Адкрыты і таемны свет птушак побач

Першы выезд на дачу ў новым сезоне, здаецца, дазволіць атрымаць асалоду ўжо толькі ад ап’яняльнага вясновага паветра, свежага моцнага ветру ды ад прадчування пасадак, праполак. Па ўсім гэтым мы, любіцелі дачнага адпачынку, засумавалі. Чакаем каманды сонейка, аптымальных тэмператур, святочных доўгіх выхадных, каб разгарнуць актыўную пасадачную работу.

Зцікавага для сябе пакуль знайшла на ўчастку толькі рэд­кія травінкі, увосень пасаджаную цыбулю, якая дзе-нідзе ўзышла, ды птушынае яйка — прыгожае, але пустое. Дрэвы яшчэ стаяць без лісця, а гэта значыць, што ўся акруга як на далоні. Заўважаю лю­дзей, занятых нечым дзіўным і незразумелым. Па-першае, яны з біноклем, незвычайным фотаапаратам на штатыве, па-другое, угля­даюцца ўдалечыню, прыса­джваюцца, заміраюць, па-трэцяе, у нейкі момант пачынаюць актыўна жэстыкуляваць і здымаць штосьці нябачнае. Пазнаёмілася бліжэй з прадстаўніцай сямейнай каманды бёрдвотчараў Ганнай Лычкоў­скай. Аказалася, што пачатак вясны вельмі зручны час для назіранняў за птушкамі з-за адсутнасці лісця на дрэвах, а бёрдвотчары — гэта людзі, якія назіраюць за крылатымі, ці, лепш сказаць, акрыленымі істотамі — птушкамі.

Назва гэтага занятку пахо­дзіць ад англійскіх слоў bird (птушка) і watching (глядзець, назіраць). Назіранне за птушкамі па-беларуску прагучыць як “птушкаванне”. Аднак і тэрмін “бёрдвотчынг” прыжыўся і актыўна выкарыстоўваецца. Бачу, што птушкаванне — занятак азартны, бо цікава не толькі здалёк разглядаць птушку, але і фатаграфа­ваць яе. Для гэтага патрэбны бінокль і асаблівы фотаапарат, які здольны наблізіць і пакінуць выразнай выяву маленькага аб’екта. Фотаапарат з масіўным аб’ектывам, цяжкі, а значыць, штатыў таксама важны. Можа здацца, што ў бінокль любы разгле­дзіць птушку, але не так гэта проста. Неабходным з’яўляецца навык супастаўляць рэальнасць аддаленую і набліжаную, прычым арыентавацца трэба хутка. Імгненне — і ваша птушка ўжо адляцела. Так што кожная заўважаная, разгледжаная і захаваная на фота птушка — гэта падарунак, радасць для назіральніка.

Пытаюся ў Ганны пра фота­ўлоў. Яна пералічвае птушак: чорны дрозд, пеўчы дрозд, дрозд-рабіннік, канаплянка, берасцянка, белая сітаўка, малінаўка-заранка, вялікая сініца, палявы верабей, вяхір. “Прыедзем дадому — будзем любавацца фотаздымкамі. Разгледзім падрабязнасці афарбоўкі птушак. Самых-самых прыгожых намалюю, — тлумачыць Аня. — Сябрам пакажам фота­здымкі, убачым і парадуем іх прыгажосцю апярэння птушак, колькасцю відаў птушак у нашай мясцовасці, раскажам пра асблівасці паводзін, незвычайныя факты пра іх. Напрыклад, фатаграфавала паганку (белую паганку можна ўбачыць на Цнянскім вадасховішчы), выгляд у яе сімпатычны ў шлюбным апярэнні і паводзіны ў перыяд заляцання амаль чалавечыя. Паганкі танцуюць адна перад адной, паўтараюць рухі адна адной, робяць падарункі. Зорачку з неба не дастаюць сваёй сяброўцы, але водарасць са дна падня­суць”.

Я даведалася ад Ганны незвычайную для сябе інфармацыю пра тое, што снегіры, аказваецца, круглы год жывуць у нас. Заўважаем мы іх толькі зімой, а ўсё таму, што ў гэты галодны час яны трымаюцца бліжэй да горада, каб пракарміцца. Сарокі ўюць гняздо з дахам з галінак, а птушкі, якія здаюцца чорна-белымі (шпакі і тыя ж сарокі), на самай справе маюць больш складаную афарбоўку пры блізкім разглядзе. Адрозніваць віды — цэлае майстэрства, бо адзін і той жа від можа мець на працягу жыцця рознае апярэнне. Ганна расказала, што веды пра птушак, уменне бачыць іх у прыродзе, адрозніваць віды, фатаграфаваць навучылася ў школе бёрдвотчынгу. Яна прайшла курс “Ад бусла да ястраба”. Наступны курс яе навучання называўся “Акадэмія бёрдвотчынгу”. Настаўнікамі, якіх Ганна Лычкоў­ская ўспамінае з удзячнасцю, быў Сямён Левы і Валерыя Сашко. З імі і іншымі бёрдвотчарамі Ганна сустракаецца на спаборніцтвах па фотабёрдынгу. Дарэчы, зімой прайшоў першы чэмпіянат Беларусі па фотабёрдынгу ў гэтую пару года. І задзейнічана для гэтага мера­прыемства была ўся тэрыторыя нашай краіны, што таксама прапаноўвалася ўпершыню.

Зімовы чэмпіянат для Ганны і Яўгена Лычкоўскіх быў другім у іх жыцці. “Першы раз мы з мужам удзельнічалі ў такім спаборніцтве ў Гомельскім парку ў складзе сямейнай каманды “Чык-чырык”. Атрымалі нават спецыяльны прыз за здаровы лад жыцця, таму што спаборнічалі ў перыяд, калі чакалі дзіця. Сёння дачка Алівія з намі на фотапаляванні. Дома ў нас ёсць кнігі пра птушак, вызначальнікі, даведнікі. Арганізавалі ўласную кармушку перад акном. Выкладваем у яе несалёнае сала, семкі, крупы. Зімой снедалі разам з птушкамі, толькі па розныя бакі акна. Так што для дачушкі ёсць усе ўмовы і шансы захапляцца птушкамі ў будучыні.

З падзей, што запомніліся і ўразілі нас як бёрдвотчараў, хочацца згадаць паездку на кар’еры для назірання за незвычайнай для Беларусі птушкай — залацістай шчуркай. Марым пра магчымасць убачыць гаварэнне глушцоў. Гэта асаблівае назіранне з засідкі. Калі арганізаваць засідку ў палатцы, то на золку можна ўбачыць шлюбныя гульні глушцоў. Ёсць такая з’ява ў бёрдвотчынгу, як лайфер. Так абазначаецца падзея, калі жаданую птушку ты ўбачыў упершыню ці сфатаграфаваў яе. Для мяне важным быў лайфер круцігалоўкі. Спадзяюся і на глушцоў. Захопленаму чалавеку можна весці ўлік убачаных птушак, абменьвацца інфармацыяй на сайце бёрдвотчараў, што мы і робім. У гэтым сезоне навіны такія: можна было ўбачыць рэдкіх гасцей для Беларусі — качку-мандарынку, маранку, чорную казарку”.

Калі нашы чытачы захапіліся аповедам і захочуць паназіраць за птушкамі, ім трэба ведаць наступнае. Этыка назіранняў існуе, і прытрымлівацца яе неабходна. Сваімі дзеяннямі нельга турбаваць птушак. Не варта фатаграфаваць нясенне яек. Калі вы заўважылі гняздо, то лепш трымацца далей ад яго. Не ламайце галіны, не шуміце, не праяўляйце бурна эмоцыі, не махайце рукамі ў час назірання. Калі заўважылі на зямлі птушаня, якое выпала, то не кранайце яго, не забірайце з сабой. Магчыма, гэта подлетак — птушаня, якое ўжо практычна вырасла. Не карміце качак батонам. Гэта шкодна для іх.

Захапленне бёрдвотчынгам уваходзіць у жыццё моцна. Ты пачынаеш жыць гэтым. Твае вушы ўлоўліваюць галасы птушак, ты атрымліваеш задавальненне ад чакання сустрэч з птушкамі, з’яўляюцца жаданне і прычыны для доўгіх прагулак. Прыемна дома разглядаць зробленыя фотаздымкі, маляваць птушак, абмяр­коўваць атрыманыя ўражанні ад фотабёрдынгу. Захоплены чалавек пачынае заўважаць тое, што не заўважаў раней.

Дарагія чытачы, жадаем вам прыемных вясновых адкрыццяў у свеце птушак і не толькі!

Вядучая рубрыкі Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота Ганны ЛЫЧКОЎСКАЙ і з сямейнага архіва.