Хаціёра

Хаціёра — шматгадовая сукулентная расліна роду кактусавых. Радзімай кактуса з’яўляецца Лацінская Амерыка, адкуль ён быў завезены ў Еўропу. Расліна мае форму кроплепадобных злучэнняў цыліндрычнай ці плоскай формы, якія называюцца сегментамі. Кожны сегмент мае даўжыню ад 3 да 7 см. Калючкі адсутнічаюць, аднак у некаторых відаў праяўляецца лёгкае апушэнне. Паміж сцёбламі ўтвараюцца дробныя круглыя злучэнні, праз якія хаціёра ўбірае паветра і вільгаць. Хатні кактус хаціёра расце павольна і дасягае ў вышыню максімум 50 см. У дзікіх жа ўмовах ён можа дасягаць 2 метраў.

Цвіценне хаціёры адбываецца вясной — з сакавіка па май, аднак яно не працяглае і можа доўжыцца 2—3 тыдні. Афарбоўка кветак бывае жоўтай, белай, ружовай і чырвонай, у залежнасці ад віду. Пасля адцвітання пялёсткі ападаюць, на іх месцы з’яўляюцца светла-жоўтыя ці паўпразрыстыя плады акруглай формы. Асноўнай цяжкасцю ў доглядзе расліны лічыцца яе кволасць. Сегменты вельмі кволыя, і абыходзіцца з імі трэба вельмі асцярожна. Дарослым раслінам, у якіх ужо дастатковая коль­касць парасткаў, неабходна дадатковая апора, паколькі парасткі становяцца цяжкімі і цягнуць сцёблы ўніз.

Асвятленне

Гэтая экзатычная прыгажуня вельмі любіць святло. Калі святла будзе недастаткова, гэта паўплывае на колькасць і памер кветак. Аднак ад прамых сонечных прамянёў сегменты могуць атрымаць апёкі. Аптымальным размяшчэннем для хаціёры будуць вокны на захад ці на ўсход.

Тэмпература

На шчасце многіх кветкаводаў, хаціёра спакойна пераносіць перапад тэмператур і добра адчувае сябе пры звычайнай хатняй тэмпературы. Для яе добрымі ўмовамі лічацца 18—23°С. Але ўвосень, калі ў расліны пачынаюць фарміравацца бутоны, яе рэкамендуюць паставіць у памяшканне з паніжанай тэмпературай ад 10 да 16°С.

Такі спачын хаціёры неабходны толькі на 2 месяцы.

У цёплую пару года расліне не пашкодзіць свежае паветра. Для гэтага выдатна падыдзе балкон, лоджыя ці веранда.

Паліў

У летнія месяцы хаціёры патрабуецца рэгулярны і шчодры паліў. Толькі спачатку трэба ўпэўніцца, што верхняя частка грунту прасохла. Вада не павінна застойвацца ў каранях, інакш яны пачнуць гнісці. Для паліву рэкамендуецца выкарыстоўваць ваду хатняй тэмпературы, якая пастаяла некаторы час.

Пасля паліву вадкасць з паддона, калі яна засталася, трэба выліць. У перыяд спакою расліну можна зусім не паліваць, а зімой — у сярэдніх колькасцях.

Завышаная вільготнасць кветцы не абавязковая. Паветра з сярэднім увільгатненнем будзе дастаткова. Зімой, калі паветра ў кватэры можа быць вельмі сухім, можна апырск­ваць простай вадой.

Глеба

Для паўнавартаснага росту і развіцця расліне неабходны грунт, які добра прапускае ваду і паветра, а таксама мае слабакіслую рэакцыю. У склад грунту ў роўных прапорцыях павінны ўваходзіць:

Каб сумесь атрымалася больш рыхлай, дабавіць невялікую колькасць цагельнай крошкі і торфу. Калі няма жадання і магчымасці рабіць грунт сама­стойна, можна выкарыстоўваць гатовы субстрат для кактусаў і сукулентаў.

  • ліставая зямля;
  • дзярновая зямля;
  • перагной;
  • рачны пясок.

Перасадка

Перасадка хаціёры дае магчымасць разбавіць і вызваліць каранёвую сістэму. Па меры разрастання падбіраецца новае месца далейшага знахо­джання кветкі. Хаця частай неабходнасці ў гэтым працэсе няма. У залежнасці ад узросту расліны перасадка право­дзіцца прыкладна па такім графіку: новую маладую расліну перасаджваюць кожны год. Больш сталыя кветкі па неабходнасці — раз у 2—3 гады. Буйныя шматгадовыя экзэм­пляры — раз у 4—5 гадоў. Звычайна робяць гэта вясной пасля заканчэння цвіцення. Вазон выбіраюць не вельмі глыбокі, але крыху большы, чым памеры хаціёры. На дно адразу засцілаюць пласт дрэнажу і рыхтуюць глебу. Перасадка — не вострая неабходнасць, але абавязковая ўмова, якая сведчыць пра тое, што догляд у хатніх умовах хаціёра атрымлівае належны.

Размнажэнне

Хаціёра — кветка шматгадовая. Праяўляецца гэта, праўда, не адразу. Новыя расліны, атры­маныя шляхам размнажэння, пачынаюць расці і зацвіта­юць праз некалькі гадоў. Расліну можна размнажаць двума асноўнымі спосабамі: насеннем ці пасынкамі. Кожны спосаб лічыцца дзейсным і даволі зручным. Да таго ж можна сабраць некалькі пасынкаў ці высадзіць шмат насення ў адну пасудзіну ці вазон, гэта дазволіць узнавіць зараснікі, як у бразільскіх тропіках.

Пры размнажэнні пасынкамі працэс укаранення адбываецца даволі хутка. Гэта робяць у ва­дзе ці спецыяльных мінеральных растворах, такіх як сфагнум ці вермікуліт. Потым пасынкі прасушваюць некалькі дзён, а ў выпадку іх вялікага памеру — і цэлы тыдзень і высаджва­юць у вільготную падрыхтаваную глебу. Таксама здараюцца сітуацыі, калі пасынкі адпада­юць самі і могуць укараніцца і па­чаць прарастаць непасрэдна ў вазоне каля асноўнай кветкі.

Цяжкасці пры вырошчванні

Хаціёра не цвіце. Прычынай гэтага можа быць завяданне і засыханне галін. Нават пры своечасовым паліве такое можа адбыцца з-за невыканання тэмпературнага рэжыму і вільготнасці паветра.

Адсутнічаюць кветкі ці іх малая колькасць. Гэта можа адбывацца з-за парушэння ў падкорм­цы і падборы грунту. Расліне не хапае пажыўных рэчываў.

Ападаюць галіны. Няпра­вільны тэмпературны рэжым і малая колькасць вільгаці. Карані не атрымліваюць належнага догляду. Пашкоджанне галін чарвяцамі таксама негатыўна адбіваецца на іх пругкасці і сіле, бляднее колер. Неабходна паліваць расліну два разы на тыдзень спецыяльным растворам супраць паразітаў.

Шкоднікі і хваробы

З насякомых, якія могуць шкодзіць хаціёры, вылучаюць белакрылку, мучністых чарвяцоў, павуціннага кляшча і шчытоўку. Пры заражэнні шкоднікамі трэба апрацаваць куст інсектыцыдамі. Лепш за ўсё правесці некалькі працэдур.

З’яўленне слізкіх і вільготных плям на сегментах свед­чыць пра заражэнне бактэрыяльнай інфекцыяй. Пры заражэнні трэба апрацаваць хаціёру спецыяльным антыбактэрыяльным прэпаратам. Калі такія захады не дапамогуць, расліну прый­дзецца знішчыць.

Калі расліна вяне нават пасля паліву і парасткі набылі белую афарбоўку, гэта можа быць прыметамі заражэння фузарыёзам і фітафторай. Вылечыць расліну ў гэтым выпадку можна фунгіцыднымі прэпаратамі.

Хаця хаціёра не лічыцца па­трабавальнай і капрызнай раслінай, правілы па яе догля­дзе выконваць трэба абавязкова. Клопат і ўвага да хаціёры — галоўны залог паспяховага вырошчвання. У адказ яна аддзякуе эфектным і яркім цвіценнем, насычанай зелянінай і пышнай кронай.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы, педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.