Навагодняя казка ў школе

Лічаныя дні застаюцца да пачатку 2020 года. Святочны настрой лунае ўсюды. Навагодняя казка прыйшла і ў 9-ю школу Слоніма.

Вось ужо снежныя гурбы, навагоднія цацкі, серпанцін і вясёлыя звяркі апанавалі вокны вучэбных кабінетаў. Яркая святочная ілюмінацыя ззяе, падміргваючы рознакаляровымі агеньчыкамі і вымаўляючы “Хутка-хутка Новы год!”. На ганку школы размясцілася ёлка, уся ў велізарных бутафорскіх цукерках, а пад ёй — маленькія гномікі. І раптам нават старамодны дзіцячы веласіпед ператварыўся ў казачную павозку з навагоднімі падарункамі. А што ж чакае ўсіх у школе? Конкурс фотазон “Чараўніцтва Новага года”!

На працягу першага тыдня снежня ў школе штодня з раніцы і да вечара працавала майстэрня Дзеда Мароза, у якой усе стараліся на славу — і педагогі, і навучэнцы, і нашы галоўныя памочнікі — бацькі. Сапраўды, так важна падарыць свята сабе і тым, хто побач.

Першая і галоўная фотазона адлічвае хвіліны да сустрэчы Новага года і носіць усім вядомую назву з аднайменнай песні “Пяць мінут, пяць мінут…”. Праходзім далей. На першым паверсе фотазону “Новы год да нас стукаецца!” зрабілі 5—7-я класы. Тут знайшлі сваё месца ёлка, камін, цацкі і, вядома, выдатны настрой! А ў правым крыле школы сваю фантазію праявілі першакласнікі, стварыўшы адразу дзве навагоднія кампазіцыі — “Калядную казку” і “Новазнайку”.

Другі паверх пераносіць нас у “Лясное царства”, у якім пара аленяў гатова сустрэць усіх лясных жыхароў і панесці іх у снежную далеч… Фотазоны “Навагодні настрой”, “Назад у СССР”, “Новы год у лесе” пераносяць у свет будучага свята, у дзяцінства, дзе былі і камін, і ёлка, і салодкія падарункі ў рознакаляровых абгортках, і абавязковае катанне на санках. Вядома, які Новы год без прысмакаў?! Заходзь на трэці паверх і купляй іх у краме прысмакаў. Кампазіцыя “Ах, гэтыя навагоднія прысмакі…”, несумненна, кожнаму падорыц­ь адчуванне свята. І вось нарэшце ў кадэцкім корпусе яшчэ адна фотазона “Штаб атрада навагодняга прызначэння”. У палатцы, у хвіліну адпачынку, спяць спакойна байцы, на вогнішчы дыміцца чай, і, вядома ж, зіхаціць навагодняя ёлка…

Вось так, творча, крэатыўна, дружна можна наблізіць навагодняе свята. Рэспубліканская акцыя “Нашы дзеці” крочыць па ўсёй краіне, і ў дзявятай школе Слоніма таксама. Дзякуй вам, дзеці, педагогі, бацькі, за святочнае навагодняе ўпрыгажэнне школы, якое ўзды­мае настрой і дорыць усім радасць.

Святлана КОВАЛЬ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 9 Слоніма.