На што глядзяць жанчыны

Калі справа ідзе і развіваецца, то самі па сабе нараджаюцца традыцыі, звязаныя з ёй. Яны ў сваю чаргу падтрымліваюць справу, даюць прыклад і глебу для творчага падыходу да яе.

Так і ў нашай рубрыцы становіцца нормай вяртацца да “старых” герояў, якія здзейснілі прарыў у сваім захапленні.
Днямі адбылася падзея, якая нагадала пра настаўніцу па класе фартэпіяна дзіцячай музычнай школы № 4 Мінска Ірыну Новікаву. Ірына захапляецца фатаграфіяй, летась у яе прайшла персанальная выстава фотаработ. Сёння яна выступае ў якасці арганізатара праекта. Дзякуючы яе ініцыятыўнасці і падтрымцы, у памяшканні сталічнай бібліятэкі № 17 адкрылася экспазіцыя “Жаночы погляд”, дзе пяцёра жанчын — Таццяна Падзерава, Людміла Красіева, Людміла Ласіцкая, Людміла Грыгор’ева, Зоя Іванюціна — прадставілі сваё фота- і акварэльнае мастацтва.
Змест “Жаночага погляду” аказаўся настолькі яркім, што, паглыбіўшыся ў сузіранне работ, я забылася пра пахмурнае і халоднае надвор’е, цяжкія працоўныя будні пражытага тыдня. На здымках — родная беларуская і экзатычная італьянская прырода, архітэктура, горы Каўказа, людзі, жывёлы. Побач з поглядам фотамастака — уражанні акварэліста, увасобленыя ў серыі карцін “Восень — маё жыццё”. Памеры і назвы работ узмацняюць уражанне ад іх, натхняюць, выклікаюць усмешку. Напрыклад, два фотаздымкі работніка гандлю Таццяны Падзеравай звязаны сюжэтам і назвамі: адзін з іх “Речка движется”, другі — “И не движется”. Назва нарадзілася ў аўтара падчас афармлення выставы, калі сяброўцы захацелася заспяваць усім вядомую песню “Падмаскоўныя вечары”. Іншыя назвы таксама выклікаюць фантазію, прагу да падарожжаў: “Пранізаныя святлом”, “Малінавая рапсодыя”, “У воблаках”.
Фотаработы серыі “Блакітныя азёры” архітэктара Людмілы Красіевай добрыя не толькі з эстэтычнага пункту гледжання, але і ўнікальныя: азёры, як на здымках Людмілы, цяпер ужо нельга ўбачыць, таму што дрэвы вакол іх моцна разрасліся і часткова хаваюць прыгажосць і веліч воднай плыні.
Фотаздымкі Людмілы Грыгор’евай з серыі “Кветкі Каўказа” прыгожыя і даюць магчымасць убачыць тое, што можа ўспрыняць і разгледзець толькі турыст-горнік. Дзякуй Людміле за такую магчымасць, бо не ўсе могуць падняцца так высока ў горы і сузіраць іх прыроду з такой інтымнай адлегласці.
Сярод удзельнікаў выставы ёсць асабліва блізкія нам па духу людзі — прадстаўнікі педагагічнай прафесіі Людміла Ласіцкая і Зоя Іванюціна. Людміла Георгіеўна — музычны кіраўнік дашкольнай установы, Зоя Міхайлаўна ў недалёкім мінулым — выкладчык хімічнага факультэта БДУ і Ліцэя БДУ, а зараз — мастак-акварэліст і выкладчык танцавальнай гімнастыкі з элементамі ўсходняга танца ў сацыяльным цэнтры Цэнтральнага раёна сталіцы. У абедзвюх жанчын вытанчаныя і пранізлівыя работы па колеры, тэматыцы, глыбіні ўспрымання жыцця. А тэхнікі перадачы жыццёвых уражанняў розныя: у Людмілы — фатаграфічныя, а ў Зоі — жывапісна-акварэльныя. Дарэчы, у абедзвюх жанчын на выставе асаблівая сітуацыя. Работа Людмілы Ласіцкай “Жаночы погляд” з’яўляецца лейтматывам выставы, а Зоя Іванюціна — адзіны ўдзельнік, які малюе акварэллю практычна прафесійна, бо за яе плячыма навучанне акварэльнаму жывапісу ў прафесара В.І.Рынкевіча. Зоя Міхайлаўна складае вершы і паэтычныя радкі ўключае ў жывапісную работу. Напрыклад: “Осень перед зимой отступает достойно, золотым огнем объята”.
Фотаздымкі Людмілы Ласіцкай не толькі аб прыгажосці прыроды, хаця гэтая тэма цікавая і самадастатковая. Людмілу Георгіеўну цікавяць яшчэ і сацыяльныя сюжэты. Многім гасцям выставы спадабаліся здымкі, зробленыя Людмілай у парку імя Максіма Горкага ў Мінску, Львове, Рыме.
Выстава ў дзень адкрыцця (22 лістапада) парадавала наведвальнікаў яшчэ двума прыемнымі сюрпрызамі: невялікім канцэртам аўтарскай песні з удзелам бардаў Вадзіма Мезенцава і Сяргея Антонава і чаяпіццем з дэгустацыяй выпечкі ўдзельніц праекта. Жаночы погляд аказаўся духоўным, эстэтычным, натхняльным, а яшчэ музычным і смачным. За кубачкам чаю гасцям мерапрыемства было пра што пагутарыць. Яны дзяліліся ўражаннямі ад экспазіцыі, нараджаліся ўспаміны, звязаныя з фотаздымкамі, будаваліся планы на будучыню. Вядома, на адкрыццё запрашаліся ў асноўным сябры, калегі, знаёмыя і іх дзеці. Аднак усе жадаючыя на працягу месяца змогуць наведаць выставу, палюбавацца вясной, летам і восенню, адлюстраванымі на фота і ў мастацкіх работах у бібліятэцы № 17 Мінска.
Асаблівую падзяку кіраўнік праекта Ірына Новікава, усе ўдзельнікі, госці выставы выказваюць Ірыне Чарняўскай — дырэктару бібліятэкі, якая ва ўсім дапамагала ў працэсе арганізацыі і адкрыцця “Жаночага погляду”. Удзельнікі выставы, натхнёныя поспехам, плануюць арганізаваць і “Мужчынскі погляд”. Можа, гэта добрая нагода для нашых чытачоў, неабыякавых да фотамастацтва. Далучайцеся да фотаталентаў!

Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара.