Калі паставіць мэту знайсці хаця б адно дзіця ў свеце, якое не любіць маляваць, як вы думаеце, ці скончыцца поспехам такая задума? Вы думаеце, што наўрад ці? Немагчыма з гэтым не пагадзіцца. Педагог дадатковай адукацыі Ганна Валер’еўна Палягонька таксама пацвярджае сваю любоў да выяўленчага мастацтва ў дзяцінстве.
— Я запаўняла ўсе альбомы для малявання, якія мама дарыла ў дзяцінстве. Вядомае захапленне дзіцяці — маляваць на сценах! Мама, Галіна Уладзіміраўна, пагаджалася і на гэта. Раскрыю сакрэт: яна мяне садзіла ў вялікую кардонку, менавіта гэтыя сцены я з задавальненнем размалёўвала. Мама сама любіць маляваць. У яе гэта выдатна атрымліваецца.
— Ганна Валер’еўна, мяркуючы па вашай захопленасці творчасцю і зараз, такі пачатак шляху для будучага мастака можна рэкамендаваць бацькам?
— Упэўнена, што гэта цудоўная ідэя — даць магчымасць дзіцяці размаляваць вялікую каробку знутры, бо ў гэтым выпадку малыш можа стварыць для сябе цэлы свет, і пры гэтым развіваць сваю фантазію, любоў да творчасці, а таксама шліфаваць свае выяўленчыя ўменні. Калі я падрасла, мама аддала мяне ў школу мастацтваў на музычнае аддзяленне. Вы, напэўна, здагадваецеся, што, даведаўшыся пра існаванне мастацкага аддзялення ў школе, я сама туды перайшла і займалася 4 гады. Мае выяўленчыя гарызонты ў горадзе дзяцінства Рагачове пашыраліся: я распісала вароты свайго дома, намаляваўшы пейзаж з возерам, потым змяніла пейзаж на снежных барсаў.
У 17 гадоў у тэхніцы аэраграфія стварыла дваццаціметровую карціну на сцяне Дома культуры.
— Ганна Валер’еўна, ваша прафесія зараз для вас сапраўдная справа па душы?
— Ваша праўда. Я вельмі люблю займацца з дзецьмі рознага ўзросту. Навучаю іх выяўленчаму мастацтву ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Эўрыка”, ёсць мае вучні і ў сярэдняй школе № 96. Вялікі дзякуй Святлане Віктараўне Шмагарэўскай і Ірыне Аляксееўне Дрозд — кіраўнікам устаноў, дзе я працую, за стварэнне добрых умоў для развіцця вучняў.
— Ганна, вы з любоўю расказваеце пра сваіх вучняў, іх дасягненні. Вы адносіцеся да іх развіцця, як да стварэння твора мастацтва?
— Як жа аднесціся па-іншаму? Гэта для мяне натуральна. Некаму са сваіх дзяцей я дапамагаю навучыцца маляваць, а некаму — упрыгожыць, змяніць да лепшага сваё дзіцячае жыццё. Заняткі выяўленчай дзейнасцю некаторым з маіх вучняў дапамаглі навучыцца мець зносіны з равеснікамі, некаму — пераадолець памылковыя перакананні, некаму — проста адзявацца з густам, унесці ў сваё жыццё яркі і чысты колер. Прыемна, калі вучні, з якімі ты займаўся ў 6—7 гадоў і развітаўся, таму што дзіця па нейкіх сямейных прычынах перайшло ў іншую ўстанову адукацыі, вяртаюцца менавіта да цябе вучыцца маляванню ў падлеткавым узросце. У гэтым узросце ёсць патрэба не проста вучыцца, але яшчэ і мець зносіны з педагогам. А для гэтага трэба быць захопленым і блізкім па духу. Нядаўна я праводзіла адкрытыя заняткі ў “Эўрыцы” на тэму “Выкананне сілуэтаў чалавека ў руху — танец”. Мае дзеці вельмі мяне падтрымалі і стварылі цудоўныя малюнкі тых, хто танцуе сальсу, ча-ча-ча, балет, хіп-хоп. Навучэнкі Каця Брытвіч, Даша Карэліна, Арлега Піменава збіраюцца звязаць сваё будучае дарослае жыццё з выяўленчым мастацтвам. Ужо абдумалі, куды будуць паступаць вучыцца пасля школы.
— Ганна, а якія выяўленчыя тэхнікі вы прапануеце дзецям? Іх цікавасць да малявання важна падтрымліваць, паглыбляць…
— Мы малюем і ў класічным стылі, і, канечне, для развіцця цікавасці прапаную дзецям незвычайныя тэхнікі. Напрыклад, лінагравюру, маляванне кавай і цукрам, распісванне маек, аквагрым.
— У падлеткавым узросце некаторыя дзеці мараць пра татуіроўкі, каб быць больш дарослымі, брутальнымі, значнымі, прыметнымі. Магчыма, аквагрым можа быць альтэрнатывай татуіроўцы?
— Насіць аквагрым любяць малыя дзеці, але вучыцца наносіць яго цікава і падлеткам. А ў зімовым або летнім лагеры падлеткі таксама будуць фарсіць у аквагрыме з задавальненнем. Дарэчы, на майстар-класе ў Мінску, у час святкавання Дня горада, да мяне звярнуўся з просьбай аб аквагрыме адзін з бацькоў. Таму можна лічыць, што гэтай тэхніцы ўсе ўзросты пакорныя.
— Ганна Валер’еўна, а як наносіцца аквагрым?
— Ствараецца эскіз на паперы, а потым пераносіцца на частку цела спецыяльнымі фарбамі на прыроднай аснове. Гэта важна, каб не нанесці шкоду здароўю.
— Адкуль бяруцца эскізы, якім вобразам аддаюць перавагу дзеці?
— Эскіз можа быць гатовым або самастойна распрацаваным. А вобразы дзеці любяць з казак, мультфільмаў, фантастычных фільмаў. У нас папулярныя снежны барс, тыгр, кот, супергероі, Чалавек-павук, абстрактныя і асіметрычныя ўзоры. Не ўсіх герояў, якіх хочуць намаляваць дзеці, ведаю. Калі дапамагаю маляваць эскіз, прашу апісаць персанажа. Аквагрым выкарыстоўваю падчас інтэграваных заняткаў як заахвочванне. Напрыклад, перад пастаноўкай казкі “Церамок” персанажам наносілі аквагрым. Паколькі ўсе дзеці хацелі ўдзельнічаць у інсцэніроўцы, мы ўвялі дадатковых персанажаў-звяркоў і іх таксама загрыміравалі. У час работы зімовага лагера на базе цэнтра “Эўрыка” для заняткаў па вывучэнні эмоцый чалавека таксама спатрэбіўся аквагрым. Ужо зараз дзеці цікавяцца, ці будзе майстар-клас у горадзе 9 Мая.
— Мастакоў заўсёды пытаюць пра творчыя планы. А якія планы ў вас, Ганна Валер’еўна?
— Планую з вучнямі вясной і летам у Лошыцкі парк выязджаць, маляваць з натуры. Для дзяцей гэта карысна, і мяне таксама захапляе пейзажны жывапіс. У юнацтве я многа малявала ў лесе, бо дыпломная работа была менавіта на гэтую тэму. А родныя месцы і да гэтай пары натхняюць мяне. Нядаўна была ў бабулі ў вёсцы, каля царквы заўважыла лавачку, дрэвы побач з ёй. Зрабіла фотаздымак. Людзі, якім паказала здымак, здзівіліся яго маляўнічасці. Цяпер пішу алеем гэтую лавачку. Мару зрабіць персанальную выставу. Збіраю работы, бо для выставы неабходна прадставіць 50 лепшых работ.
Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара.