Эўхарыс, ці Амазонская лілея

Эўхарыс, ці амазонская лілея, прыгожа цвіце і мае ўсе якасці, якія неабходны для хатняй расліны. Яе кветкі распускаюцца двойчы за год, а лісты не ўступаюць па прыгажосці лепшым прадстаўнікам дэкаратыўных раслін. І ў дадатак да гэтага мае яшчэ і цудоўны пах, які не заўсёды можна сустрэць у хатніх раслін.

Месцазнаходжанне і асвятленне

Догляд эўхарысу вельмі лёгкі. Што да асвятлення, то расліна можа расці і цвісці ў любым памяшканні, на падаконніках і вокнах нават з паўночнага боку. Але, нягле­дзячы на такую непатрабавальнасць, сцвярджаць, што расліна любіць цень, нельга. Напрыклад, калі пакой знаходзіцца на паўночным баку, то трэба паставіць эўхарыс як мага бліжэй да акна.

Расліна павінна атрымліваць заўсёды столькі святла, колькі ёй патрабуецца. Але трэба памятаць пра тое, што прамыя сонечныя прамяні, асабліва з усходняга і паўднёвага боку, могуць нашкодзіць лістам у летні час. Калі ёсць такая рызыка, то лепш паставіць вазон з кветкай не перад акном, а, напрыклад, збоку.

Тэмпература

Тэмпература, пры якой па­вінен расці і цвісці эўхарыс, — ад 18 да 22°С. Гэта значыць пры нармальнай хатняй тэмпературы кветка будзе адчуваць сябе камфортна. Трэба ведаць, што перапады тэмпературы (7 градусаў і больш) прывядуць да таго, што кветкі будуць значна меншымі, чым звычайна. Зімой для расліны аптымальнай тэмпературай лі­­чыцца 15—17°С. Але зноў жа, варта сачыць за развіццём эўхарысу і глядзець, якая тэмпература больш за ўсё падыхо­дзіць для росту кветкі. У перыяд росту тэмпература павінна быць 18°С і не ніжэй.

Вільготнасць паветра

Паколькі эўхарыс у прыродзе расце ў тропіках, ён мае патрэбу ў павышанай вільготнасці паветра. Таму яго трэба сістэматычна ўвільгатняць з апырсквальніка добра ад­стоенай вадой хатняй тэмпе­ратуры. Асаблівую ўвагу апырскванням трэба ўдзяліць у асенне-зімовы ­перыяд, калі вільготнасць паветра ­становіцца вельмі нізкай з-за прыбораў ацяплення, якія ў гэты час працуюць. Калі для павышэння вільготнасці адных увільгатненняў з апырсквальніка будзе не хапаць, вазон з кветкай трэба паставіць на паддон, у які ўсыпаць вільготную гальку. А яшчэ часам эўхарысу трэба праводзіць цёплы душ або лісце можна праці­раць вільготнай мяккай анучай. З моманту ўтварэння кветаносаў увільгатненні трэба прыпыніць да заканчэння цвіцення, таму што, калі на бутоны і кветкі трапяць кроплі вады, яны пачнуць бурэць.

Паліў

Амазонская лілея аднолькава дрэнна рэагуе як на недахоп вільгаці, так і на яе лішак. Недастатковым палівам можна лічыць перасыханне грунту больш чым на 1/3. У гэтым выпадку лісты страчваюць пругкі і здаровы выгляд, і расліна можа так і не зацвісці. У выпадку пераўвільгатнення зямлі ў вазонах і занадта частага і шчодрага паліву цыбуліна і карані ў кветкі пачынаюць гнісці.

Каб правільна паліць кветку, яе лепш за ўсё паставіць на некаторы час у паддон з вадой хатняй тэмпературы. Як толькі камяк зямлі раўнамерна набярэцца вільгаці, вазон дастаць і паставіць на падаконнік. Пры верхнім паліве расліна паліваецца адзін раз у чатыры дні даволі вялікай колькасцю вады. Эўхарыс лепш паліваць рэдка, чым шчодра і рэгулярна. Залітую расліну значна цяжэй выратаваць, чым засушаную. Пасля цвіцення паліў спыняецца, настае спакой.

Перыяд спакою

Ад іншых прадстаўнікоў сямейства Амарылісавыя эўхарыс адрозніваецца тым, што не мае ярка выяўленага перыяду спакою. Лісце ён не скідвае. Аднак адпачынак перад наступным цвіценнем яму неабходны. Пасля заканчэння цвіцення сарвіце кветаносы, перастаньце ўносіць у субстрат угнаенні, а таксама паслядоўна скараціце паліў. Куст павінен адпа­чыць не менш за 4—6 тыдняў. У перыяд спакою можна смела перамяшчаць расліну ў іншае, больш халаднаватае месца. Аднак гэтая ўмова не з’яўляец­ца абавязковай для паспяхо­вага развіцця расліны. Пасля перыяду спакою, калі на эўхарысе з’яўляюцца маладыя парасткі і пачынаецца іх актыўны рост, паліў аднаўляецца.

Падкормкі

Падкормліваць эўхарыс трэ­ба выключна летам і толькі та­ды, калі расліна актыўна расце. Абавязкова перад падкормкай трэба азнаёміцца са складам угнаення. Трэба выбіраць угнаенне з невысокай колькасцю азоту.

Перасадка

Даволі часта пачынаючыя садаводы сутыкаюцца з праблемай, калі эўхарыс не цвіце з-за таго, што вазон вельмі прасторны. Трэба ведаць, што эўхарыс будзе паўнавартасна развівацца і цвісці толькі ў цесным вазоне. Перасаджваць эўхарыс рэкамендуецца не часцей, чым адзін раз у тры гады. Для гэтага неабходна падабраць наступны склад зямлі:

  • 2 часткі кампоставай зямлі;
  • 1 частка торфу;
  • 1 частка буйнога рачнога пяску.

Для паспяховай перасадкі важна забяспечыць грунту добры дрэнаж.

Размнажэнне

Размнажэнне эўхарысу ажыц­цяўляецца шляхам дзялення дарослага куста. Кожную цыбулінку трэба садзіць у вазон, дзе будзе мінімальная прастора для каранёў. Пасля перасадкі трэба паліць расліну і пакінуць у спакоі на 10 дзён. Садзіць падзеленую расліну неабходна на глыбіню, якая дасягае паловы памеру цыбуліны. Калі пачнецца рост, стануць з’яўляцца дзеткі, у якіх цыбуліны будуць цалкам заглыблены. Гэта нармальна.

Выганка

Атрымаць квітучы ­эўхарыс можна пры любым святле. Для гэтага выкарыстоўваецца метад выганкі. Трэба цалкам на трыццаць дзён перастаць паліваць расліну і паставіць яе ў памяшканне, дзе мала святла і тэмпература не падымаецца вышэй за 15°С. Пасля гэтага выцягнуць цыбуліну з зямлі, загарнуць яе ў поліэтылен. У тэрмас з прыдатным горлам наліць вельмі цёплай вады, прыкладна градусаў 60—65, і пакласці ў яе цыбуліну на суткі. Пасля чаго пасадзіць цыбуліну ў не вельмі прасторны вазон і трымаць да з’яўлення кветаноса ў дастаткова цёплым памяшканні і пры рэгулярным паліве. Як толькі цыбуліна выкіне кветанос, расліну пастаўце ў звычайныя ўмовы.

Складанасці ў доглядзе і магчымыя праблемы

Калі эўхарыс няправільна даглядаць, то з ім могуць узнікнуць праблемы.

Эўхарыс не цвіце. Калі куст даглядаць правільна, то цвіценне ў яго будзе назірацца 2, а часам і 3 разы на працягу года. Аднак здараецца такое, што эўхарыс не хоча цвісці. Каб гэта выправіць, спачатку трэба зразумець, чаму так адбываецца. Каб перасаджаная дзялянка зацвіла як мага хутчэй, у яе склад павінна ўвахо­дзіць некалькі цыбулінак. Адна цыбулінка, высаджаная ў асобны вазон, не будзе цвісці да таго часу, пакуль не наросціць многа дзетак, а займае гэта, як правіла, 3—5 гадоў. Гэтая прычына з’яўляецца самай распаўсюджанай у пытанні адсутнасці цвіцення. Яшчэ куст можа не фарміраваць кветкі з-за рэзкіх змен тэмператур або скразнякоў. У гэтым выпадку дастаткова будзе па­чаць даглядаць расліну правільна, і яна зноў будзе рэгулярна цвісці.

Як прымусіць цвісці? Для гэтага на зіму куст ­ставяць у прыцененае ­халаднаватае месца, вельмі скарачаюць паліў (камяк зямлі ў вазоне павінен прасыхаць практычна цалкам), а яшчэ трэба спыніць унясенне ўгнаенняў у глебу.
У выніку з надыходам вясны кусцік пачне актыўна расці і абавязкова парадуе вас пышным цвіценнем.

Пажаўценне лісця. Калі жоўтымі сталі ўсяго адна ці дзве ліставыя пласціны, гэта цалкам натуральны працэс. Але калі лісце жаўцее масава, а яшчэ на яго паверхні з’яўляюцца цёмныя плямкі, то трэба рабіць тэрміновыя захады для ратавання кветкі. Пажаўценне лісця назіраецца ў тым выпадку, калі расліне не хапае вады з-за празмерна мізэрных ці рэдкіх паліваў, у глебасумесі рэгулярна застойваецца вадкасць, а яшчэ з-за пераахаладжэння куста.

Ападанне лісця. У тым выпадку, калі лісце не толькі жаўцее, але і адмірае, трэба куст дастаць з вазона і ўважліва агледзець яго каранёвую сістэму. Выражце ўсе ўчасткі, пашко­джаныя гніллю, і правя­дзіце апрацоўку ранак вугальным парашком. Пасля гэтага кусцік высадзіце ў свежы субстрат. Першы час эўхарыс павінен знаходзіцца ў цяпле, а яшчэ яму забяспечваюць умераны паліў і надзейную абарону ад прамых сонечных прамянёў. Калі ж участкаў, якія загніліся, на каранёвай сістэме няма, тады ападанне лісця звязана з ня­правільным доглядам.

Хваробы і шкоднікі

Самымі распаўсюджанымі шкод­­нікамі, ад якіх можа пацяр­пець эўхарыс, лічацца павуцінныя кляшчы, трыпсы і шчытоўкі. Заў­важыць шкоднікаў можна па характэрным пажаўценні лістоў і наяўнасці мікраскапічных паразітаў. Ад шкоднікаў на эўхарысе можна пазбавіцца наступнымі спосабамі: лісты расліны рэкамендуецца працерці губкай, намочанай мыльным растворам; пры з’яўленні насякомых на лісці эўхарысу прымяняюць “Актэ­лік” ці “Фітаверм” (можна выкарыстоўваць практычна любыя віды сістэмных інсектыцыдаў); ка­лі эўхарыс нязначна пашко­джвае шэрая гніль, то выратаваць расліну можна растворам бардоскай вадкасці, прэпаратамі “Тапаз” ці “Чэмпіён”; пры значным пашкоджанні шэрай гніл­лю — участкі выразаюць, а апрацоўку ажыццяўляюць “Аксі­хомам”, медным купарвасам ці “Купра­ксатам”. Пазбавіцца ад праблем не складана. Ключавымі фактарамі ў гэтым выпадку з’яўляюц­ца своечасовасць ­рэабілітацыі і змяненне працэсу догляду расліны.

Трэба памятаць, што расліна змяшчае ў сабе алкалоід лікарын, які з’яўляецца атрутным для чалавека і стымулюе рвотны цэнтр у мозгу. Таму расліну трэба трымаць у месцах, недаступных для маленькіх дзяцей ці свойскіх жывёл. Пасля перасадкі расліны рукі трэба мыць з мылам.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы, педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара і з адкрытых крыніц інтэрнэту.