Як стварыць пачуццё бяспекі

Часта мы не заўважаем і не ўсведамляем таго, што адчуваем сябе абароненымі, што жывём у гармоніі са сваім унутраным светам і асабістым акружэннем. Гэта натуральна і правільна, як не заўважаць паветра і працэсу дыхання, пакуль не з’яўляюцца перашкоды, цяжкасці для аднаго і другога. Пачуццё бяспекі з’яўляецца нашым псіхалагічным паветрам, дыханнем, без якога ні пра што іншае немагчыма думаць і ні ў якім іншым кірунку немагчыма дзейнічаць, акрамя як аднаўлення. Адчуванне бяспекі чалавека ідзе знутры, а бяспека ўсяго чалавецтва заснавана на бяспецы кожнага. Пашукаем шляхі да нашай уласнай індывідуальнай бяспекі. Магчыма, яна адчуваецца намі праз пачуццё абароненасці. А абароненасць мы адчуваем, калі свядома кіруем акалічнасцямі свайго жыцця, забяспечваем умовы для душэўнай раўнавагі і развіцця.

Мы адчуваем сваю абароненасць, калі любімыя.

Натуральна і гарманічна мы адчуваем сябе, калі абаронены нашы найважнейшыя інтарэсы і патрэбы: у любові; самапавазе; свабоднай, творчай дзейнасці; прызнанні, самасцвярджэнні, пачуцці поспеху; вопыце пазітыўных успамінаў. Дзейнічаючы ў кожным з гэтых кірункаў, мы дабаўляем запасу трываласці нашай бяспецы. Адчуваць сябе псіхалагічна бяспечна, быць абароненым — найважнейшая чалавечая патрэба, якая шмат у чым залежыць ад акалічнасцей вакол нас, але і ад нас саміх таксама!

Старая ісціна гаворыць, што для таго, каб быць у бяспецы, трэба ніколі не адчуваць сябе ў бяспецы… Хоць у гэтай квінтэсэнцыі нечага досведу ёсць рацыянальнае зерне, наўрад ці нам падыдзе менавіта такі шлях. З нашага пункту гледжання ён цяжкі, дыскамфортны, патрабуе вельмі высокай цаны за дасягненне жаданага. Такі шлях не забяспечвае пачуцця абароненасці, а мы хацелі б для ўсіх і бяспекі, і абароненасці.

Нярэдка вырашэнне нашых праблем становіцца відавочным, калі мы перастаём над імі разважаць. Канечне, перш чым кінуць думаць пра штосьці і разлічваць у далейшым на тое, што падсвядомасць завяршыць работу свядомасці, неабходна папрацаваць, засяроджваючы свае думкі на пошуку рашэння. Пасля гэтага мы можам спа­дзявацца на дапамогу падсвядомасці і нават звярнуцца да яе непасрэдна. Аналізуйце ўласныя сны. Калі наша цела знаходзіцца ў стане спакою і расслаблення, мы пачынаем чуць сваю падсвядомасць. Запомнім, што ідэі, якія прыйшлі з падсвядомасці, імгненна забываюцца. Свядомасць іх памятаць не хоча. Фіксуйце кожную ідэю, як толькі яна прыйшла ў галаву.

Імкніцеся адчуць моцныя станоўчыя эмоцыі. Псіхалагічна радасць звязана з пачуццём упэўненасці, асабістай значнасці, адчуваннем здольнасці справіцца з цяжкасцямі, цікавасцю да ўсяго. Успомніце, ад чаго вы адчувалі яркую радасць. Паўтарыце акалічнасці, стварыце падобныя, спрагназуйце новыя нагоды і ўмовы для такога пачуцця. Улічым, што адлюстраваная ўспамінамі радасць — таксама ўклад у скарбонку пачуцця абароненасці.

Зрабіце даступнымі для сябе эстэтычныя перажыванні праз зварот да музыкі, жывапісу, прыгажосці прыроды. Нашымі саюзнікамі ў набыцці пачуцця абароненасці стануць уяўленне і натхненне. Магчыма нават трансфармацыя страху ў натхненне. Займіцеся творчасцю. Менавіта яна знімае вастрыню перажыванняў. Дарэчы, тварыць можна ў любой дзейнаснай прасторы: прафесійнай, бытавой, хобі.

Знясільвайце сябе працай. Гэты стан крайняй напружанасці можа перайсці ў іншыя якасці: натхнення, прымірэння, супакаення. У народнай мудрасці мы знойдзем параду: што б ні здарылася — мыйце падлогу. Такога роду стваральная і цяжкая работа ўраўнаважыць усе празмерныя пачуцці і эмоцыі! Жывіце ў адпаведнасці са сваімі біялагічнымі рытмамі. Калі пік натуральнай біялагічнай актыўнасці будзе супадаць з часам работы, выніковасць яе павышаецца ў паўтара разу. А значыць, пачуцці і эмоцыі, звязаныя з нашай працяглай актыўнасцю, будуць пазітыўнымі. Пазітыўныя пачуцці — выдатны ўклад у пачуццё абароненасці.

Выкарыстайце медытацыю. Медытацыя — гэта паглыбленне ў ідэю, магутная сістэма самаўздзеяння, асаблівы стан, у якім дасягаецца найвышэйшая ступень канцэнтрацыі ўвагі на аб’екце. Бывае і іншы від медытацыі, калі адбываецца поўнае адключэнне ад аб’екта. І ў адным, і ў другім выпадку ў эмацыянальным плане такі стан пакідае адчуванне шчаслівага адпачынку, жыватворнага забыцця, дасягнення ўнутранай гармоніі. Медытацыя спрыяе аднаўленню нервова-псіхічных функцый чалавека. Пасля медытацыі застаецца адчуванне свежасці, абнаўлення, радасці.

У выпадку складаных знешніх акалічнасцей, якія траўміруюць, чалавек інтуітыўна імкнецца забяспечыць стан абароненасці асаблівымі “ахоўнымі механізмамі”: падсвядомымі, свядомымі і надсвядомымі псіхалагічнымі абаронамі. Гэтыя псіхалагічныя механізмы “абязболяць” негатыўныя эмоцыі, у першую чаргу страх, але цаной такой псіхалагічнай анестэзіі можа стаць вуаліраванне ці скажэнне рэальнасці. Калі перастарацца з псіхалагічнымі абаронамі (адмаўленне, замяшчэнне, праекцыя, рацыяналізацыя, рэгрэсія), то пачуццё страху можа змяніцца пачуццём невытлумачальнай трывогі.

У набыці пачуцця бяспекі не варта абапірацца на пачуцці, якія нас занявольваюць, падштурхоўваюць да пасіўнасці: смутак, які скоўвае, адчай, страх, гнеў, забабоны. Свядомае і адказнае стаўленне да акалічнасцей жыцця дзеля забеспячэння душэўнай раўнавагі і развіцця прадугледжваюць гатоўнасць да змен і дзеянняў. Стваральная актыўнасць забяспечвае чалавеку пачуццё ўласнай годнасці і ўпэўненасці ў сваіх сілах. Найвышэйшы ўзровень развіцця чалавека пачынаецца, калі творчая актыўнасц­ь накіроўваецца на самога чалавека — асоба стварае сябе сама.

Псіхалагічная бяспека чалавека, які валодае сваім унутраным светам, можа стаць вельмі надзейнай. Прапануем дзейнічаць у імя сябе, каб адчуваць абароненасц­ь, унутраную гармонію, быць самім сабой, ісці ўласным жыццёвым шляхам. Што для гэтага неабходна? Давяраць сабе, сваім думкам, пачуццям, учынкам, прымаць сябе. Безумоўнае прыняцце і любоў да сябе даюць ільвіную долю пачуцця бяспекі праз свабоду самавыяўлення, пачування, актыўнасці. Давер да сябе ў спалучэнні з адказнасцю за свае ўчынкі, разуменне таго, што вы не несяце абсалютнай адказнасці за думкі, пачуцці іншых людзей. Шлях да пачуцця бяспекі ляжыць праз змяненне ўспрымання сваіх памылак. Напрыклад, памылка — гэта прымета адсутнасці пасіўнасці. Смела глядзіце ў твар сваім памылкам, у гэтым выпадку з’яўляецца магчымасць накіроўваць сваю актыўнасць, самаразвіццё ў патрэбным напрамку.

Мы адчуваем сваю абароненасць, калі любімыя. А каб быць любімым, трэба прызнаць сябе вартым любові. А­дзін з важных крокаў да пачуцця бяспекі — адкрыць, прыняць, усвядоміць, здабыць безумоўную любоў да сябе!

БЫЦЬ САБОЙ

База перакананняў цягне на дно ці акрыляе?

Адным за базавых адчуванняў чалавека з’яўляецца здаровае пачуццё бяспекі. Амерыканскі псіхолаг Роні Янаў-Бульман лічыць, што яно заснавана на трох катэгорыях перакананняў. 1. Вера ў тое, што ў свеце больш дабра, чым зла (адносіны да навакольнага свету ўвогуле і адносіны да людзей). 2. Перакананне, што свет поўны сэнсу (людзі схільны верыць, што па­дзеі адбываюцца не выпадкова, а падпарадкоўваюцца законам справядлівасці). 3. Перакананне ў каштоўнасці свайго “Я” (“Я добры чалавек”, “Я правільна сябе паво­джу” і ацэнка ўласнай удачлівасці). Базавыя перакананні асобы мяняюцца пад уплывам пражытых асобай падзей, у выніку якіх разбураюцца прывычныя жыццёвыя ўяўленні і схемы паводзін. Даследуем сваю базу. Вызначымся, ці не адтуль нам варта пачаць фарміраванне нашага пачуцця бяспекі і абароненасці?

Тэст базавых перакананняў Р.Янаў-Бульман у адаптацыі Краўцовай

Адзначце ступень сваёй згоды ці нязгоды з кожным са сцвярджэнняў. Ацаніце, калі ласка, наколькі вы згодны ці не згодны з прыведзенымі ніжэй сцвярджэннямі і адзначце птушачкай адну з граф насупраць кожнага сцвярджэння ў адпаведнасці са шкалой:

1 бал. Цалкам не згодны.

2 балы. Не згодны.

3 балы. Не зусім згодны.

4 балы. Увогуле, згодны.

5 балаў. Згодны.

6 балаў. Цалкам згодны.

1. Няўдача з меншай імавернасцю здараецца з дастойнымі, добрымі людзьмі.

2. Людзі па прыродзе сваёй недружалюбныя і злыя.

3. З кім у гэтым жыцці здарыцца няшчасце — справа выпадку.

4. Чалавек па натуры добры.

5. У гэтым свеце значна часцей адбываецца штосьці добрае, чым дрэннае.

6. Ход нашага жыцця шмат у чым вызначаецца выпадкам.

7. Як правіла, людзі маюць тое, што заслугоўваюць.

8. Я часта думаю, што ўва мне няма нічога добрага.

9. У свеце больш дабра, чым зла.

10. Я цалкам удачлівы чалавек.

11. Няшчасці здараюцца з людзьмі з-за памылак, якія яны здзейснілі.

12. У глыбіні душы людзей не вельмі хвалюе, што адбываецца з іншымі.

13. Звычайна я дзейнічаю такім чынам, каб павялічыць магчымасць удалага для мяне выніку справы.

14. Калі чалавек добры, да яго прыйдуць шчасце і ўдача.

15. Жыццё вельмі поўнае нявызначанасці — многае залежыць ад выпадку.

16. Калі задумацца, то мне вельмі часта шанцуе.

17. Я амаль заўсёды прыкладаю намаганні, каб прадухіліць няшчасці, якія могуць здарыцца са мной.

18. Я пра сябе невысокага меркавання.

19. У большасці выпадкаў добрыя лю­дзі атрымліваюць тое, чаго заслугоўваюць у жыцці.

20. Уласнымі ўчынкамі мы можам прадухіляць непрыемнасці.

21. Азіраючыся на сваё жыццё, я разумею, што выпадак быў да мяне прыхільны.

22. Калі прымаць меры перасцярогі, можна пазбегнуць няшчасцяў.

23. Я раблю дзеянні, каб абараніць сябе ад няшчасцяў.

24. Увогуле, жыццё — гэта латарэя.

25. Свет цудоўны.

26. Людзі ў большасці сваёй добрыя і гатовы прыйсці на дапамогу.

27. Я звычайна выбіраю такую стратэгію паводзін, якая прынясе мне максімальны выйгрыш.

28. Я вельмі задаволены тым, які я чалавек.

29. Калі здараецца няшчасце, то звычайна гэта таму, што людзі не прынялі неабходных мер для абароны.

30. Калі паглядзець уважліва, то ўбачыш, што свет поўны дабра.

31. У мяне ёсць прычыны саромецца свайго характару.

32. Я больш удачлівы, чым большасць людзей.

Апрацоўка вынікаў:

Да кожнага з 8 базавых перакананняў адносяцца 4 сцвярджэнні. Значэнне па кожным вызначаецца сярэднім арыфметычны балам. Для сцвярджэнняў без мінуса (у ключы да тэста) — гэта балы, прастаўленыя вамі. Калі значэнні адзначаны ў ключы знакамі мінус, нумары пытанняў ацэньваюцца і падсумоўваюцца інакш.
Адзначаныя мінусам нумары пытанняў маюць супрацьлеглыя адзначаным значэнні: “1” адпавядае “6”; “2” —“5”; “3” —“4”; “4” —“3; “5” —“2”; “6 —“1”.

Ключ

На аснове 8 катэгорый перакананняў вылічаюцца 3 базавыя (Вера ў тое, што ў свеце больш дабра, чым зла. Перакананне, што свет поўны сэнсу. Перакананне ў каштоўнасці ўласнага “Я”.):

1) добразычлівасць свету 5, 9, 25, 30

2) дабрыня людзей -2, 4, -12, 26

3) справядлівасць свету 1, 7, 14, 19

4) кантралюемасць свету 11, 20, 22, 29

5) выпадковасць як прынцып размеркавання падзей, якія адбываюцца 3, 6, 15, 24

6) каштоўнасць свайго “Я”

7) ступень самакантролю (кантролю над падзеямі, якія адбываюцца) 13, 17, 23, 27

8) ступень удачы ці шанцавання 10, 16, 21, 32

Інтэрпрэтацыя вынікаў

Катэгорыі пераканання могуць ацэньвацца як тры абагульненыя напрамкі адносін:

1. Агульныя адносіны да добразычлівасці навакольнага свету вылічаюцца як сярэдняе арыфметычнае паміж “добразычлівасць свету” і “дабрыня людзей”.

2. Агульныя адносіны да асэнсаванасці свету, гэта значыць кантралюемасці і справядлівасці падзей, вылічаюцца як сярэдняе арыфметычнае паміж паказчыкамі “справядлівасць свету”, “кантралюемасць свету” і “выпадковасць”.

3. Перакананне адносна ўласнай каштоўнасці, здольнасці кіравання падзеямі і шанцавання вылічаецца як сярэдняе арыфметычнае паміж “каштоўнасць “Я”, “самакантроль” і “шанцаванне”.

Для таго каб адчуваць камфорт і абароненасць, нам трэба мець паказчыкі па ўсіх шкалах не меншыя за 3,5 бала. Больш аптымістычныя адносіны да свету, навакольных людзей і сябе самога спрыяюць псіхалагічнай стабільнасці і паспяховасці ў жыцці. Калі вашы паказчыкі ніжэйшыя за 3,5 бала, то вы маеце патрэбу ў псіхалагічнай падтрымцы і аптымізацыі жыццёвых установак і нагрузак. Неабходна звярнуцца па дапамогу да іншых ці самастойна рухацца да больш гарманічнай і эмацыянальна станоўчай напоўненасці жыцця.

Вядучая рубрыкі Святлана РАДЗЬКОВА.