Жывём мы ўсе звычайным жыццём 345 дзён на год, але 10 дзён да навагодняга свята і пасля яго лічым чароўнымі, асаблівымі, абнадзейлівымі, напоўненымі марамі.
У гэтыя святочныя дні мы ўспамінаем пра сваё дзяцінства і “ўнутранае дзіця”, што жыве ў нас, у гэтыя дні мы імкнёмся яшчэ больш старанна ўпрыгожыць жыццё нашых дзяцей. Няхай ім будзе што ўспомніць, калі стануць дарослымі, і няхай яны перададуць эстафету навагодняй радасці сваім дзецям, а значыць, нашым унукам.
Сучасны свет імклівы і тэхнічна падкаваны. У такім яго характары многа плюсоў. Аднак чалавеку часам неабходна запавольваць свой бег, дыстанцыравацца ад некаторых тэхнічных даброт цывілізацыі, скарачаць ужыванне гатовых прадуктаў (харчовых і творчых). Лепшая нагода і стымул для гэтага — навагодні святочны час. Жадаем кожнаму напоўніць гэтую незвычайную прастору падзеямі і справамі па душы, не забываючы пра сямейныя традыцыі, уласную фантазію, ручную ўмеласць, шчодрасць і дабрыню. Прыкладны план душэўнага навагодняга палёту, правядзення часу (натуральнага ў яшчэ недалёкім мінулым ХХ, і даволі часта дэфіцытнага ў ХХІ стагоддзі) мы зараз разам складзём. Прытрымлівацца яго ці не, узбагаціць ці пакінуць нязменным, стварыць штосьці ўнікальнае асабістае — кожны вырашыць сам. Давайце ўспомнім традыцыю напаўняць свой дом да чароўных свят Новага года і Каляд зробленымі сваімі рукамі ўпрыгажэннямі і падарункамі. Напэўна, самастойна ўсё зрабіць цяжка, ды і не трэба. Але нават адзін вечар з сям’ёй, праведзены за такім заняткам, застанецца ў памяці надоўга як асаблівы, цёплы, які з’ядноўвае і змацоўвае саюз родных людзей. Можна запрасіць суседзяў з дзецьмі на “вечар гірлянд” ці схадзіць да іх на “вечар ёлачных цацак”, напрыклад. Ёсць многа шансаў, што вы атрымаеце такое запрашэнне, бо задавальненне ад атмасферы сямейнай творчасці ўсім захочацца паўтарыць. Ідэю для такога вечара ці раніцы, пасляабедзеннага часу або нават цэлага дня мы прапануем. Напэўна, у дзяцінстве вы рабілі гірлянды і памятаеце радасць і здзіўленне, калі, выразаўшы адну фігурку, разгарнуўшы складзеную ў некалькі слаёў паперу, атрымлівалі цэлы карагод сняжынак, зорачак, анёлаў. Такое ўпрыгажэнне выглядае прыгожа, падахвочвае верыць у свае творчыя сілы, усяляе гордасць. Давайце створым карагод анёлаў. Анёл — сімвал дабра і любові. Няхай ён служыць магнітам для такой неабходнай у любым доме атмасферы.
Вазьміце ліст паперы. Разрэжце яго ўздоўж на дзве роўныя часткі. Складзіце абедзве гармонікам і намалюйце на іх схему анёла. Трэба выразаць выяву па контуры. Ручкі анёла, якія ўпіраюцца ў краі, не павінны быць разрэзаны, інакш гірлянда рассыплецца. Разгарніце гірлянду. Усе анёлы трымаюцца за рукі? Склейце абедзве часткі ў адну або зрабіце яшчэ некалькі і склейце ўсе ў вялікую гірлянду.
Зрабіць ёлачную цацку сваімі рукамі гэтак жа прыемна, як і гірлянду. Пачнём. Зімой з’яўляюцца прыгожыя ледзяшы. Яны звісаюць з дахаў дамоў, вадасцёкавых труб і правадоў. Вялікія і маленькія, крыштальна чыстыя і крохкія, яны здаюцца смачнымі, як марожанае. Калі раптам зіма спазняецца з ледзяшамі, зробім іх самі не з лёду, а з паперы. Яны створаць атмасферу марознай зімы ў нашым доме. Ледзяшы будуць з сюрпрызам.
Такім чынам, возьмем ліст паперы блакітнага колеру або з выявай сняжынак. Калі такога няма, можна самім размаляваць сняжынкамі звычайны белы ліст. Перавярніце ліст на іншы бок і знайдзіце яго сярэдзіну, склаўшы папалам уздоўж. Ад цэнтра ўнізе правядзіце лініі да верхніх ражкоў, каб атрымаўся трохвугольнік. Расчэрчаныя лініі ад краю разрэжце нажніцамі, унутраныя лініі можна разрэзаць канцылярскім нажом. Акуратна расцягніце лядзяш. Яго можна павесіць на ёлку або такім жа чынам зрабіць яшчэ некалькі ледзяшоў і павесіць іх у рад. Абяцаны сюрпрыз: лядзяш лёгка можна ператварыць у елачку, выразаўшы з зялёнай паперы, і падвесіць наадварот.
Прагулкі і зімовыя забавы на вуліцы — гэта таксама па-навагодняму весела і карысна. Такі занятак дапамагае адчуваць сябе часткай любімай сям’і, сяброўскай кампаніі, роднага педагагічнага калектыву. Выходзьце на вуліцу і весяліцеся. Калі вы забылі, як гэта, мы дапаможам, нагадаем.
Два Маразы
Падзеліцеся на дзве групы. Разыдзіцеся па розных баках снежнай пляцоўкі (15—20 крокаў). Па сігнале пачынаецца гульня. Па адным з кожнага боку бяжыце насустрач адно аднаму, каб памяняцца месцамі. Але асцярожна! На шляху вас чакае небяспека: пасярэдзіне пляцоўкі стаяць два Маразы: Мароз Чырвоны Нос і Мароз Сіні Нос. Яны хочуць вас замарозіць (трапіў снежкай — значыць, замарозіў). Адзін чакае тых, хто бяжыць справа налева, другі — тых, хто бяжыць злева направа. Калі ў вас трапіць снежка, замрыце. Як толькі гульца “замарозяць” або ён дасягне мэты, пачынае бег наступны. Калі ўсе “замарожаны”, Маразамі становяцца іншыя гульцы. Калі гульцоў нямнога, то можна абысціся адным Марозам.
Не толькі метка, але і моцна
Калі на слупку або звычайнай палцы ўмацаваць круглую мішэнь, якая магла б паварочвацца, то можна спаборнічаць не толькі ў меткасці, але і ў сіле кідкоў. Каму спатрэбіцца менш снежак, каб прымусіць мішэнь павярнуцца бокам (атрымліваеш ачко) або нават адваротным бокам (адразу два ачкі). Калі снегу няма, скарыстайцеся шышкамі.
Снежны камяк
Зляпіце са снегу вялікі камяк. Станьце вакол яго, узяўшыся за рукі. Па камандзе цягнем гульцоў да камяка. Нас таксама цягнуць, але мы ўпіраемся. Таму, хто ўпадзе на снежны камяк або ступіць на яго нагой, прыйдзецца на час выйсці з гульні. Спаборнічаем да пераможцы.
Снежны дракон
Прыемна ляпіць са снегу розных звяркоў. Аднак яны могуць хутка растаць. Калі зрабіць драўляны каркас і толькі потым абляпіць яго снегам, то скульптура будзе больш трывалай. Можна скарыстацца гатовым каркасам, напрыклад, лавачкай. Аблеплівайце яе снегам, надаючы вобраз казачнага дракона або сабакі. Калі снежная фігура будзе гатова, паліце яе вадой, каб замацаваць ледзяной бранёй. Ледзяны панцыр асабліва важны пры рэзкіх перападах тэмпературы.
Дома таксама можна цікава правесці час за творчымі гульнямі. Напрыклад, пабываць у ролі незвычайных мастакоў.
“Сам сабе мастак”
Створым ценявыя партрэты ўсіх членаў сям’і. Ценявы профіль чалавека добра бачны на лісце белай паперы, калі правільна ўстанавіць святло (лепш скарыстацца настольнай лямпай). Абвядзіце сілуэт алоўкам. Можна выразаць яго і наклеіць на паперу іншага колеру. Стварыце галерэю профільных сілуэтных партрэтаў членаў сям’і, сяброў або выдайце ад мастацкага атэлье ўсім на памяць “імгненныя партрэты”.
Гуляем у палачкі
Для гульні патрэбна 20 звычайных драўляных палачак даўжынёй каля 10 см. Адзначым палачкі рознай колькасцю рысачак (ад 1 да 4). Рысачкі азначаюць кошт палачкі ў гульнявых ачках. Неабходна, выцягваючы палачкі з кучы, адвольна рассыпанай на стале, набраць як мага больш ачкоў. Ачко выйграецца толькі ў выпадку, калі вы ўзялі палачку, не зачапіўшы іншыя. Калі ж зачапілі, уступаеце ход саперніку. Партнёр па гульні зноў бярэ палачкі, рассыпае іх (скідваючы ўсе разам зверху). Гуляюць да ліку, пра які дамовіліся.
Пасля ўсіх перажытых за дзень актыўных радасцей на вуліцы і ў доме, пагутарце з дзецьмі пра навагодняе свята. Спытайцеся іх, адкуль да нас прыходзіць Новы год, дзе ён хаваўся да 31 снежня, што вашы дзеці хочуць рабіць і ў надыходзячым годзе. Няхай любімае малодшае пакаленне фантазіруе. Мы пачуем шмат цікавага і вясёлага.
Новы год злятае з неба? Або ідзе з лесу? Або прыходзіць да нас з гурбы снегу?
Жадаем усім цярпліва і радасна чакаць сыходжання стрэлак гадзінніка на 12 у апошні дзень снежня і верыць, што “всегда бывает чудо: на часах двенадцать бьет, и неведомо откуда к нам приходит Новый год”.
Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара.