Жадаем вам жадаць жаданне!

Хто не верыць у магію Новага года — падніміце рукі! Калі такія знойдуцца, то ўжо тых, хто не верыць у псіхалагічную магію чароўнага свята, мы дакладна не сустрэнем. Верым і правільна робім. Такі падыход, у тым ліку і да здзяйснення жаданняў, дае магутны імпульс да таго, што спраўдзяцца менавіта запаветныя, загаданыя на радасць вам і блізкім жаданні для агульнага дабра, якія вібрыруюць у гармоніі са светам!

Задумаемся пра тое, што калі мы не здзяйсняем свае жаданні, то ці жывём мы сваё ўласнае жыццё і ці не з’яўляемся інструментам здзяйснення жаданняў іншых? Хаця менавіта ў час святкавання Новага года і Каляд цудоўна здзейсніць жаданне блізкіх і людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Такія нашы дзеянні прынясуць радасць, натхняць, акры­ляць. І ўсё ж нашы ўласныя жаданні маюць значэнне, і варта імкнуцца да іх увасаблення ў жыццё, але абдумана, асцярожна, выверана. І жартам, і сур’ёзна пагаворым пра “тэхналогію” здзейсненага жадання. Пачынайце з пазітыўнага настрою. Загадваць што-небудзь неабходна, знаходзячыся ў гуморы, у прыўзнятым настроі, добра сябе адчуваючы, адпачыўшы.

Гавораць, што расказваць іншым пра задуманае жаданне нельга — не здзейсніцца. У Новы год загадваюць усе, і таму лёгка выканаць умову. Бо не да расказаў і слуханняў — трэба па­спець задумаць да заканчэння бою га­дзінніка, які абвяшвае поўнач! Якія тэхнічныя дэталі ў гэтай навуцы здзейсненага жадання варта ведаць? А тое, што ручка і папера — па-са­праўднаму чароўныя інструменты ў гэтай прасторы жаданняў. Менавіта запісаныя маюць больш шансаў ажыццявіцца. Як правільна запісаць жаданне? Пішыце канкрэтна. Удзяліце ўвагу дэталям. Устаўляйце ў фармулёўку словы “радасна”, “лёгка”, “з задавальненнем”, выключайце часціцу “не”, выкарыстоўвайце цяперашні час. Можаце нават зазначыць тэрміны. Напрыклад, я прачынаюся лёгка і радасна кожнай зімовай раніцай, акрамя выхадных! Я з задавальненнем святкую наваселле з роднымі гэтай вясной ва ўласнай кватэры. Я радасна разгортваю свой студэнцкі білет у верасні і чытаю, што я студэнт педагагічнага ўніверсітэта факультэта псіхалогіі! Няхай вам падабаецца кожнае слова.

Калі вы напішаце апавяданне “Як я даведаюся пра тое, што жаданне здзейснілася?!”, уключаючы ў яго падрабязнае апісанне сваіх слыхавых, смакавых, нюхальных, тактыльных адчуванняў, то абавязкова наблізіце яго здзяйсненне і ўжо дакладна не прапусціце момант. Запіску з жаданнем ці апавяданне можна насіць з сабой ці пакласці ў зацішным месцы (пад падушкай, у шкатулцы для біжутэрыі, партманеце). Вельмі важна загадваць тое, што не нашко­дзіць іншым людзям. А калі ваша жаданне звязана з іншым чалавекам, то ўсё ж фармулюйце яго праз сябе: “Я шчаслівая маці здаровых дзяцей”, “Я муж добрай і беражлівай жонкі”.

Цудоўна, што чалавецтва заў­сёды жадала і будзе жадаць. Гэты стан даваў людзям надзею, дапамагаў перажываць цяжкія часы, матываваў і ўзнагароджваў. Успо­мнім казачныя інструменты і персон, якія здзяйсняюць жаданні, — гэта Залатая Рыбка, Шчупак, Джын, Абрус-самабор, Чароўная палачка, Двое з куфэрка. Мы з вамі ў навагодні час і не толькі можам стаць самі сабе Залатой Рыбкай, толькі трэба дабрацца да свайго са­праўднага “я”. А гэта няпроста! Як толькі вы ўсвядоміце і сфармулюеце сваё сапраўднае жаданне, адразу тысячы рук і акалічнасцей прыйдуць вам на дапамогу. З чаго складаюцца жаданні, мары? З грамадскіх каштоўнасцей, асабістага досведу, зносін са значнымі людзьмі, кніг, фільмаў, установак сям’і, крытэрыяў поспеху ў канкрэтны час, у канкрэтным грамадстве. Чалавек проста ахутаны шаблонамі, якія ўкараніліся ў падсвядомасць, якім павінен быць шчаслівы чалавек. Аддзяліць са­праўды сваё, асабістае, жаданае ад навязанага стэрэатыпамі і іншымі людзьмі важна, можна, хаця і цяжка. Прыслухоўвайцеся і прыглядайцеся да сябе, да адчуванняў цялесных і душэўных, да эмоцый і пачуццяў. Яны не падмануць. Ёсць камфорт — вы блізкі да сябе. Не — значыць, вы на чужой тэрыторыі. Працягвайце шукаць сваю.

Загадваючы жаданне, мы павінны ведаць пра такую з’яву, як страх перад поспехам. У гэтым выпадку чалавек спыняецца за крок да поспеху ці пазбягае тых дзеянняў, якія маглі б прывесці яго да значнага поспеху. Напрыклад, мастак не паказвае свае карціны тым, хто арганізоўвае выставы, лідар па прызванні не вылучае сваю кандыдатуру на кіруючую пасаду, пісьменнік перастае пасы­лаць у выдавецтвы свае творы. Чаму мы можам баяцца поспеху? Якія прычыны нашага страху?

Мы не ведаем, як поспех, здзей­сненае жаданне паўплывае на нас і нашы адносіны з навакольнымі. Нас палохае магчы­масць няўдачы. Калі мы паспяховыя, мары і жаданні ажыццявіліся — нас чакаюць змены, яны непазбежныя. Мы можам баяцца дыскамфорту ад гэтага. Поспех, здзейсненае жаданне выстаўляе нам больш высокую планку дасягненняў. Гэта можа азначаць, што прыйдзецца больш напружвацца, больш удзяляць часу, магчыма, адмовіцца ад мернага тэмпу жыцця. Мы супраціўляемся гэтаму выкліку. Калі вы адчуваеце сябе вінаватым перад навакольнымі, якія не адчулі такога ж поспеху; вы стараецеся не дзяліцца сваімі дасягненнямі з іншымі людзьмі; вы адчуваеце, што не заслугоўваеце поспеху; вы адкладваеце праекты, якія могуць прынесці вам прызнанне; вы рызыкуеце сваімі ідэямі ці мэтамі, каб не абразіць іншых людзей; вы лічыце, што поспех мае часовы характар і вы не зможаце яго падтрымліваць, то гэта прыметы страху перад поспехам. Не прымайце свой страх перад поспехам — змагайцеся. Крыху памяняўшы сваё мысленне, вы зможаце навучыцца без страху ўспрымаць свой поспех:

1. ПРЫЗНАЙЦЕ, што вы не можаце быць шчаслівым і рэалізаваным, паставіўшы пад пагрозу свае каштоўнасці, мэты.

2. ПРЫМІЦЕ непазбеж­насць дыскамфорту. Радасць ад поспеху робіць дыскамфорт намнога больш цярпімым.

3. АДПУСЦІЦЕ павіннасць. Зразумейце і прыміце тое, што вы лепш ведаеце, што вам падыхо­дзіць. Мы не павінны быць тым, кім нас хочуць бачыць навакольныя, ці рабіць тое, што гавораць нам навакольныя.

4. АТРЫМЛІВАЙЦЕ АСАЛОДУ АД ПРАБЛЕМЫ. Памяняйце свае думкі аб праблемах, каб убачыць іх хутчэй пазітыўнымі, чым негатыўнымі. Праблемы могуць быць станоўчымі і прыемнымі. Яны ўдасканальваюць нас, утрымліваюць у стане засяроджанасці, разумовага патоку, і мы перастаём сачыць за часам.

5. ПЕРААСЭНСУЙЦЕ НЯЎДАЧУ. Пачніце разглядаць няўдачу як прыступку поспеху, тады дакладна няма чаго баяцца. Калі вы спрабуеце дабіцца поспеху, вы рызыкуеце пацярпець няўдачу. Аднак няўдача можа быць сведчаннем таго, што вы зрабілі дзеянне і адказалі на выклік. Няўдача дае магчы­масць вучыцца, расці.

6. ПРОСТА ДЗЕЙНІЧАЙЦЕ. Задавайце канчатковы тэрмін разважанням. Не дапускайце, каб разважанні працягваліся бясконца.

7. ЗНАЙДЗІЦЕ  СВАЁ  АКРУ­ЖЭННЕ. Якасць людзей, якія вас акружаюць, уплывае на ваш уласны стан розуму і светапогляду. Незалежна ад таго, што вы робіце, зводзьце да мінімуму правядзенне часу з людзьмі, якія спрабуюць утрым­ліваць вас ці бачаць жыццё негатыўна.

8. АДЗНАЧАЙЦЕ КОЖНЫ ЭТАП, дасягнуты на шляху да поспеху, і не прымяншайце свае здольнасці і дасягненні. Падзяліцеся сваімі паспяховымі этапамі і пахваліце сябе. Людзі, якія хочуць лепшага для вас, будуць святкаваць разам з вамі.

Пагаварылі сур’ёзна, а цяпер павесялімся і пагуляем у знакі задыяка. Даведаемся, як загад­ваць жаданні прадстаўнікам розных стыхій.

Вогненная стыхія (прадстаўлена сузор’ямі Авена, Ільва і Стральца). Вашым асноўным памочнікам з’яўляецца сіла агню. Таму, калі загадваеце нешта, абавязкова запальвайце свечку і ўглядайцеся ў яе полымя. Пасля рэалізацыі задуманага можна спаліць лісток і абавязкова выказаць сваю шчырую ўдзячнасць усім сілам вакол вас за іх дапамогу.

Водная стыхія (у яе ўвахо­дзяць сузор’і Рака, Скарпіёна, Рыб). Вашым галоўным памочнікам з’яўляецца вада. Таму астролагі раяць задумваць тое, пра што вы марыце, знаходзячыся побач з вадаёмамі, гледзячы пры гэтым на водную гладзь. Запішыце жаданне на папяровым лістку, потым зрабіце з яго караблік і пусціце па цячэнні. Пры нашым надвор’і зімой гэта магчыма.

Зямная стыхія (да яе адносяцца знакі Цяльца, Дзевы і Казярога). Вашы лепшыя памочнікі — матэрыяльныя рэсурсы і ежа. Загадвайце жаданне на манетку і насіце яе пры сабе да таго часу, пакуль усё не ажыццявіцца. Можаце штосьці жаваць у працэсе загадвання.

Паветраная стыхія (прадстаўлена сузор’ямі Блізнят, Шаляў і Вадалея). Вам дапаможа вясёлая кампанія і аблокі. Таму лепш задумваць жаданае ў асяроддзі блізкіх людзей. Можна, канечне, рабіць гэта і ў адзіноце, асабліва калі жаданае мае асабісты характар.

Кожны чалавек таленавіты ў нечым сваім. Памятайце, што наш талент нас жа і абавязвае. Гэта значыць, існуе абавязак у адносінах да свету — з усяе сілы старацца рабіць тое, што вы ўмееце і любіце. Кожны з нас — рэсурс Сусвету і яго скарб.

Каб год прайшоў без турбот і непрыемных праблем, трэба накрыць стол беласнежным абрусам у гонар гаспадыні надыходзячага года, а ў цэнтры на ганаровым месцы паставіць статуэтку Пацука з металу, пластмасы, шкла. Побач пастаўце піялу з арэшкамі ці зярнятамі, а пад статуэтку пакладзіце запіскі з жаданнямі. Напісаць іх трэба зага­дзя, абдумана, не спяшаючыся. Будзем стрыманымі, бо больш за дванаццаць жаданняў сімвал года ў нас не прыме! Шчаслівага Новага года!