі карпаратываў, буйных кампаній, але таксама і індывідуальныя заказчыкі), мы сустракаемся ці ў нейкім каворкінгу (я актыўна супрацоўнічаю, напрыклад, з “Альфа-Бізнес-Хабам”), ці ў нейкай кавярні, ці на пляцоўцы заказчыка — варыянтаў шмат.
— З якімі канкрэтнымі запытамі прыходзяць да вас кліенты?
— Гэта і мастацтва зносін, і пабудова сеткі дзелавых кантактаў, і апасродкаваныя зносіны ўнутры кампаніі і па-за яе межамі, і кіраванне рэпутацыяй, і, скажам так, наогул навучанне этыкету, у тым ліку сталоваму, сямейнаму, дзелавому пратаколу, мастацтву small talk, нюансам дрэс-коду, арганізацыі мерапрыемстваў, прыёмаў замежных дэлегацый.
— Наколькі вам удалося рэалізаваць ідэі сваёй школы этыкету і культуры ў нашай краіне? З якімі асноўнымі цяжкасцямі сутыкнуліся?
— Гэта, хутчэй, былі не цяжкасці, а акалічнасці. Я вярталася ў Беларусь з дзвюма ідэямі. Першая — выкладаць этыкет і пратакол, а другая — з улікам таго, што я з’яўляюся экспертам у сучасным мастацтве, развівацца менавіта ў гэтым кірунку, магчыма, выдаваць нейкае культуралагічнае інтэрнэт-выданне, звязанае з сучасным мастацтвам і класічнай музыкай, рэалізацыяй сучаснага мастацтва праз тэатр і сімфанічную форму. Але, паколькі я звярнула ўвагу на тое, што ў Беларусі рэалізацыя маёй другой ідэі была б дастаткова праблематычнай з пункту погляду фінансавых перспектыў, вырашыла спыніцца на пратаколе і этыкеце. Гэта таксама мая сфера інтарэсаў, але пры гэтым яна прыносіць прыбытак.
— Спадарыня Аксана, цяпер давайце ўсё-такі разбяромся, што такое этыкет і з якой галіной чалавечага досведу ён найбольш звязаны: культурай, выхаваннем, адукацыяй, сацыяльнымі зносінамі? Не сакрэт, што, гаворачы на побытавым узроўні пра этыкет, людзі найперш згадваюць добрыя манеры, галантных мужчын, высакародных дзяўчат…
— Этыкет — гэта правілы паводзін у грамадстве. А грамадствы бываюць розныя, і разглядаць тое ці іншае грамадства можна таксама па-рознаму. Ёсць грамадства французскае, кітайскае, беларускае… У асобна ўзятым грамадстве ёсць сябры, сваякі, дзелавыя партнёры і г.д. Бывае грамадства арыстакратаў, багатых людзей, а бывае грамадства люмпенаў і грамадства маргіналаў… І ўсюды ёсць свае правілы этыкету, нейкага ўніверсальнага корпуса тут не існуе. А таму этыкет, хутчэй, карэлюецца з культурай, бо культура, як і этыкет, таксама негамагенная. Дарэчы, хацела б заўважыць, што, напэўна, яшчэ не было ніводнага інтэрв’ю, каб у мяне не запыталіся: “А што такое этыкет?” У той час цяжка ўявіць, каб сёння запыталіся, напрыклад, у маркетолага: “А што такое маркетынг?” Натуральна, усе палічаць, што гэта недарэчнае пытанне. А пра этыкет мяне ўсё яшчэ пытаюцца, у тым ліку і вы. Значыць, гэтая ніша яшчэ мяккая, належна не даследаваная, прынамсі, у нас. Мы ў плане вывучэння этыкету знаходзімся ўсё яшчэ ў блакітным акіяне, як называюць такія сітуацыі маркетолагі.
— Які сегмент галіны этыкету вы лічыце найбольш праблематычным у нашай краіне сёння: этыкет у гендарных адносінах, этыкет у сям’і, этыкет у карпаратыўных ці бізнес-колах, этыкет у сферах культуры і адукацыі, урэшце, этыкет у тым, што тычыцца адзення, паводзін у тэатрах, музеях, начных клубах, рэстаранах і інш.?
— Я сказала б, што наша ключавая праблема ў плане этыкету ляжыць у зносінах чалавека з іншым чалавекам, у парушэнні меж асабістага іншага чалавека. А ўжо з гэтага ўзнікаюць памылкі ўсюды: спробы самасцвердзіцца за кошт падаўлення навакольных людзей, неразуменне меж іншага чалавека, якому, магчыма, проста нязручна кантактаваць з вамі, неразуменне таго, што межы іншага чалавека не абмяжоўваюцца яго целам і што ў гэтыя межы ўваходзяць, апрача цела, яго рэчы, думкі, словы, яго жыццёвая пазіцыя… Просты, але яркі прыклад. Уявіце, што вы гутарыце з футбольным балельшчыкам, які гаворыць, што балее за БАТЭ, а вы яму ў адказ выпальваеце, маўляў, ды што там твой БАТЭ, хлопчыкі для біцця, трэба заўзець за “Дынама-Брэст”, гэта сёння самы круты ў Беларусі клуб. Гэта прыклад, як мы абясцэньваем пазіцыю іншага чалавека замест таго, каб пагадзіцца, што ён мае на яе права. І гэта наша сістэмная памылка, з якой даводзіцца вельмі доўга і цяжка змагацца. Той, кажучы камп’ютарнай мовай, баг (ад англ. bug, памылка, глюк, збой. — М.Ч.), які пранікае ва ўсе сферы зносін. І адсюль вырастае крытыка, маўляў, я самы разумны, а астатнія — дурні, нічога не ведаюць і не разумеюць. Адсюль выцякае безапеляцыйнасць многіх заяў, калі чалавек замест таго, каб проста сказаць, што ён мае іншае меркаванне, уступае ў адкрытую канфрантацыю. З усім гэтым трэба працаваць у першую чаргу.
— І рознага кшталту месенджары, чаты ў сацыяльных сетках у гэтым сэнсе, напэўна, асабліва падліваюць у агонь масла…
— Так. Але інтэрнэт — гэта іншая сфера зносін. Якраз нядаўна я брала інтэрв’ю ў Льва Мановіча, прафесара Вышэйшай школы Гарадскога ўніверсітэта Нью-Ёрка, аднаго з найбольш аўтарытэтных сёння міжнародных экспертаў па новых медыя і Big Data, і ён вельмі цікава расказваў пра тую трансфармацыю, якая адбываецца цяпер у інтэрнэт-супольнасці і ўвогуле віртуальнай прасторы. Тут назіраюцца два феномены. З аднаго боку, людзі знімаюць маскі, бо спрацоўвае эфект ананімнасці: я пішу ў сябе дома і ніхто мяне не бачыць. А з другога боку, людзі ствараюць штучныя вобразы. І гэтыя дзве тэндэнцыі сёння жорстка адна з адной змагаюцца. Я падзяляю камунікацыю на апасродкаваную і непасрэдную, і на нашых занятках мы аналізуем абодва гэтыя вельмі адрозныя адзін ад аднаго тыпы ўзаемадзеяння, але праблема ўсё адно застаецца адна — тая, якую я акрэсліла вышэй.
— Як вы лічыце, магчыма, адна з галоўных прычын праблематычнасці з этыкетнасцю нашага грамадства ў тым, што тут не дапрацоўвае наша сістэма адукацыі? Шчыра кажучы, напярэдадні нашай з вамі гутаркі спецыяльна запытаў у сваёй дачкі, якая сёлета перайшла ў 11 клас, калі і што ёй гаварылі пра этыкет у гімназіі за 10 гадоў вучобы. І яна не змагла ўспомніць.
— Сапраўднае выхаванне, я лічу, нараджаецца ў сям’і. Але як яно прыйдзе ў сям’ю? Трэба тры пакаленні, каб выхаваць чалавека новага тыпу. Што тычыцца сістэмы адукацыі, то гэтая праблема не вырашыцца з увядзеннем прадмета этыкету ў школьную праграму. Яна вырашыцца ў нас, можа, гэтак гадоў праз 50, прычым пры ўмове вельмі сур’ёзнай і комплекснай работы ў гэтым кірунку. Над гэтым павінна працаваць сістэма адукацыі, стандарты этыкету павінны задаваць першыя асобы краіны, СМІ. Толькі тады нешта зменіцца. Гэта сістэмная гісторыя. І я паўтаруся, што ключавой пакуль у нас застаецца праблема асобы — паважаеш ты межы іншай асобы і свае межы або не? У швейцарскай школе, дзе вучылася мая дачка, на стэндзе ля ўвахода вісела інфармацыя, што ўсе дзеці маюць права на тры павагі: павагу да цела, павагу да рэчаў і павагу да духу. І ніхто не мае права іх абразіць. Нам да гэтага трэба яшчэ дарасці. Як і да таго ўзроўню нашай калектыўнай самасвядомасці, калі мы нарэшце пазбавімся рабскага мыслення, пазіцыі, якая мяне проста шакіруе: мая хата з краю. Ніколі і нідзе не будзе парадку, калі за гэтым не будуць сачыць самі людзі. Не органы кіравання, не паліцыя, не міліцыя… Гэта павінны рабіць самі людзі! І добры ўжо той знак, які я заўважыла ў Беларусі пасля доўгай адсутнасці ў краіне, што нашы людзі ўсё-такі пачалі размаўляць, кантактаваць адно з адным. З’яўленне такой вялікай колькасці тых жа кавярняў у Мінску — сведчанне таго, што людзі пачалі выходзіць з дому, прабіваць шкарлупіну. А, выходзячы з дому на вуліцу, яны выходзяць быццам у інтэрнэт, у адкрытую прастору — абавязкова сустракаюць там нешта і некага. І гэта здорава.
Мікола ЧЭМЕР.
Не сакрэт, што жыццё ў любой установе адукацыі, няхай гэта будзе ўніверсітэт, прафесійны ліцэй, гімназія ці нават дзіцячы садок, поўнае самых розных, нярэдка канфліктных і непрадказальных сітуацый у адносінах “настаўнік — навучэнец”, “выхавальнік — дзіця”, “настаўнік — бацькі” і інш. І тое, наколькі паспяхова або няўдала вырашаюцца гэтыя сітуацыі, вядома ж, не ў апошнюю чаргу залежыць ад этыкетнасці суб’ектаў гэтых адносін. У канцы нашай гутаркі з Аксанай Зарэцкай мы папрасілі яе пракаменціраваць з пункту гледжання этыкету некалькі ўмоўных і абагульненых праблемных сітуацый, якія могуць узнікнуць у адукацыйным асяроддзі, і падзяліцца якімі-небудзь лайфхакамі, здольнымі дапамагчы абодвум бакам канфлікту.
Сітуацыя першая.
Арганізаваны культпаход школьнікаў у суправаджэнні настаўніка ў музей (галерэю, тэатр, кіно)
— Падчас культпаходу здараецца непрыемнасць. Дзеці занадта шумяць, пачынаюць дурэць, “падказваць” нешта з месца ў зале артыстам падчас спектакля, часам паводзяць сябе нават вельмі непрыстойна (напрыклад, пры выглядзе аголеных скульптурных фігур у музеі ці галерэі). Як варта было настаўніку падрыхтаваць дзяцей да такіх паходаў? Што яму рабіць ужо цяпер?
— Уменне паводзіць сябе ў грамадстве выпрацоўваецца не за адзін урок і не пасля разавых тлумачэнняў настаўніка. Гэта доўгі і паслядоўны працэс, які пачынаецца яшчэ ў дзяцінстве, з сям’і, калі дзіця знаёмяць з культурай, рэгулярна ходзяць з ім у музей, тэатр, разам глядзяць гістарычныя, мастацкія і дакументальныя фільмы. Роля настаўніка ў гэтай сітуацыі заключаецца ў нагадванні аб правілах этыкету, у тым, каб натхняць дзяцей на прытрымліванне гэтых правіл, на заражэнне іх ідэаламі мастацтва і прыгажосці. Разумна напярэдадні паходу ў музей ці тэатр расказаць дзецям, што іх там чакае. І ў плане выканання правіл паводзін, і, вядома, па змесце. Гіперактыўнасць (крыкі, жарты, высмейванне, актыўныя паводзіны) — гэта часта наступства жадання зняць псіхалагічны блок, сарамлівасць. Дзеці, магчыма, проста збянтэжаны выявамі аголеных фігур. І яны не разумеюць, як на іх рэагаваць, а паказаць сваю слабасць, асабліва ў падлеткавым узросце, баяцца. Таму яны часта агрэсіўна сябе паводзяць, калі трапляюць у не зразумелую для сябе сітуацыю.
Што рабіць, калі настаўнік выпраўляецца з непадрыхтаванымі дзецьмі ў музей ці тэатр? Тут рэкамендацыі будуць як педагагічнага плана (я магістр педагогікі і магу іх сабе дазволіць), так і з пункту погляду норм этыкету.
1. Правядзіце папярэднія заняткі з дзецьмі, на іх раскажыце пра правілы паводзін у музеі або тэатры. Разыграйце некалькі сітуацый, каб тэарэтычны матэрыял інтэрыязаваўся ў практыку.
2. Раскажыце дзецям гісторыю экспазіцыі або спектакля, захапіце іх эмоцыямі, каб за тымі сцэнамі і вобразамі, якія яны ўбачаць, у іх уяўленні ўжо быў пэўны культурны кантэкст. Тады тое, што будзе адбывацца ў тэатральнай зале ці галерэі, будзе карэлявацца з іх вопытам, стане для іх больш зразумелым.
3. Прыдумайце заданні, якія дзеці павінны будуць выканаць у індывідуальным (у тэатры) або ў групавым фармаце (у музеі). Вырашаючы гэты квест, дзеці прасцей засвояць новую інфармацыю і правядуць дзве-тры гадзіны ў гульні, што аблегчыць жыццё і настаўніку, і ім. Напрыклад, яны могуць нешта лічыць, шукаць нейкія прадметы або малюнкі. Раздайце ім загадзя анкеты, якія ім трэба будзе запоўніць. Яны будуць значна больш уважліва слухаць экскурсавода.
4. Калі дзіця сябе дрэнна паводзіць, то вельмі хутка да яго, калі гэта адразу ж не спыніць, падцягнуцца іншыя. Калі негатыўныя паводзіны застаюцца па-за ўвагай, гэта расцэньваецца як маўклівае адабрэнне. Як варта спыняць непрымальныя ў культурнай установе паводзіны? Не крычыце, не дэманструйце злосць. Падыдзіце да падлетка і, пераканаўшыся, што ён глядзіць вам у вочы, цвёрда папрасіце яго паводзіць сябе спакайней, таму што ў іншых удзельнікаў экскурсіі псуецца настрой ад яго шуму. Застаньцеся некаторы час побач з ім, каб пераканацца, што ён пачуў вашы словы.
Сітуацыя другая.
Прасунутыя і аўтсайдары
— У кожным класе ёсць больш здольныя і менш здольныя дзеці. Ці трэба і ці можна хваліць (ушчуваць) настаўніку вучняў пры ўсіх у класе, параўноўваць іх, маўляў, Ваня, ты паглядзі на Олю, яна ж чамусьці змагла вывучыць, а чаму ты не змог, і г.д.? Як паводзіць сябе настаўніку, калі не пахваліць, здаецца, проста немагчыма — настолькі бліскучы адказ, і калі не ўшчуць, здаецца, таксама немагчыма — настолькі бесталкова адказвае вучань? Якія словы знайсці?
— Ёсць старое добрае правіла, якое будзе актуальным заўсёды — лаюць сам-насам, хваляць пры ўсіх. Пахвала яшчэ нікому не шкодзіла. Толькі, мабыць, не варта ставіць вучня ў прыклад астатнім. Гэта дрэнна адаб’ецца і на яго рэпутацыі, і дакладна не абудзіць жадання “быць як Вася”. Калі вучань адказвае бесталкова, то, у першую чаргу, трэба тлумачыць яму, што ў яго адказе не так. Але не высмейваць, не абясцэньваць і не прыніжаць. Можна спытаць, ці патрэбна яму дапамога, сам-насам высветліць, у чым праблема. Параўноўваць дзяцей адно з адным — гэта заўсёды дрэнны тон і антыпедагагічна. Калі ёсць неабходнасць абмеркаваць адказ вучня, размова павінна ісці толькі пра тое, што рабіў ці не рабіў гэты вучань.
Сітуацыя трэцяя.
Званок (меседж у сетках) настаўніку
— Групы ці суполкі бацькоў вучняў аднаго класа, якія ствараюцца ў розных сацыяльных сетках, — з’ява сёння вельмі распаўсюджаная і карысная. Але часам у бацькоў узнікаюць сітуацыі, калі ім тэрмінова трэба звязацца з настаўнікам, прычым так, каб пра факт іх размовы і тым больш пра яе змест ніхто больш не даведаўся. У які час (напрыклад, да якой гадзіны вечара) карэктна тэлефанаваць настаўніку і ці карэктна наогул? Ці карэктна пісаць настаўніку ў “личку”? Можа, варта спачатку напісаць паведамленне, а потым зрабіць званок? Ці трэба настаўніку выбудоўваць нейкі канкрэтны часавы калідор для асабістых зносін з бацькамі?
— Ёсць агульныя правілы тэлефоннага і лічбавага этыкету. Паведамленні ў месенджарах і тэлефонныя званкі паміж людзьмі, якія знаходзяцца ў дзелавых адносінах (а бацькі і настаўнікі знаходзяцца ў дзелавых адносінах), дапушчальныя толькі ў працоўны час. Гэта значыць з 9 раніцы да 6 вечара або да 9-й вечара з дазволу настаўніка. Сёння лічыцца дрэнным тонам тэлефанаваць без папераджальнага пытання ў месенджары. Такім чынам, спачатку трэба паслаць паведамленнне з пытаннем, калі будзе зручна стэлефанавацца, і акрэсліць тэмы размовы, а потым, атрымаўшы адказ, ужо набіраць.