За пяць хвілін да вясны самы час пагаварыць пра настрой, з якім мы яе сустрэнем. Пабудова настрою зусім не марнаванне часу, бо мы ствараем псіхалагічны фундамент жыцця ў важны момант, калі хочацца абнавіцца разам з прыродай, перагледзець свой погляд на свет і, нягледзячы на зімовую стомленасць, падтрымаць сябе і іншых сваім добрым настроем. Важней за ўсё для педагога як прафесіянала і чалавека тое, колькі жыццяў ён змяніў да лепшага, на колькіх людзей паўплываў і каму дапамог адбыцца. Лейтматыў нашага дыялогу сёння: рабі дабро — гэта прыемна!

Першымі па спісе на ўключэнне ў аўру дабра пасля зімовага жыцця стаім мы самі. Звернем увагу на думкі і адкрыцці людзей, якія дапамагаюць падрыхтавацца быць добрым і шчодрым да сябе, а потым і да іншых. Сіла думкі — поспех у жыцці. Два стагоддзі назад мудрацы ўжо лічылі, што панаванне над мысленнем дае ўладу над целам і жыццём і што розум — першая ўмова для шчасця. Магчыма, сёння мы прадукт таго, што ў апошнія гады перадумалі.
Думка першая, якая робіць дабро: смех і радасць дабратворна ўплываюць на нас. Даследаванні паказалі, што напружаныя псіхічныя станы (трывога, прагнасць, страх, хваляванне) перашкаджаюць эфектыўнай рабоце імуннай сістэмы. Змагайцеся з негатывам у душы, чытаючы вясёлыя кнігі, глядзіце камедыі, відэазапісы, якія захавалі смешныя моманты жыцця людзей і жывёл. Падсвядомасць прымае за чыстую манету ўсё, што свядомасць прадстаўляе ёй як факт. Словы песні Алёны Свірыдавай “Думай о хорошем — я могу исполнить!” — справядлівыя, калі разглядаць іх у псіхалагічным ракурсе. Думайце і ўяўляйце пераважна тое, што жыватворна і гаюча напаўняе душу шчасцем і радасцю.
Думка другая, якая робіць дабро: усё пачынаецца з ідэі. Усведамляем уладу ідэі. Ідэя з’яўляецца пачаткам любога развіцця. Усё, што знаходзіцца вакол нас, узнікла з ідэі. І нават калі ваша здаецца нязначнай, то памятайце, што яна можа развівацца ўшырыню і ўглыбіню. А найлепшы спосаб стварыць добрую ідэю — мець многа ідэй.
Думка трэцяя, якая робіць дабро: мы становімся тымі, кім сябе ўяўляем. У дзяцінстве Сальвадор Далі быў вельмі сарамлівым. Пазбягаў зносін з людзьмі і нават хаваўся ў кладоўцы. Аднойчы яго дзядзька падказаў яму, як перастаць саромецца: “Уяві сабе, што ты іграеш ролю чалавека таварыскага”. У юнага Сальвадора атрымалася змяніцца. Яго ўпэўненасць у сабе дазволіла ў будучыні быць настолькі смелым, каб здзівіць свет своеасаблівасцю свайго погляду на яго. З дапамогай намеру і дзеянняў мы можам змяніць погляд на сябе і паўплываць на тое, як нас бачаць іншыя, зразумела, у лепшы бок. Гэтага дабіцца лягчэй, чым можа здавацца. Правядзём эксперымент. Пачніце рабіць спантанныя добрыя ўчынкі. Напрыклад, павіншуйце суседзяў прыгожымі паштоўкамі і добрымі пажаданнямі, паклаўшы іх у паштовую скрыню, у дні паміж святамі ці прыдумайце сваё свята (дзень здачы вашага дома ў эксплуатацыю, першы дзень вясны, з пачаткам выхадных і г.д.). Скажыце прадаўцу ў магазіне пра тое, што вы аддаяце яму перавагу перад іншымі супрацоўнікамі з-за яго добразычлівасці, умення даць параду, ведання тавару. Прачытайце вучням вершы, жартуйце часцей на ўроках. Аплаціце пірожнае сваё і для іншага чалавека, растлумачыўшы прадаўцу, што хочаце пачаставаць першае дзіця, якое прыйдзе пасля вас. Гаварыце фразу “Пачніце рабіць спантанныя добрыя ўчынкі” знаёмым і калегам, пішыце яе ў канцы сваіх пісьмаў. Гэта значыць, запусціце эстафету дабра. Такая думка якраз і можа стаць ідэяй, якую вы будзеце пашыраць і паглыбляць.
Цяпер мы гатовы правесці наступны эксперымент. Уявіце, што вы пераскочылі на 5 гадоў у будучыню. На першай паласе нашай газеты надрукаваны ваш вялікі фотаздымак і апублікаваны вялікі артыкул пра вас як пра выдатнага творчага педагога года. Падумайце, што вы зрабілі, каб заслужыць гэта. Што вы стварылі, вынайшлі, рашэнне якой праблемы прапанавалі? Уявіце, што міністр адукацыі вам тэлефануе, таму што збіраецца выступіць з прамовай пра ваш поспех і просіць парады, што яму сказаць. Што вы хацелі б пачуць з яго вуснаў?
Удзельнічаючы ў нашых эксперыментах, памятайце, што мы становімся тымі, кім сябе ўяўляем. Тое, што мы гаворым і робім, паступова ператвараецца ў тое, у што мы верым. Нашы паводзіны ўплываюць на наша ўспрыманне навакольнага свету. Успомнім сітуацыі, калі мы былі засмучаны, але павінны былі прыйсці на дзень нараджэння ці вяселле. Ці заўважалі вы, што на гэтых мерапрыемствах вы сінхранізуеце свае рухі, позы, інтанацыі з рухамі, позамі, галасамі прысутных? У выніку пераймання мы самі набываем святочны настрой. Гэта значыць, беручы прыклад са шчаслівага чалавека, мы самі становімся шчаслівейшымі. Натуральнае жаданне чалавека — стаць больш энергічным, крэатыўным на рабоце і ў асабістым жыцці. Сустракаючы людзей, поўных жыццёвай энергіі, таленавітых, творчых, мы пачынаем думаць, што мы здольны на большае. Гэта, безумоўна, так, вы здольны. Першым крокам да новага асабістага поспеху можа стаць атаясамліванне сябе з гэтым чалавекам у сваім уяўленні.
Ганарыцеся сваімі дасягненнямі. Часам мы хутка страчваем адчуванне радасці і перамогі таму, што нас захапляюць новыя задачы. Думкі пачынаюць належаць ім. Адсюль адчуванне, што няма перавагі ад ужо дасягнутага, што пачынаем зноў з нуля. Складзіце спіс таго, што ўдалося дасягнуць, без чаго сённяшняе жыццё было б менш якасным. Чытаючы спіс, вы зразумееце, што нічога не прыйшло само. Перачытвайце спіс, дапаўняйце яго. Поспех цягне за сабой новы поспех. Спіс дапаможа вам падтрымаць пачуццё гордасці. Ніколі не прымяншайце свае добрыя якасці, верце ў сябе, рабіце лепшую будучыню для сябе і іншых з сённяшняга дня! Выкарыстайце таленты, якімі валодаеце, і гэта будзе лепшае, што вы можаце даць сабе і навакольным.