Жывіце шчасліва і не бойцеся змен!

Здараецца не раз чуць прапісныя ісціны, якія гуляюць у народзе, накшталт гэтых: “Менш ведаеш — лепш спіш” ці “Няхай конь думае, у яго галава вялікая”, аргументацыі на карысць жыцця несвядомага, імпульсіўнага, без імкнення да разумення ці ўсведамлення прычын і вынікаў, заканамернасцей і перспектыў. Так, думаць і аналізаваць няпроста, а часам і балюча, затое ёсць шансы зразумець прычыны няўдач і знайсці ключ да поспехаў. Думайце самі, рашайце самі. Мець ці не мець. Дзейным і гатовым да разумнай рызыкі чытачам прапануем ад душы пагаварыць пра чалавечыя комплексы і як ім супрацьстаяць. А можа, як мае быць з імі жыць. І гэта магчыма, бо комплексы — неад’емная частка эмацыянальнага водгуку чалавека на любую падзею, якая выклікае ў нас ацэначнае меркаванне “падабаецца — не падабаецца”, “хачу — не хачу”.

Яны існуюць мільёны гадоў і пачалі фарміравацца разам з нашым эмацыянальным інтэлектам. З пункту гледжання навукі комплекс — гэта эмацыянальная рэакцыя, суб’ектыўнае перажыванне. Комплекс сфарміраваны і можа выклікаць дыскамфорт у тым выпадку, калі эмацыянальная рэакцыя замацавалася ў нашай памяці, свядомасць не прабіваецца да нас, а ўся ўлада пераходзіць да эмоцый, гэта значыць, руль кіравання ў іх. Якіх толькі комплексаў не апісана! Назвы іх часта паэтычныя і інтрыгуюць. Комплекс Алісы (падмена рэальных вобразаў выдуманымі), Амазонкі (зняважлівае стаўленне да мужчын), Афіны Палады (моцнай жанчыны), Бураціна (імкненне прыхарошваць рэчаіснасць), Дона Кіхота (культ жанчыны прыгожай і ідэальнай), Залежнасці, Ідэальнай Мамы, Каіна (зайздрасць да малодшага), Ксанціпы (сварлівай жонкі), Дона Жуана, Мача (пастаяннае жаданне даказваць сваю мужнасць), Непаўнавартаснасці, Паўнавартаснасці, Несправядлівасці, Няўпэўненасці ў сабе, Перавагі, Шэрай мышкі, Склочніцтва, Атэла, Чабурашкі (страх непрыгожасці), Эмацыянальнага мазахізму (эмацыянальны скупы)…

Прапануем гарманізаваць комплексы і знізіць іх уздзеянне на нас з дапамогай гатовых універсальных прыёмаў. Смех і ўсмешка — лепшыя сродкі ад любых комплексаў. Чалавек, які ўсміхаецца і смяецца, выклікае павагу і добразычлівасць. Некалькі фактаў:

  1. Смех і ўсмешка актыві­зуюць сінтэз эндарфінаў (гармонаў шчасця).
  2. Калі смяяцца 30 мінут, то можна спаліць 550 калорый.
  3. Калі вы шчыра пасмеяцеся (прагляд камедыі, зносіны з жартаўніком і г.д.) да экзамену ці іншай значнай падзеі, то вашы вынікі будуць вышэйшымі на 3—5 балаў або проста лепшымі.
  4. Пазітыўна настроеныя людзі жывуць даўжэй.
  5. У вачах жанчын мужчына, які ўсміхаецца, выглядае больш надзейным і паспяховым, чым хмурны і абыякавы.
  6. Жанчыны, якія ўсміхаюцца часцей за мужчын-равеснікаў, больш сацыяльна паспяховыя.

Прыём 1: “Саматрэнінг усмешак”. Адпрацоўваем рэакцыю ўсмешкі да аўтаматызму. Усміхаемся самому сабе, усміхаемся першаму ж чалавеку, хто сустрэўся пасля прачытання гэтых радкоў. Застаўшыся ў адзіноце, устанем перад люстэркам і адпрацуем некалькі варыянтаў сваёй усмешкі: мімалётная, захопленая, здзіўленая, добразычлівая, афіцыйная, прыгожая. Важна, каб любая ўсмешка выказвала ўпэўненасць, пазітыў, дабрадушнасць. Не дазваляйце сабе адначасова баяцца і ўсміхацца. Няхай усмешка выціскае страх. Скарыстайцеся такімі вобразамі: страх — гэта прамакатка, а ўсмешка — вада, якая распускае прамакатку. Можна прыдумаць і свае вобразы, яшчэ больш пераканаўчыя для вас.

Прыём 2: “Смехатэрапія”. Адзін з самых дзейсных спосабаў разняволіцца, зняць ці знізіць няўпэўненасць у сабе, напружанне, наступствы стрэсаў, палепшыць настрой, стаць свабаднейшым, развіць у сабе пачуццё гумару, сфарміраваць больш радаснае стаўленне да жыцця. Спачатку трэба абавязкова расслабіць мышцы, наладзіць спакойнае дыханне, потым — глядзець выступленні клоўнаў, камедыі, чытаць ці ўспамінаць анекдоты. Майце зносіны з вясёлымі, пазітыўнымі людзьмі. Танцуйце.

Прыём 3: “Праз “не магу”. Поспех прыходзіць да тых, хто можа, і бяжыць ад тых, хто не можа. Якой бы справай мы ні займаліся, кожны дзень трэба пераадольваць свае “стаміўся”, “надакучыла”, “не хачу”, “баюся” і г.д. Калі мы хочам стаць майстрам, трэба падрыхтавацца да нагрузак, трэніровак, размінак. Пачаць можна з дробязей. Кожны дзень  — душ раніцай і ўвечары. Кожны дзень праводзьце зарадку хоць па 5 мінут. Кожны дзень рабіце паўгадзінную прагулку ці прабежку. Кожны дзень складайце план на наступны дзень і рабіце аналіз папярэдняга дня. Няма дрэннага надвор’я, няма дрэннага самаадчування, няма “не магу”. Галоўнае — пачніце. А потым проста не здавайцеся. Дабаўце радасць і сілу духу — вы станеце самой дасканаласцю, чым бы ні займаліся.

Прыём 4: “Палюбіце панядзелак”. У кожны свой выхадны дзень на 15 мінут успамінайце пра работу, але ў далікатным рэжыме, напрыклад, зрабіце што-небудзь з наступнага спіса:

  1. Пачытайце прафесійны часопіс.
  2. Замалюйце як вясёлую карцінку ідэю, якую вы абмяркоўвалі на рабоце або збіраецеся ажыццявіць на будучым тыдні.
  3. Завядзіце дзённічак або анлайн-блог, дзе будзеце сцісла апісваць, як прайшоў папярэдні тыдзень. Але не займайцеся гэтым у будні.
  4. Накідвайце схему з планамі на будучы тыдзень. Не вычарпальна і не абавязкова лагічна, паслядоўна.

Не захапляйцеся. Выберыце што-небудзь адно і не забудзьце — не больш за 15 мінут.

Прыём 5: “Дык ВОСЬ”. Калі заканчваеце расказваць пра значную падзею або такую, якая эмацыянальна кранула вас, скажыце словы “дык вось”. Але не так, каб паставіць кропку як сцяну і далей некуды ісці. А па-іншаму, каб адчувалася, што наперадзе прасторы, ходжаныя і няходжаныя сцяжыны. Толькі выбраць, па якой ісці, куды, інтуіцыя падкажа.

Дарагія чытачы, проста скажам: “Дык ВОСЬ, рухаемся далей! Усё будзе добра!” Не бу­дзем даваць нашым комплексам бязмежную ўладу над сабой, але і цалкам выкараняць іх не станем. Комплексы можна параўнаць са спецыямі ў страве. Ці будзем мы каму-небудзь цікавы прэснымі, без пярчынкі, а таксама без цукру і солі?!

Святлана РАДЗЬКОВА.