Са спадчынай — у новыя тэхналогіі

Як прыемна вяртацца кожны дзень гэтай вузкай сцяжынкай, якая вядзе да бацькоўскага парога! На душы заўсёды светла і радасна: будынкі, дрэвы, гукі, свет у вокнах — усё настолькі роднае. Прыемна ў памяці ўсплываюць дзіцячыя ўспаміны. За пражытыя гады зразумела, што няма большага шчасця, чым жыць у родных мясцінах, у бацькоўскай хаце. Так склаўся і мой лёс. Выйшла замуж і вярнулася з сям’ёй на малую радзіму. І ўжо налічваю чацвёрты дзясятак работы ў школе, дзе вучылася сама.

Ідуць гады, мяняецца час, мяняецца ўсё: і новыя дамы, і школа, і сама вёска ператварылася ў аграгарадок. Парадкі ў дамах зусім іншыя: сучасная мэбля, пакоі, рэчы. А вось памяць застаецца той жа, такой сціплай і простай, што хочацца гэта захаваць і сёння. І самымі каштоўнымі, лічу, застаюцца тыя рэчы, якія атрымалі ў спадчыну, якімі можна і сёння карыстацца.


Самай важнай часткай хатняй утульнасці і цяпла захавалася хлебная, або, як яе называлі, руская, печ. Карысталіся ёй не толькі для ацяплення жылля, служыла яна і для гатавання ежы, была і цёплай пасцеллю, і месцам гульні для дзяцей. Святым месцам у доме называлі печ здаўна. І па сённяшні дзень гэтае месца для мяне такое ж. Гэтай святой раскошай карыстаюся я і сёння. Печ выручае мяне, калі чакаю гасцей. Такія смачныя стравы ў газавай духоўцы не атрымліваюцца. Тут і фаршыраваная яблыкамі або кіслай капустай гусь, тут і кумпячок, і бульбачка румяная… А самыя смачныя з печы — пірагі. Такія бліскучыя і залацістыя. Пяку пірагі на свята Каляд, Вялікадня, на дні нараджэння, калі збіраецца ўся сям’я. Думала, вырастуць дзеці, захочуць больш сучаснай выпечкі: пірожных, тартоў ці іншых прысмакаў. Але і сёння чую: “Матуля, якое ж свята без тваіх пірагоў?”

На першы погляд пячы пірагі — праца простая, але, каб правільна згатаваць цеста, замясіць яго, выбраць норму цяпла, каб пірагі не былі сырыя і не прыгарэлі, патрэбны вопыт і спрыт.

Жаданне паспрабаваць сябе ў ролі пекара ўзнікла, калі выйшла замуж і паявіліся дзеці. Часта расказвала ім, якія смачныя пірагі пякла мая бабуля, калі я была яшчэ малая. А чаму ж не паспрабаваць самой спячы такія пірагі для сваіх дзяцей?!

І сёння я пяку пірагі ўжо сваім унукам, вучу і частую сваіх навучэнцаў, якія цікавяцца хатняй выпечкай.

У маёй хлебнай печы ўмяшчаецца пяць блях. Таму пяць пірагоў атрымліваецца адразу.

Для цеста бяру пяць кілаграм мукі, адзін кілаграм цукру, адзін пачак маргарыну, 6—7 яек, для паху — ваніль або карыцу, мак. Фармую пірагі — і ў цёплае месца, каб падышлі. Калі выпалю ў печы да патрэбнай тэмпературы (патрэбна 8—10 бярозавых паленцаў), акуратна адпраўляю туды пірагі. Толькі нельга адкрываць засланку — можна ўсё сапсаваць.

Пякуцца пірагі прыблізна 25 мінут. Пасля асцярожна дастаю іх і змазваю яйкам ці мёдам, каб скарынка была румяная і бліскучая. Спачатку пірагі кладу ў цёплае памяшканне, а затым выношу на холад. Ну а самы галоўны сакрэт — пірагі пячы трэба з чыстай душой і добрым настроем, тады і пірог будзе пышным, румяным.

Майстэрства пячы пірагі — гэта патрэбна. Але галоўнай мэтай лічу перадаць гэтае майстэрства сваім нашчадкам, каб справа не прапала, не страцілася дарэмна. Працую з вучнямі ў гэтым кірунку інтэрактыўна, дзе галоўным лічу практычную частку. Вельмі цікава сучасным дзецям убачыць, пасядзець і пагрэцца на печы. Як карыстацца рэчамі, якія служаць прыстасаваннем да печы, знаёмімся ў музеі “Спадчына”, дзе сабраны багаты матэрыял. Пабыць у ролі пекара, замясіць цеста або згатаваць іншую страву ў печы цікава для дзяўчынак.

У школе арганізаваны факультатыўныя заняткі “Мая Айчына”. Вось і “танцуем” каля печы. Праводзім майстар-класы, на мерапрыемствах для малодшых класаў ладзім вячоркі, экскурсіі, гутаркі. І абавязкова хочацца кожнаму пачаставацца смачнымі хатнімі вырабамі. Гэта і клінковы сыр, і свежае масла, і маслянка, і пірагі. А яшчэ ўзнікла задума паспрабаваць смачнай саладухі, якую гатавалі нашы бабулі ў час вялікага посту. Толькі ўсяму гэтаму трэба навучыцца.

Ганна ВІЛЬЧЭЎСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Клайшанскай
базавай школы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.