Каляды, Новы год… Гэта самыя любімыя святы і для дзяцей, і для дарослых. Штогод навучэнцы і педагогі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Зэльвы прымаюць удзел у Рэспубліканскай выставе-конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка”.
На працягу ўжо трох гадоў навучэнцы гуртка “Майстэрня рукадзелля” пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Алены Уладзіміраўны Жук становяцца пераможцамі і прызёрамі на заключным (рэспубліканскім) этапе. Шлях да перамогі быў доўгім — на працягу некалькіх гадоў работы навучэнцаў Алены Уладзіміраўны станавіліся прызёрамі і пераможцамі абласных этапаў, але ў рэспубліканскіх конкурсах удзел быў безвыніковым. І вось, нарэшце, Наталля Арочка і Дар’я Гарбун разам з педагогам дасягнулі высокіх вынікаў — работы, выкананыя ў тэхніцы джутавая філігрань, на ХІХ выставе-конкурсе адзначаны дыпломамі ІІ ступені, на ХХ выставе-конкурсе атрыманы дыплом І ступені, ХХІ выстава-конкурс прынесла дыплом ІІ ступені.
У гэтым годзе на заключны этап ХХII Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці на-вучэнцаў “Калядная зорка” адпраўлены сувенірны набор “Козы-калядоўшчыцы”. І аўтар работы Дар’я Гарбун, і педагог Алена Уладзіміраўна спадзяюцца, што трыа козачак прынясе ў скарбонку цэнтра творчасці чарговы дыплом.
Алена ЦЯРЭШЧАНКА,
намеснік дырэктара Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Зэльвы.