У бясконцым патоку ходу часу мы плывём у фарватары лютага. Набліжаемся да яго заканчэння, а гэта значыць, што настала пара душэўных спраў, звязаных з нашымі любімымі мужчынамі: роздумаў пра мужнасць, клопатаў пра падарункі нашым абаронцам, у самым шырокім сэнсе гэтага слова. Традыцыя ўшаноўваць мужчын-воінаў і прадстаўнікоў мірных прафесій важная, неабходная, мудрая і цудоўная. Жыццёвыя назіранні дазваляюць нам адчуць яе глыбіню, душэўнасць, напоўненасць сапраўднымі пачуццямі ўдзячнасці і любові да нашых бацькаў, братоў, мужоў, дзядоў, сяброў, калег, проста знаёмых.
Чаго мы чакаем ад мужчынскай паловы чалавецтва? За што любім, паважаем, ставімся з глыбокай пашанай, дзякуем? Што, з нашага пункту гледжання, робіць мужчыну мужчынам? Прадстаўнікі розных культур, узростаў, веравызнанняў, ды і самі прадстаўнікі моцнага полу, адкажуць па-рознаму. Такая разнастайнасць поглядаў і чаканняў дае гібкасць, пластычнасць “матэрыялу”, з якога ствараецца мужнасць. Гэта вельмі добра, таму што ўсім важна трэніраваць гібкасць успрымання і дабаўляць далікатнасці ў дачыненні да разнастайнасці праяў сапраўднага мужчыны, бо кожны рэальны чалавек больш значны, важны, чым любы нават самым старанным чынам выпісаны ідэал. Кожны рэальны чалавек цікавейшы і ярчэйшы за ідэал. І нават калі ёсць недасканаласці або, шчыра скажам, хібы, то заўсёды знойдзецца тое цалкам цудоўнае, што мы яшчэ не паспелі або не здолелі разгледзець. Так у мужчынах могуць доўга жыць яшчэ не раскрытыя, утоеныя анёлы. Ці збіраемся мы гэтых анёлаў знаходзіць і ўзгадоўваць? Калі так, то:
— знаходзьце час адключаць увагу ад сябе і пераключаць на свайго мужа, сябра, брата, дзядулю, на яго поспехі, патрэбы, апаскі. Мужчыны, у сваю чаргу, аналагічную ўвагу – на жонку, сяброўку, сястру, маму, дачку;
— майце на ўвазе, што часам наша асабістае меркаванне і ўспрыманне сітуацыі можа быць памылковым;
— знайдзіце тое, што ў вашым мужчыне вам не вядома і цікаўцеся гэтым (аналагічнае можа быць накіравана на жанчыну);
— адзначайце ўвагай і словам усё сімпатычнае, прывабнае, вартае здзіўлення;
— у самых блізкіх кожны дзень старайцеся знайсці штосьці незнаёмае, новае або не заўважанае раней у знешнасці, паводзінах, манерах, характары, ладзе думак, нейкую асаблівасць маўлення, якая выпадае з-пад увагі, заканамернасць у хістаннях настрою і самаадчування.
На гэтым шляху ў кожнага свае сакрэты, знаходкі, прыёмы.
Парады ад сучаснага карыфея псіхалогіі і псіхатэрапіі Уладзіміра Леві. Напрыклад, закон ВАНЬКІ-ЎСТАНЬКІ, або НЕ ЧАКАЙ:
Не чакай сну, бяссоннік, вер свайму сну, як прысутнасці, так і адсутнасці.
Не чакай эрэкцыі, яна ненавідзіць чаканне.
Не чакай ацэнкі, падыспытны, — засяроджвайся на тым, што здаеш, знаходзячы ў ім цікавасць і прыкол.
Той, хто цяжка гаворыць, не чакай ад сябе гладкай гаворкі, адпусці яе ў безацэначны свабодны паток.
Прадпрымальныя людзі, не чакайце поспеху ад сваіх праектаў, але рабіце для поспеху ўсё неабходнае і магчымае.
Не чакайце, што спадабаецеся, не чакайце пацвярджэння вашай ашаламляльнай прывабнасці — падабайцеся самі сабе з упэўненасцю, што маеце на гэта ўсе падставы.
Муж і жонка, не чакайце для сябе нічога з таго, што другі бок можа чакаць ад вас — проста дарыце сябе адно аднаму.
Любячыя, не чакайце вернасці ад каханых і не чакайце нявернасці —проста верце ў што хочацца і можацца.
Бацькі, не чакайце ад сваіх дзяцей здароўя, паслухмянасці, разумення, розуму, адоранасці, дасягненняў, поспехаў, любові, клопату і ўдзячнасці — проста рабіце для гэтага тое, што ў вашых сілах і разуменні.
Не чакайце апладысментаў, артыст, музыкант, мастак і пісьменнік — жывіце самааддана жыццём сваіх персанажаў, карцін — жыццём мастацтва.
Давайце з вамі перафармулюем Леві для педагогаў! Можа атрымацца наступнае: “Не чакай удзячнасці і імгненнага выніку ад сваёй работы, педагог, ужывайся ў сваіх вучняў, кіруйся ў рабоце іх інтарэсамі. Забудзь пра сваю самаацэнку — адкрывай таленты дзяцей. Стварай — і за гэта атрымаеш свабоду, натхненне і напаўненне дзён сэнсам”. Чалавек, не чакай бессмяротнасці і не чакай смерці — жыві магчымым для сябе поўным жыццём, жыві па-свойму, і ўсё будзе, як павінна быць.
Мужчыны-бацькі, мужчыны-педагогі перадаюць свой вопыт набыцця ўпэўненасці, рашучасці сваім дзецям, вучням. Гэтага чакаюць ад іх дзеці, мамы, грамадства. Успомніце, якія гульні з вамі заводзілі вашы таты? Як вы рашаеце задачу сталення сваіх вучняў і сыноў? Можа, вы даведаецеся штосьці новае з нашага спіса або натхніцеся прапанаваным?
Гульня “Сава”. Адзін з удзельнікаў — той, хто водзіць — выдае сябе за “саву”, якая ў дзённы час ахоўвае сваю здабычу. Птушка начная, на яркім сонечным святле нічога не бачыць (вочы таго, хто водзіць, заплюшчаны або завязаны) і таму не можа лятаць (забаронена сыходзіць са свайго месца). “Здабыча”, якая ўяўляе сабой 10—15 скамечаных лістоў паперы, ляжыць ля ног таго, хто водзіць. Астатнія ўдзельнікі размяшчаюцца вакол, з’яўляючыся чарадой “дзённых птушак”, і па сігнале вядучага спрабуюць украсці ў “савы” яе “здабычу”. Той, каго злавіла “сава”, выбывае з гульні. За адну спробу дазваляецца ўцягнуць толькі адзін ліст. Перамагае і ўзнагароджваецца апладысментамі той удзельнік, які здабудзе больш за ўсё кавалкаў “здабычы”.
Сэнс гульні: трэніроўка хуткасці рэакцыі, назіральнасці, умення дзейнічаць у адпаведнасці з сітуацыяй, якая хутка мяняецца.
Гульню можна абмеркаваць. Якімі якасцямі “савы” і “дзённых птушак” вызначаўся іх поспех у гульні? Дзе ў рэальным жыцці запатрабаваны гэтыя якасці?
Гульня “Устаньце з месцаў”. Удзельнікі сядзяць у крузе. Вядучы “выкідвае” на руках якую-небудзь колькасць пальцаў. Павінны адначасова ўстаць столькі ўдзельнікаў, колькі пальцаў прадэманстравана. Загадзя дамаўляцца пра спосабы выканання нельга.
Сэнс гульні: трэніроўка рашучасці, умення інтуітыўна разумець намеры іншых людзей і каардынаваць з імі свае дзеянні, развіццё гібкай рэакцыі на зменлівыя акалічнасці, а таксама ўважлівасці.
Абмеркаванне. Чым кіраваліся гульцы, прымаючы рашэнні, у які момант устаць, а ў які застацца на месцы? Хто праяўляў ініцыятыву, а хто бяздзейнічаў (магчыма, так ні разу і не ўстаўшы)? Чаму? Што перашкаджала? Што можа дапамагчы наступны раз?
Гульня “Цягнік”. 6—8 удзельнікаў выдаюць сябе за “цягнік”, стаўшы ў калону і паклаўшы рукі на плечы тым, хто стаіць наперадзе. Усе, акрамя першага, заплюшчваюць вочы. Гэтаму “цягніку” неабходна праехаць праз “перашкоды”, якімі з’яўляюцца іншыя ўдзельнікі. Пры малой колькасці гульцоў частку перашкод можна зрабіць з дапамогай крэслаў. Задача “цягніка” — праехаць ад адной сцяны памяшкання да другой, па дарозе абавязкова аб’ехаўшы па крузе 3—4 перашкоды (вядучы паказвае, якія іменна) і не сутыкнуцца з астатнімі. Перашкоды, зробленыя з дапамогай іншых гульцоў (пажадана, каб тыя, якія трэба аб’ехаць по крузе, былі менавіта з іх ліку), пры набліжэнні да іх “вагонаў цягніка” на небяспечна блізкую адлегласць могуць рабіць перасцерагальныя гукі. Гульня паўтараецца некалькі разоў, каб даць магчымасць кожнаму пабыць і ў ролі “перашкод”, і ў складзе “цягніка”. Калі ўдзельнікаў многа і памеры памяшкання дазваляюць, можна зрабіць гульню больш дынамічнай, запусціўшы адначасова па два “цягнікі”.
Сэнс гульні: згуртаванне, павышэнне ўзаемнага даверу ўдзельнікаў, трэніроўка ўпэўненасці паводзін пры неабходнасці дзейнічаць ва ўмовах недахопу інфармацыі, паспадзяваўшыся на партнёраў. Развіццё ўмення каардынаваць сумесныя дзеянні.
Абмеркаванне. Каму кім больш спадабалася быць: “лакаматывам”, “вагонамі”, перашкодамі? З чым гэта звязана? Якія эмоцыі ў каго ўзнікалі пры руху ў складзе “цягніка”? З якімі рэальнымі жыццёвымі сітуацыямі можна параўнаць гэтую гульню?
“Спрадвеку справа для мужчыны — і “дзіця”, і мэта, і спосаб існавання, і сродкі для яго. Справа вядзе, накіроўвае і трымае душу ў тонусе, справа нясе нас і нясецца, як веласіпед, які разагнаўся. Не змяняць, не разменьвацца, круціць педалі, круціць — яны самі круцяцца, але не забываць і падкручваць, не ленавацца, не забываць. Нашы рэсурсы? Цішыня. Прырода. Медытацыя, малітва. Добрае чытанне. Добрая музыка. Добрыя фільмы. Рух, любы. Падарожжы. Часам — добрая лазня. Часам — правільнае галаданне. Сузірайце зорнае неба, пясчынкі, назірайце за прахожымі, успамінайце і асэнсоўвайце перажытае. А галоўнае — работа, творчая работа, яе паток. Брацца і рабіць, рабіць і працягваць!” Дарэчы, гэты наказ гучыць з вуснаў мужчыны мудрага, дасведчанага і чалавечнага, імя якога мы сёння ўжо згадвалі.
Святлана РАДЗЬКОВА.