Юны фотамастак

Дзевяцікласнік Арцём Каралюк з Маларыцкай раённай гімназіі — сціплы, адказны, настойлівы, мэтанакіраваны і самастойны юнак, які добра вучыцца, займаецца спортам і марыць стаць урачом.

Яго любімыя прадметы — беларуская мова і літаратура, руская літаратура і хімія. У вольны час Арцём захапляецца фотасправай. У яго атрымліваюцца выдатныя фотаздымкі, пра што сведчыць перамога ў фотаконкурсе “Расквецім Радзіму”, арганізаваным інстаграм-акаўнтам @presstora “Настаўніцкай газеты” з нагоды Года малой радзімы. На конкурс юнак прадставіў шэраг фотаработ, тры з якіх — “Бярозавая сцяжынка мураша”, “Палітра вячэрняга возера” і “Некранутая прыгажосць раніцы” — аказаліся пераможнымі.

— Майму хобі толькі два гады, — расказвае Арцём. — Першы фотаапарат — звычайная “мыльніца”. Добра памятаю першы фотаздымак з пшанічным полем за Олтушам. Бацькам мае першыя фотаработы спадабаліся. Мама і тата — першыя гледачы і крытыкі. Яны і падах­воцілі да далейшых заняткаў фотасправай.

Арцём прызнаецца, што яму больш за ўсё падабаюцца макраздымкі. Каб яны атрымаліся высакаякаснымі, юнак вывучае дадатковую літаратуру, бярэ відэаўрокі ў інтэрнэце. Пераймае вопыт лепшых фатографаў і шукае асабісты стыль. Для цікавага кадра, бывае, даводзіцца затраціць шмат часу, пра што зусім не шкадуе.

— Пачынаць любімую справу лёгка, — гаворыць Арцём. — Для гэтага дастаткова жадання. А вось працягваць на добрым узроўні складана. Люблю глядзець на свет праз аб’ектыў фотаапарата. Вучуся бачыць прыгажосць і адметнасць у звычайным, у што­дзённай рэчаіснасці.

У Арцёма шмат планаў і задум. У яго архіве мноства фотаработ розных па якасці, настроі і змесце. Юнак марыць пра ўласную фотавыставу, якая, магчыма, будзе арганізавана ў Маларыцкай раённай гімназіі ці гарадскім Доме культуры. Пакуль жа аматары фотасправы могуць наведаць віртуальную фотавыставу Арцёма Каралюка ў Instagram (http://www.instahu.com/tema_korolyuk), дзе размешчана каля 200 фотаработ, якія паказваюць прыгажосць малой радзімы — аграгарадка Олтуш. Штотыдзень юны фотамастак выкладвае 3—4 новыя работы. Станоўчыя водгукі наведвальнікаў надаюць юнаку ўпэўненасці. У планах — выпуск фотаальбома лепшых здымкаў і арганізацыя ўласнай фотастудыі.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі.Фота аўтара і Арцёма КАРАЛЮКА.