Злавіце свой лепшы рытм жыцця!

Суровая зімовая пара года і асабліва яе апошні месяц асацыіруюцца ў большасці з нас з мужчынскімі вобразамі, рысамі характару, дасягненнямі. Ці думалі мы калі-небудзь пра рытм творчасці і дасягненняў вялікіх мужчын, пра іх распарадак жыцця, дня?! Калі так, то цікава падзяліцца вынікамі асэнсавання, калі не, то тым больш прывабна стаць даследчыкам рытму жыцця вялікіх мужчын нашай зямной цывілізацыі. У гэтым даследаванні нам, канечне, не абысціся без параўнання мужчын з жанчынамі, што яшчэ ярчэй падкрэсліць гармонію і мудрасць суіснавання, сяброўства, любові паміж паламі.

Аналізуючы часавыя прамежкі паміж успышкамі творчага азарэння мужчын, вучоныя прыйшлі да высновы, што статыстычна часцей сустракаюцца інтэрвалы, кратныя сямі дням (7, 14, 21, 28 дзён). Заў­важылі таксама і іншы рытм — з перыядамі 6—7 гадоў, прычым адпаведныя этапы творчай біяграфіі адрозніваюцца адзін ад аднаго як па прадукцыйнасці, так і па тэматычнай накіраванасці творчасці.

А жанчынам дапамагае ці перашкаджае сонечная актыўнасць лютага, якая пачалася? Часавая структура творчай дзейнасці жанчын больш складаная, чым у мужчын. Максімум творчай актыўнасці ў жанчын у асноўным назіраецца ва ўзросце каля 40 гадоў, а перыяды ўздыму і спаду ў творчай дзейнасці чаргуюцца праз 2—3 гады. Гэта часцей, чым у мужчын. Усім вялікім творцам-дасягатарам ха­рактэрны наяўнасць яркага душэўнага жыцця, асаблівая чуллівасць арганізма. Пэўны шматгадовы рытм дасягненняў выяўлены ў людзей, якія засяроджаны на сваім унутраным жыцці: у музыкантаў, паэтаў, філосафаў, мастакоў. У людзей практычнай дзейнасці хвалепадоб­­насць ходу жыцця вучоным вызначыць не ўдаецца. Паколькі практычная дзейнасць патрабуе пастаяннай гатоўнасці да хуткіх і дакладных рэакцый на імпульсы звонку, на што не заўсёды здольны лю­дзі з выяўленай перыядычнасцю ў душэўным жыцці. Што да прадстаўнікоў навукі, то яны размяшчаюцца паміж ужо апісанымі суполкамі людзей. Магчыма, прадстаўнікі нашай прафесіі займаюць індывідуальную нішу ў перыядычнасці творчых дасягненняў мужчын і жанчын, а можа, час ад часу мы далучаемся да прадстаўнікоў кожнага напрамку чалавечай дзейнасці?! Арганізуем ці працягнем саманазіранні?!

Прывабна прачыніць дзверы на творчую кухню вялікіх людзей свету. У гонар свята давайце дазволім сабе гэта. Якім быў распарадак дня вялікіх людзей? Як яны адваёўвалі ў побыту гадзіны ці хвіліны творчасці? Якія былі празаічныя дэталі штодзённага жыцця? Можа, справа менавіта ў гэтых нюансах і сакрэт поспеху праслаўленых мужчын у правільна зной­дзеным рытме жыцця, арганізацыі кожнага свайго дня? Пра цудоўныя творы суб’ектаў нашай цікавасці мы ўсё ведаем, але якім жа быў працэс? Як спалучалася творчая праца і неабходнасць зарабляць? Цалкам прысвячалі сябе творчай задуме вялікія ці штодзень выдзялялі некалькі гадзін? Ці сумяшчальны камфорт і творчая дзейнасць? Ці, не забяспечыўшы сабе камфортныя ўмовы, чалавек не можа ствараць? У любых дробязях, тактыках, выбарах выяўляецца індывідуальнасць генія. Менавіта яна нас цікавіць сёння і заўсёды.

Спосабы, якімі геніяльныя людзі арганізоўвалі сваё жыццё,  бясконца разнастайныя. Вольфганг Амадэй Моцарт клаўся спаць у гадзіну ночы і да 6 раніцы быў ужо на нагах. Леў Талстой прасынаўся пасля 9 і быў не ў настроі, пакуль не ўмыецца. За звычайным для сябе снеданнем (кава і 2 яйкі ўсмятку) быў негаваркі. Пасля ішоў са шклянкай чаю да сябе ў кабінет і замыкаў яго на ключ. Да абеду быў гаваркі і меў зносіны з сям’ёй, да 22 гадзін быў ажыўлены, у добрым настроі, праяўляў сябе яркім апавядальнікам, асабліва ў прысутнасці гасцей. Уінстану Х’ю Одэну прыносіла творчы поспех толькі ранішняя работа — з 7:00 да 11:30. Інгмару Бергману — з 8—9 да 12 і з 13:00 да 15:00. Плюс заўсёды адно і тое ж сняданне дзесяцігоддзямі: узбітыя вяршкі, клубнічнае варэнне, кукурузныя шматкі. Фрэнсіс Бэкан сцвярджаў, што ахайнасць душыць яго творчасць. У Патрысіі Хайсміт (аўтар псіхалагічных трылераў) з цяжкасцю наладжваліся адносіны з лю­дзьмі, а вось з жывёламі — цудоўна. Смаўжы выклікалі ў ёй надзвычайны спакой. Для Федэрыка Феліні ідэальным ладам жыцця аказаўся працэс здымак фільмаў — ідэальнае спалучэнне работы і калектыўнага жыцця. Кампазітар Мортан Фельдман ставіў у аснову свайго поспеху знешнія ўмовы, камфорт, гаворачы: “Дайце мне зручнае крэсла — і я пасаромлю Моцарта”. Пётр Ільіч Чайкоўскі браўся за напісанне музыкі толькі пасля таго, як управіцца з нелюбімымі справамі. Пасля прыёму ежы Чайкоўскі гуляў 2 га­дзіны абавязкова, як быццам калі не хопіць хаця б пяці мінут ха­дзьбы, то ён захварэе ці адбудуцца неверагодныя няшчасці. У час прагулак у Пятра Ільіча нараджаліся задумы яго твораў, ён спыняўся, робячы запісы. Пасля прагулкі кампазітар піў чай, чытаў газету ці часопісы па гісторыі.

Марк Твэн, калі пісаў “Прыгоды Тома Соера” пасля сытнага снедання, працаваў многа гадзін запар у альтанцы-кабінеце, якую для яго спецыяльна пабудавалі на ферме. У гэты час нікому нельга было да яго набліжацца. У гарачыя дні ён расчыняў вокны кабінета, прыціскаў лісты паперы цаглінамі і працаваў на скразняку, адзеты ў ільняны касцюм. Пасля абеду Твэн чытаў усёй сям’і тое, што паспяваў напісаць за дзень. Яму самому і слухачам гэтае штовечаровае чытанне вельмі падабалася.

Стывен Кінг ніколі не дазваляў сабе спыніцца, ні ў святы, ні ў свой дзень нараджэння, пакуль не выканае дзённую норму 2000 слоў.

У Сяргея Рахманінава атрымлівалася пісаць музыку па 4 гадзіны на дзень. Ён лічыў, што гэта вельмі мала.

Уладзімір Набокаў славіўся сваімі дзівацтвамі ў рабоце. Зімой уставаў каля 7. Яго будзільнікам была альпійская чырвананогая галка, якая наведвала яго балкон і меладычна клекатала. Пісьменнік некаторы час ляжаў у пасцелі, абдумваючы дзень. Каля 8:00 — галенне, снеданне, медытацыя, ванна. Потым да абеду — работа ў кабінеце. Ён рабіў першыя накіды работы алоўкам на разграфлёных картках, збіраючы іх у доўгіх каталожных скрынях. Пісьменнік сцвярджаў, што раман складваецца ў яго ў галаве цалкам у гатовым выглядзе яшчэ да таго, як ён пачне яго запісваць. Набокаў пісаў кавалкі тэксту без усялякай паслядоўнасці, а потым, тасуючы свае запісы, мог хутка скласці цэлыя старонкі, главы. Скрынка з карткамі служыла пераносным пісьмовым сталом. Любімыя заняткі: тэлетрансляцыя футбольных матчаў і паляванне на матылькоў. (Гэтыя звесткі мы ўзялі з работы Мэйсана Кары, які даследаваў жыццё і распарадак 161 выдатнага чалавека мінулага і сучаснасці.)

Напэўна, нам не ўдалося знайсці вычарпальныя адказы на ўсе зададзеныя сабе пытанні, але гэта і не важна. Сёння і заўтра кожны з нас будзе дзейнічаць самастойна, знаходзячы кампраміс паміж руцінай і творчасцю. Любіце сваю работу, бо, як сцвярджаў Інгмар Бергман, “яна паток, які разліваецца па пейзажы тваёй душы”. Не забывайце пра адпачынак. Рабіце свой выбар, стараючыся кожны дзень ці час ад часу глядзець на яе свежым поглядам творцы.

Святлана РАДЗЬКОВА.