Брэсцкіх вуліц чароўнае святло

“Дабы в граде впредь тьмы не было, установить на улицах, площадях и иных местах модных фонарей изрядно…” І кожны вечар у вызначаны час інтэлігентны ліхтаршчык Віктар Пятровіч, які насамрэч выглядае так, быццам з мінулай эпохі, прыходзіць з лесвіцай на пешаходную Савецкую вуліцу і запальвае ўсе 17 ліхтароў. Добрая, светлая і казачная традыцыя жыве ў Брэсце з 2009 года.

Сёння Брэст — адзіны горад у свеце, дзе існуе такая традыцыя. А пачалося ўсё вельмі даўно…

У ХІХ стагоддзі ў Брэст-Літоўску, згодна з наказам кіраўніка горада, на вуліцах з’явіліся газавыя ліхтары. Пазней іх замянілі на спіртавыя лямпы, якія таксама пачалі запальваць і гасіць уручную. У 1851 годзе ў горадзе налічвалася больш чым 50 ліхтароў. З цягам часу светлая звычка зжыла сябе. Але ў 2009 годзе, калі Брэсту споўнілася 990 гадоў, на вуліцы Савецкай адрадзілі цікавую казачную традыцыю. У пачатку вуліцы з’явіўся гадзіннік, на якім указваецца час запальвання ліхтароў, а побач з галоўным, які штодня пачынае першым дарыць гораду святло, устаноўлены сімвалічны помнік — “Стары ліхтар”.

Самае галоўнае ва ўсім гэтым тое, што разам з адроджанай старажытнай традыцыяй у горадзе з’явіліся свая гордасць і сімвал — ліхтаршчык, які штодня з лесвіцай выходзіць на пешаходную вуліцу і першым дорыць людзям святло.

На сімвалічным гадзінніку ў дзень нашага прыезду ў Брэст быў выстаўлены час запальвання ліхтароў — 17.45. Давялося крыху пачакаць. Як толькі зайграла музыка — на алеі з лесвіцай у руках з’явіўся брэсцкі чараўнік Віктар Пятровіч Кірысюк.

— Чым даўжэйшы светлавы дзень, тым пазней запальваюцца агні, — тлумачыць Віктар Пятровіч. — Газавыя ліхтары павінны першымі запаліцца ў горадзе, а электрычныя — з апошняй нашай свечкай. Так, летам першы ліхтар пачынае гарэць каля 23 гадзін, а ўжо ў 4 гадзіны раніцы я выходжу на вуліцу, каб пагасіць агні. Зімой па прычыне кароткага дня ліхтары запальваюцца пасля 17 гадзін і гасяцца з усходам сонца, у той момант, калі святло прыходзіць у горад.

Дарэчы, гадзінніка, на якім выстаўляўся час запальвання ліхтароў, раней на вуліцы не было. Яго ўстанавілі праз некалькі гадоў, калі турысты пачалі скардзіцца, што прыязджаюць спецыяльна паглядзець на ліхтаршчыка, а калі ён з’явіцца ў горадзе — невядома.

Як толькі Віктар Пятровіч з’явіўся на вуліцы, за ім адразу пацягнуліся людзі — усе хочуць сфатаграфавацца, пацерці гузік на яго мундзіры і загадаць жаданне. Кажуць, што жаданні збываюцца. Бывала, гузікі нават адрывалі і забіралі з сабой. Таму сёння ўсе яны замацаваны дротам.

Падставіўшы лесвіцу да галоўнага ліхтара, Віктар Пятровіч дастае запальнічку, якая прымацавана да мундзіра, і пры яе дапамозе запальвае “газніцу”.

— Я ўжо прывык, што людзі на мяне так рэагуюць, падыходзяць, загадваюць жаданні, — дзеліцца ўражаннямі ад работы дабрадушны брэсцкі чараўнік. — І прыемна, што магу дарыць прыемныя эмоцыі ўсім, хто знаходзіцца побач, калі запальваю ліхтары.

Ідучы па пешаходнай вуліцы, мы з ліхтаршчыкам размаўляем пра ўсё: пра людзей, гісторыю, мінулае. Як аказалася, мы з Віктарам Пятровічам — землякі, абое выраслі ў Іванаўскім раёне. Пасля заканчэння школы ён пакінуў родную вёску Залядынне і паехаў вучыцца ў Пінскую марскую школу ДТСААФ.

— Пасля атрымання спецыяльнасці “Электрык надводных караблёў” тры гады праслужыў на флоце, а пасля прыйшоў працаваць у “Брэстгарсвятло”, — тлумачыць Віктар Пятровіч. — Агульны стаж работы ў энергетыцы — амаль 40 гадоў.

Калі гаварыць пра кастынг на ролю ліхтаршчыка, В.П.Кірысюк абышоў больш чым некалькі дзясяткаў канкурэнтаў. Патрабаванняў да кандыдата было не так ужо і многа, але тым не менш ніхто не змог пераўзысці брэсцкага ліхтаршчыка ў абаяльнасці і інтэлігентнасці. Гледзячы на Віктара Пятровіча, разумееш, што няма больш ідэальнага чалавека на гэтую ролю, чым ён. У ліхтаршчыка няма шкодных звычак, ён знаходзіцца ў выдатнай фізічнай форме. Вы толькі ўявіце: штодня патрэбна 68 разоў падняцца і спусціцца па лесвіцы, каб запаліць, а пасля пагасіць усе 17 ліхтароў.

Больш за ўсё ліхтаршчыкам ганарацца яго ўнучкі і 5-гадовы ўнук Максім, які час ад часу прыходзіць з дзядулем на работу.

— Дзеці — яны сапраўдныя, іх эмоцыі дорага каштуюць, — шчыра кажа Віктар Пятровіч. — Мой унук вельмі любіць назіраць за тым, як загараюцца агні, і з гордасцю адзначае, калі нехта падыходзіць, што, маўляў, ліхтаршчык — яго дзядуля. Многія дзеці пытаюцца, колькі мне гадоў. А дарослыя людзі сёння вельмі змяніліся, сталі прагнымі да грошай, многіх з іх цікавіць толькі адно — колькі мне плацяць. А я адказваю так: хто лічыць чужыя грошы, той ніколі багатым не будзе.

Пра адданасць прафесіі гаворыць многае. Віктар Пятровіч працуе штодня без выхадных і без падмены, у любое надвор’е. І, як прызнаецца, самае складанае — гэта працаваць, калі на вуліцы вецер і дождж. Штодня вечарам на работу В.П.Кірысюк дабіраецца сам, а раніцай яго прывозіць службовая машына.

— Перад тым як запальваць ліхтары, уключаю музыку на цеплавым вузле, а пасля выходжу на вуліцу, — расказвае ліхтаршчык. — Тое самае адбываецца і раніцай, перад тым, як пагасіць ліхтары.

Дарэчы, Віктар Пятровіч абслугоўвае ліхтары таксама адзін. Штодня ў лямпы далівае свежую газу, а раз у некалькі дзён патрэбна пачысціць бруднае шкло, падрэзаць кноты. І вечарам на вуліцах абавязкова ажыве сапраўдная казка, якая падорыць гораду новае чароўнае святло.

З ліхтаршчыкам размаўляла
Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

P.S. На развітанне я задала Віктару Пятровічу адно пытанне. Мяне цікавіла, што зрабіў бы ліхтаршчык, калі б быў чараўніком. Тым больш што напярэдадні — Каляды. Кажуць, што ў гэтае свята цуды здараюцца…

— Я зрабіў бы так, каб людзі былі больш добрымі, — сказаў брэсцкі чараўнік. — Сёння так мала дабрыні! Усе злыя і думаюць, што ўсе ім нешта павінны. Свет не стане дабрэйшым, калі самі людзі не пачнуць мяняцца. А так хочацца, каб усе ўсміхаліся і дарылі адно аднаму як мага больш душэўнага цяпла!

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*