“Сталы прафесіяналізм майстра ў любой справе прадугледжвае сустрэчу і згоду дзвюх Свабод. Адна — Свабода чалавека ад справы, другая — Свабода справы ад чалавека”, — так сказаў надзвычайны знаўца чалавечых душ доктар псіхалогіі і псіхатэрапіі Уладзімір Леві. І хоць ён меў на ўвазе час рабочы і ўкладваў у гэтыя словы крыху іншы сэнс, мы сёння зразумеем яго літаральна. Вось так: у летні перыяд мы, педагогі, можам сказаць пра сябе, што сапраўды абедзве свабоды сустрэліся і мы адчуваем іх унутры сябе і звонку. Да таго ж на нашай любімай рабоце падчас нашага адпачынку ніхто на нас не разлічвае. Надышоў час выбраць справай па душы сваю душу, свае пачуцці, свае жаданні, свае каштоўнасці, свой асобасны рост. Плануйце ў адпачынку толькі 63% свайго жыцця, а астатнія 37 пакідайце адкрытымі вятрам выпадку, непрадбачанаму…
Давайце час засяроджанаму спакою і ўнутранай цішыні. Толькі па-за мітуснёй можна зразумець, чаго наша душа шукае. Шукальнік рызыкуе знайсці: інтарэсы і стымулы жыць, магчымасць аналізаваць і адрозніваць адно ад аднаго, магчымасць сінтэзаваць — бачыць сувязі прадметаў і з’яў, разуменне людзей і магчымасць дараваць, унутраную незалежнасць, гармонію, упэўненасць у сабе, адказнасць, узятую добраахвотна, любоў да свету і людзей. Не маецца на ўвазе, што раней гэтага ў нас не было. Было і жыло ў нас. Аднак у спакоі і ўнутранай цішыні ўсё пералічанае можа абнавіцца, асвяжыцца, зайграць новымі гранямі, набыць новыя адценні, што ўпрыгожыць наша і без таго ўпрыгожанае прызваннем і асабістым шчасцем жыццё.
Калі стаміліся і час адпачыць, здаецца, што мы складаемся з асколкаў і трэба сабраць з іх каралі, сабраць сябе ў каралі. Псіхолагі скажуць нам, што так сябе адчуваць таксама натуральна, што мы і павінны гучаць на розныя лады, каб адчуваць сябе жывымі. Яны падкажуць, што душы чалавека, які адпачывае ад справы, душы, якая шукае, для таго, каб не заблудзіць, патрэбен унутраны мастак, унутраны кампазітар, унутраны дырыжор… Музыка нам дапаможа? Яшчэ як! Музыка выклікае ў чалавека пэўную вібрацыю душы, уздзейнічае на клеткі арганізма. У залежнасці ад нашай патрэбы ўзбадзёрыцца ці супакоіцца варта выбіраць з дзвюх груп музыкі — эргатропнай і трофатропнай. Расшыфруем, што маецца на ўвазе. Музыка эргатропная, у якой пераважае пункцірны рытм і мажорны лад, якая паступова паскараецца, з перавагай дынамічнага адцення фортэ, якая мае нейкую колькасць дысанансаў, здольна паўплываць на нас наступным чынам:
1. Павышаць артэрыяльны ціск.
2. Пачашчаць дыханне і пульс.
3. Выклікаць раздражненне скуры, спазмы мускулатуры.
4. Выклікаць узбуджэнне, іншы раз небяспечнае для здароўя.
Гучанне музыкі трофатропнай, дзе рытмы менш выдзелены, пераважае мінорны лад, шмат кансанансаў, проста сілкуе нас, накіроўвае нас знутры. Такая музыка:
1. Паніжае артэрыяльны ціск.
2. Запавольвае дыханне і частату пульсу.
3. Расслабляе мышачныя заціскі (асабліва карысна для прадстаўнікоў педагагічнай прафесіі).
4. Памяншае раздражненне скуры.
5. Выклікае пачуццё спакою і прымірэння.
Музыка з’яўляецца ключом да сістэмы чалавечай памяці, яна дазваляе нам мець зносіны з усім духоўным вопытам чалавецтва. Калі мы хочам зжыць адмоўныя эмоцыі, разрадзіць непрыемныя афекты, то музыка апісанай вышэй групы нам у гэтым дапаможа. Такім чынам, музычныя сеансы могуць уключацца ў запланаваныя 63% часу ў адпачынку. Нехта з чытачоў удакладніць: “Што, 63% адпачынку слухаць музыку?” Не. Плануем спраў у адпачынку не на 63, а на 37%, нагадаю, няхай будзе экспромт, не-прадказальнасць, прынесеная ветрам, якая будзе вызначацца нават тым, чаго жадае левая нага, напрыклад.
Аб неабходнасці ўнутранага мастака ў нас мы таксама ўпаміналі. На якой прасторы — 63-х працэнтаў ці 37-мі ён мог бы праявіцца, вырашыце самі. Як ён можа дзейнічаць — падкажам. Паразмаўляйце з сабой на паперы абедзвюма вашымі рукамі, у якіх будуць пастэль ці васковая крэйда, алейная фарба ці фламастар, каляровы аловак ці вугаль, сангіна ці акварэль, туш ці фруктовы сок, гуаш ці кававы напітак. Дазвольце абедзвюм рукам свабодна рухацца па прасторы паперы, пакідаючы “сляды”. Дайце назву свайму малюнку. Паспрабуйце ўсвядоміць і зразумець пачуцці і перажыванні, якія ўзніклі падчас малявання.
Дарэчы, не ўсе пачуцці і перажыванні падчас рабочай мітусні мы ўсведамляем, а калі нават усведамляем, то ці можам назваць і апісаць? Як вам спадабаюцца варыянты назваў перажыванняў і ўспаміны аб іх магчымых у вашым вопыце? Напрыклад, сандэра — усведамленне таго, што кожны прахожы мае настолькі ж яркае і складанае жыццё, як ваша. Апія — жаданне паглядзець каму-небудзь у вочы, каб адчуць хваляванне і ўразлівасць. Ці рубатосіс — трывожнае ўспрыманне свайго ўласнага сэрцабіцця; кенапсія — трывога ў пакінутым і ціхім цяпер месцы, дзе звычайна поўна людзей; джуска — гіпатэтычная размова ў вашай фантазіі, якую вы не перастаяце паўтараць у сваёй галаве; крайсалізм — спакой немаўляці ва ўлонні маці, калі знаходзішся ў непагадзь у памяшканні; вемадален — тое пачуццё, калі фатаграфуеш вельмі прыгожае месца, але разумееш, што існуюць тысячы такіх жа фотаздымкаў; анекдах — гутарка, у якой усе гавораць, але ніхто не слухае; эксулансіс — тэндэнцыя адмаўляцца ад размовы пра вопыт, таму што людзі, якія не адчулі гэтага, не могуць цалкам цябе зразумець; ліберасіс — жаданне менш клапаціцца аб рэчах.
Карысна і цікава было б нам, адпачывальнікам, папрактыкавацца і пагуляць у гульню ў праніклівасць, адшліфаваць майстэрства даваць уласныя назвы заўважаным у сабе перажыванням і апісваць іх.
А ці задумваліся вы калі-небудзь, каго б маглі назваць сваім сябрам-настаўнікам, духоўным настаўнікам? Магчыма, у некаторых нашых чытачоў, як і ў мяне, знойдзецца канкрэтны чалавек (імя яго ўпамінаецца ў самым пачатку). У кагосьці гэта быў школьны настаўнік, хтосьці з родных ці выпадковы прахожы. А іншыя выбіраюць шлях пастаяннага руху, лічачы, што не трэба спыняцца на настаўніку ў шырокім сэнсе слова, якім бы цудоўным ён ні быў. Для іх важна быць успрымальным і пастаянна рухацца наперад. Можна і не падзяляць гэтыя два падыходы, а ўдала сумясціць.
Дарагія чытачы, давайце не стамляцца спасцігаць наш цудоўны ўнутраны і знешні свет разам! Давайце арыентавацца на высокае і спадзявацца на лепшае, прыкладваючы намаганні! Давайце трымацца за неба і напаўняць жыццё на зямлі цудоўнымі сэнсамі!
Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара.