Мы ўсё ўмеем, важна верыць

Што адрознівае педагога, які працуе па прызванні, ад проста добрага чалавека? Тое, што галоўнае для яго — садзейнічаць росту і развіццю іншых, быць цярпімым да недасканаласцей іншых, культываваць веру ў поспех іншага, клапаціцца пра іншага больш, чым пра сябе. Побач з педагогам па прызванні дзіця любога ўзросту адчувае сябе ўмелым, талковым, перспектыўным і ўнікальным. Важнай з’яўляецца яшчэ адна акалічнасць: педагог сапраўдны ўсё робіць ад душы і па-іншаму ў яго проста не атрымліваецца. Як навучыцца майстэрству натхняльных зносін з дзецьмі, людзьмі ў цэлым? Самы дакладны спосаб — самому пражыць такі шлях у дзяцінстве. Калі мама і тата, бацькі бацькоў самі жывуць з надзеяй і верай у сябе, сваіх дзяцей і ствараюць. Такое “прамочванне” даўгавечнае і дапамагае дарослым дзецям несці ў сабе і надзяляць іншых дзяцей і дарослых майстэрствам стваральнай веры.

Менавіта так атрымліваецца жыць і працаваць у госці нашай рубрыкі Таццяны Віктараўны Маркавец — культарганізатара сектара выставачнай і фестывальна-конкурснай дзейнасці Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. “Для маіх таты Віктара Пятровіча і мамы Станіславы Казіміраўны не было слова “не ўмею”, хай гэта тычылася напісання вершаў, шыццю адзення, будаўніцтва дома ці… вывядзення мурашоў (яны завяліся ў старой вясковай хаце). Бацькі тлумачылі: пацікаўся ў іншых або прачытай, як зрабіць жаданае, а потым смела дзейнічай. Ты ўсё зможаш!”

— Менавіта таму ваша жыццё, Таццяна, упрыгожвае ўменне ствараць на радасць іншым?

— Смеласць і жаданне паспрабаваць сябе шмат у чым менавіта ад родных. У татавай майстэрні праводзіла шмат часу. Прасіла ў яго палатно, фарбы, пэндзлі і малявала. Там я атрымала яшчэ адзін важны для сябе ўрок веры ў сур’ёзнасць таго, што ты робіш, і ў поспех пачынання. Неяк да таты ў майстэрню зазірнуў яго калега мастак-графік Яўген Кулік. Заўважыўшы мяне за маляваннем, ён параіў: “Адразу стаўся да сваёй работы як да шэдэўра”.

— Псіхолаг пагадзіўся б з сябрам вашага таты. З пункту гледжання гэтай навукі кожны чалавек унікальны і тое, што можа ён (асабліва ў дзіцячым узросце) прыўнесці ў наш свет — непаўторна. Ваш дзіцячы малюнак быў шэдэўрам.

— З татавымі сябрамі мы часта бывалі за горадам, а там здараліся іншыя ўрокі бачання прыгажосці свету вачамі мастака. Дарослыя пыталіся ў мяне: “Прыгожа?” — “Прыгожа”, — пагаджалася я. — “А чаму?” — працягвалі дыялог калегі бацькі. “Сонечны прамень выхапіў частку пейзажу”, — спяшаліся на дапамогу дарослыя. Яны тлумачылі мне прыроду як карціну.

— Да якіх яшчэ відаў, жанраў выяўленчага мастацтва ў вас нараджалася цікавасць? Якія выяўленчыя тэхнікі, рамёствы ўдалося паспрабаваць, асвоіць, палюбіць?

— У школьныя гады працавала з саломкай, глінай, тэкстылем. Пасталеўшы, вучылася саломапляценню ў народнага майстра Таісіі Паўлаўны Агафоненка. Я называла яе дамашнім анёлам з-за яе міралюбівасці, мяккасці, цярпімасці да сваіх родных, да пастаяннай занятасці, штодзённай мітусні. Ад сваёй настаўніцы я атрымлівала ўрокі не толькі саломапляцення, але і мудрасці.

— Творчыя людзі часта адчуваюць пакуты сумненняў у правільнасці выбару жыццёвага шляху, колькасці і якасці свайго таленту, прадмеце прыкладання творчых сіл. І, як правіла, чым ярчэйшы талент, тым больш сумненняў і трывог. Такія думкі вас турбуюць?

— Наведваюць! Зрэшты, як і любога неабыякавага чалавека. Але я ім адказваю новымі творчымі прадуктамі, асвойваю новыя віды мастацтва, знаходжу захапляючыя заняткі.

— На майстар-класе па роспісе керамічных свістулек, на якім я прысутнічала як ваша госця, вы згадалі, што збіраеце калекцыю такіх цацак. Як нарадзілася цікавасць да свістулек з гліны як аб’ектаў калекцыяніравання?

— У мяне ёсць адукацыя па кераміцы. Школьны вучэбна-вытворчы камбінат выдаў пацвярджальны дыплом. Вырабы з гліны — гэта яшчэ і вяртанне да сваіх каранёў. Мае сыны Цімафей і Антон з задавальненнем гуляюць з экспанатамі. У кагосьці за шклом буфетаў і горак стаяць сервізы, а ў мяне — свістулькі. Уся калекцыя там не змяшчаецца, і таму некаторыя свістулькі захоўваю запакаванымі ў скрынкі. Яны чакаюць свайго часу быць выстаўленымі. Сама ствараю свістулькі, купляю, некаторыя экзэмпляры прывозяць з падарожжаў сябры. У маёй калекцыі ёсць свістулькі з ЗША, Даніі, Італіі, Турцыі.

— Цацкі-свістулькі бываюць толькі птушкамі?

— У мяне ёсць свістулькі: збаны, рыбы, коні, маскі, перцы і нават прас.

— Таццяна Віктараўна, ведаю, што вы валодаеце рэдкім уменнем выцінанкі.

— Так і ёсць. Пачала асвойваць выцінанку яшчэ ў дзяцінстве. Бацька прынёс кнігу Вячаслава Дубінкі “Жывыя літары”. Менавіта з яе ўсё пачалося. Тады я яшчэ не ведала, што праз нейкі час буду назіраць, як сам Вячаслаў, каб прабавіць час у аэрапорце, возьме кавалачак паперы, выме вялікія нажніцы, як быццам для стрыжкі авечак, і на свет народзіцца выраб незвычайнай прыгажосці. І не ведала я тады, што нашы вырабы будуць экспанавацца побач на мастацкай выставе. Працэс і вынік выцінанкі радуе людзей. Як тут не захапіцца?! Навучылася сама, паказала сяброўцы.

— Ці засталося месца мастацтву выцінанкі ў дарослым жыцці?

— Цікавасць не знікла. Свае дарослыя работы экспанавала на мастацкіх выставах у Гродне, Мінску.

— Якія тэмы выбіраеце для выцінанкі?

— Любімыя — дрэва жыцця, буслы, раслінны свет Беларусі, архітэктура Беларусі. Ёсць выцінанка, разглядаючы якую, я адчуваю асаблівыя пачуцці. Яе сюжэт падказала мне кампазіцыя на дыване, які вышыла мая прабабуля Марыля. У цэнтры — дзве елкі, ніжэй — чатыры баравічкі. Бабуля тлумачыла, што елкі — гэта яна і дзядуля, а баравічкі — іх дзеці. Гэты сюжэт зараз больш зразумелы і дарагі мне, чым у дзяцінстве. Пасталеўшы, я зразумела бабуліну задуму і паўтарыла яе ў выцінанцы. Ёсць цікавасць у мяне і да ткацтва, і некаторы вопыт ёсць. У юнацтве ўдзельнічала ў рабоце міжнароднага праекта для маладых мастакоў, якія займаюцца ткацтвам, што праходзіў у Даніі. На праекце саткала габелен і падарыла яго бабулям і дзядулям у дом-інтэрнат.

— Крыніцы натхнення творчага чалавека заўсёды цікавяць нашых сяброў, родных, людзей, якім падабаецца наша творчасць. Што скажаце пра свае, Таццяна Віктараўна?

— Мне важна, каб тое, што я ствараю, некага радавала, некаму было патрэбным, важным, прыемным. Мае родныя прадзядуля і прабабуля Алесь і Марыля Цецяронак адкрылі мне гэтую ісціну. Калі мы сустракаліся, Алесь і Марыля распытвалі, чым я захапляюся, чым займаюся. Неяк я расказала, што задумала зрабіць фігурку барана з саломкі. Прадзядуля сказаў, што яму гэтая ідэя вельмі падабаецца, што ён бы гэтага барана проста купіў. Зрабіла, прывезла паказаць, падарыць. Прадзядуля і прабабуля — у захапленні. Алесь гаворыць: “Як я гэтага барана чакаў і думаў пра яго!” Налюбаваліся на майго саламянага героя, потым выставілі ў акне. Самі цішком назіралі рэакцыю аднавяскоўцаў на мой твор мастацтва. А вы бачылі, Святлана, як радаваліся калегі, якія ўдзельнічалі ў рабоце майстар-класа, свістулькам, распісаным уласнаручна?

— Я заўважыла, як прыемна ім было панесці з сабой распісаных птушак.

— Мяне натхняе магчымасць дзяліцца сваімі ўменнямі, назіраць за поспехамі дзяцей і дарослых. Зараз радуюся работам дзяцей нашага роднага Мінска, прысвечаным 130-гадоваму юбілею Язэпа Драздовіча. У МДПДіМ нядаўна прайшло ўзнагароджанне пераможцаў, і гэтую цырымонію даверылі весці мне.

Кожны марыць быць шчаслівым і бачыць шчасце ў нечым сваім. Аднак для ўсіх важна, каб жыццё было запоўнена любімай справай, каб нам і ў нас верылі, паважалі і прымалі сур’ёзна, любілі і спадзяваліся. Усё гэта можа аддаць і атрымаць чалавек самай важнай прафесіі на свеце — педагог. На палатне часу, якое прысвечана дзецям, можна ствараць шэдэўры. Пастараемся?

Святлана РАДЗЬКОВА.