Вясна — самая чаканая пара года. З яе надыходам прырода абуджаецца пасля зімовай спячкі, на праталінах з’яўляюцца першыя вясновыя кветкі — першацветы-эфемероіды — шматгадовыя расліны, якія цвітуць адразу пасля сходу снегавога покрыва.
Цвітуць яны звычайна ў красавіку і да сярэдзіны мая, таму што маюць дастатковую колькасць сонечнага святла, якое пранікае ў зямлю, пакуль дрэвы і хмызнякі не апрануліся лістотай. Па гэтай жа прычыне першацветы могуць прыцягнуць насякомых-апыляльнікаў.
На жаль, колькасць першацветаў-эфемероідаў скарачаецца. Прычынай гэтага з’яўляецца масавы штогадовы збор, які прыводзіць да пашкоджання каранёвых сістэм раслін, іх здольнасці да вегетацыі наступнай вясной.
Адным з вырашэнняў гэтай праблемы на ўзроўні школы з’яўляецца правядзенне вучэбных і пазакласных заняткаў з дапамогай прыроднай экасцяжыны “Першацветы-эфемероіды паўднёвых наваколляў лесапарку Румлёва”.
Асноўная мэта экасцяжыны — захаванне разнастайнасці першацветаў праз правядзенне пазакласных заняткаў. Даўжыня экасцяжыны — 300 метраў. Працягласць заняткаў на ёй складае ад 20 хвілін для вучняў 5-х класаў, 30 хвілін для навучэнцаў 6—7-х класаў і 45 хвілін — для адзінаццацікласнікаў.
Вучэбная экалагічная сцяжына выконвае пазнавальную і адукацыйную задачы (вывучэнне раслінных аб’ектаў мясцовай прыроды і іх адаптацыі да ўмоў пражывання, знаёмства з навуковымі метадамі вывучэння прыродных аб’ектаў і набыццё навыкаў даследчай работы), развіццёвую задачу (спрыяе развіццю ў вучняў увагі, назіральнасці, аналітычнага мыслення), выхаваўчую (выхаванне экалагічнай культуры: развіццё ўмення прадбачыць наступствы сваіх паводзін у навакольным асяроддзі і параўноўваць свае дзеянні з усталяванымі нормамі паводзін).
Распрацаваная экасцяжына атрымала на раённым этапе Рэспубліканскага конкурсу экскурсійных маршрутаў “Пазнаём Беларусь разам” дыплом ІІ ступені.
Алеся ДАВЫДЗІК,
настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 40 Гродна.