Ляцім у восень на памацнелых крылах!

Шчасце, якое называецца “Лета”, заканчваецца. Будзем чакаць новых сезонных радасцей наступнага года. Не будзем смуткаваць і сумаваць па леце, таму што яго можна захоўваць назаўсёды ў сваёй памяці, душы, настроях, пачуццях. Ці вяртацца ў летнюю атмасферу, калі захочацца. Наша права на ўсё і да нашых паслуг: фотаздымкі і відэаздымка, варэнні і саленні, сувеніры і прыправы, прывезеныя з дачы ці заморскага адпачынку. Мы можам марыць пра новыя краіны, геаграфічныя прасторы і арганізоўваць загадзя напаўненне будучага адпачынку.

А зараз, сагрэтае летам, нас чакае новае шчасце свежага погляду на сваю прафесію, работу, людзей вакол нас, на сябе самога! Давайце акунёмся ў гэтыя думкі і справы з галавой, без напружання, але з задавальненнем. Калі адчуваеце, што цяжка пераключыцца з адпачынку на работу, паспрабуем зрабіць гэта разам. Для пачатку складзіце спіс вашых жаданняў, можна няпоўны, нахабны, але абавязкова натхняльны. Купіце сабе штодзённік ці блакнот не просты, а незвычайны, арыгінальны, які радуе менавіта вас. Запішыце туды свае жаданні, а можа, штосьці яшчэ, што захочацца.

Напрыклад, думкі, якія радуюць ці перашкаджаюць радавацца. Скажу па сакрэце, што такія блакноты я ўжо набыла для сябе і сяброў (“Блакнот кавамана для ўлюбёных у каву”). Можаце прыдумаць ідэю і самі вырабіць сабе тэматычны ці проста блакнот для важных, неабходных, жыцценакіравальных думак. Гэта велізарнае дадатковае задавальненне. Ці стварыце для сябе штодзённік, у якім прадугледзьце раздзелы не толькі для таго, каб нічога не забыць, ставіць амбіцыйныя мэты, жыць па плане, паспець зрабіць на працягу дня, тыдня, года, але і для радасцей, адпачынку, таго, што цікава, адносін, спраў, якія падкрэсліваюць вашу ўнікальнасць.

Прымем да ведама, што псіхолагі, абапіраючыся на свае даследаванні, сцвярджаюць (магчыма, вы ўжо зрабілі гэтыя адкрыцці самастойна), што яркім, насычаным, паўнавартасным можна адчуваць жыццё тады, калі яно напоўнена радасцю, добрымі адносінамі з людзьмі, сэнсам, уцягненасцю, дасягненнямі. Бадай, паняцце “ўцягненасць” варта пракаменціраваць. Гэта стан, у якім мы цалкам раствараемся ў працэсе таго, чым займаемся, паглыблямся ў стан патоку, не адчуваем ходу часу. Патрэніруемся ўцягвацца. Запрашаем вас у працэс асэнсавання вашага жыцця для яго абнаўлення, развіцця, гарманізацыі. Заўсёды важна рухацца ў гэтым напрамку, каб адчуваць смак жыцця! Такім чынам, ацаніце па дзесяцібальнай шкале, наколькі ў вашым жыцці прысутнічаюць пазітыўныя эмоцыі, сэнс, уцягненасць, адносіны, дасягненні. Можа, колькасная ацэнка неабходных інгрэдыентаў для адчування гармоніі ў жыцці стане нагодай адзначыць у сваім блакноце адказы на пытанні, напрыклад такія:

1. Якія пачуцці ў вас узнікаюць, калі вы думаеце пра пералічаныя складнікі (кожны паасобку)?
2. Ці дастаткова для вас такой колькасці?
3. Якія знешнія крыніцы могуць быць рэсурсамі?
4. Якія асабіста ў вас ёсць магчымасці для развіцця кожнага элемента?
5. Што ўнутры вас дапамагае ўзмацняць, падтрымліваць кожны элемент?
6. Што ўнутры вам перашкаджае развіваць, падтрымліваць кожны элемент?
7. Якія знешнія акалічнасці дапамагаюць, а якія перашкаджаюць?

Важна, каб запісанае ці проста абдуманае прывяло нас да разумення новых магчымасцей, якія ляжаць за рамкамі прывычнага для нас бачання кожнага элемента росквіту асобна і комплексна. Калі мы правядзём такую работу, у нас з’явяцца новыя думкі, адказы і жаданне ўдасканальваць наша жыццё для сябе і іншых. Каб стымуляваць сябе зрабіць такую важную, непрывычную, а значыць, няпростую работу, пачнём з простага:

— запішыце ці падумайце пра тое, што парадавала вас сёння (тры нагоды, але самыя важныя);

— калі вас радуюць фізічныя нагрузкі, то патрэніруйцеся, прагуляйцеся, прабяжыцеся і запішыце ці асэнсуйце, што адчулі;

— складзіце спіс тых, хто вас раздражняе, робіць гадасці, псуе настрой. Прыміце рашэнне выключыць іх з кола зносін ці мінімізаваць кантакты;

— пастарайцеся пражыць дзень, знаходзячыся ў стане лёгкасці і па прынцыпе гульні. Не стаўцеся ні да чаго сур’ёзна, акрамя задавальнення ад гульні. Адзінае абмежаванне — не крыўдзіць навакольных. Не забудзьце зрабіць запісы пра ўражанні ці асэнсаваць вынікі вусна!

Практыкаванні, якія вы зараз вывучылі, прызначаны радаваць, натхняць, весяліць. Працягніце ствараць для сябе такія практыкаванні, эксперыментуйце і пазнаеце сябе яшчэ лепш. Адчуваючы станоўчыя эмоцыі, можна замахнуцца і на крок цяжэйшы: асэнсаваць ці хаця б паспрабаваць зразумець сэнс асабіста вашага цудоўнага жыцця. Для гэтага можна зрабіць вось такія дзеянні:

— падумайце, чаго вы хацелі б дабіцца ў найбліжэйшы год? Якія жаданні ажыццявіць?
— адкажыце сабе, што важнага, таго, што мае сэнс, валодае асаблівым значэннем, вы зрабілі сёння?
— калі ў вас дрэнны настрой з-за няўдач ці страт, што падтрымлівае вас, які сэнс дапамагае пераадольваць негатыў?
— уявіце, што вам 7 гадоў, і напішыце пісьмо сабе сённяшняму;
— перанясіцеся ў сваё 80-годдзе і напішыце сабе пісьмо цяперашняму.

Як вы сябе адчуваеце? Як на атракцыёне “Амерыканскія горкі”? Гэта нядзіўна, бо не кожны дзень мы так практыкуемся. Удзелім увагу адносінам з людзьмі і пошуку рэсурсаў у гэтым напрамку.

— задумайцеся, што вы даяце тым, каго любіце і цэніце: увагу, час, грошы, эмоцыі, дапамогу, рэчы?
— зрабіце нечаканы падарунак свайму знаёмаму, калегу, члену сям’і. Знайдзіце і скажыце добрыя словы. Важна не вартасць падарунка, а сама падзея і эмоцыі, якія пры гэтым узніклі;
— напішыце пазітыўны каментарый у сацыяльных сетках любому пасту, які вам спадабаўся;
— успомніце, з кім з добрых знаёмых вы даўно не мелі зносін, і напішыце ім, дамоўцеся пра сустрэчу дома, у кафэ, у кіно, на канцэрце;
— паспрабуйце пазнаёміцца з тым, хто вам спадабаецца, няважна, дзе гэта адбудзецца.

Не забываем назіраць і апісваць свае ўражанні ад зробленых крокаў і фіксаваць адкрыцці, якія вы здзейснілі. А вось каб хацелася дасягнуць большага ў жыцці, таксама варта патрэніраваць сябе, здзейсніць натхняльныя дзеянні.

Падумайце і знайдзіце адказ на пытанне “Якую б вялікую справу зрабіў ваш любімы герой кнігі ці фільма?”. А ці не пайсці вам па яго слядах? Знайдзіце тое, што вы даўно хацелі зрабіць ці павінны, але не рабілі, і зрабіце гэта. Апішыце свае ўражанні ад гэтага подзвігу.

Не старайцеся ўмясціць усе практыкаванні ў які-небудзь тэрмін. Выконвайце іх спантанна, калі пажадаеце ці калі захочацца сябе падштурхнуць. Стымулам можа служыць жаданне пашырыць свой поспех ці пазітыўнае мысленне, творчае мысленне ці дынамічнасць жыцця, станоўчыя эмоцыі ці насычанасць жыццёвымі ўражаннямі. Уваходзячы ў новы сезон прафесійнага жыцця і прыроды, жадаем усім калегам згоды думак і пачуццяў, толькі ў гэтым выпадку крылы нашай душы набываюць сілу. Бадай, дабавім яшчэ адзін спосаб, які набліжае нас да поспеху. Падтрымлівайце ў сябе пачуццё гордасці за свае дасягненні. Не прымяншайце свае добрыя якасці ніколі. Верце ў сябе, не чакайце асаблівых акалічнасцей як манны нябеснай, пачынайце дзейнічаць. Будучыня расце з сённяшняга дня. Мы фарміруем сваю свядомасць, а яна стварае рэчаіснасць.

Вядучая рубрыкі
Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара.