Мы жывём і дзейнічаем у прасторы часу. Яго тканіна ахутвае нас, папаўняючыся новымі малюнкамі-падзеямі. У звычайным жыцці мы засяроджаны на новых, апошніх, яе ўчастках. Але ёсць абставіны і даты, якія падштурхоўваюць да ўспамінаў, да падарожжаў у аддаленыя прасторы часу і нават туды, дзе нас саміх яшчэ не было.
Адны з самых важных абставін і дат, якія прымушаюць успомніць, — Дзень Перамогі, асаблівы ў гэтым годзе, святое і дарагое свята для мяне і ўсіх родных, якія жывуць і якіх ужо няма. Зараз па-сапраўднаму важнай справай па душы для мяне з’яўляюцца зносіны з роднымі — дзецьмі Вялікай Айчыннай вайны. Шчыра хочацца пагаварыць з імі, зразумець, што яны перажывалі і адчувалі, што запомнілі і ці адпушчаны яны вайной або яна ў іх снах назаўсёды.
Такая размова аказалася не толькі маёй справай па душы, але і маёй мамы Тамары Ігнатаўны Радзьковай (Шакуцінай). Напярэдадні вялікага свята для сваіх дзяцей і ўнукаў яна запісала свае дзіцячыя ваенныя ўспаміны. Вайна ва ўзросце 77 гадоў ёй ужо не сніцца, але любімая тэма для чытання ваенная. Яшчэ ў маёй памяці расказы свекрыві — Іды Паўлаўны Аглоблічавай, якая ўжо пайшла з жыцця, пра тое, як жылося падлетку падчас вайны. Спадзяюся, што ўсё, што ўспамінаецца сэрцам з любоўю да нашчадкаў, будзе цікавым і каштоўным для іх.
— Калі пачалася вайна, мне, Томачцы Шакуцінай, было амаль чатыры гады, — чытаем успаміны Тамары Ігнатаўны. — У маёй мамы акрамя мяне было яшчэ чацвёра дзяцей: Ала, Маруся (аднагадовыя дзяўчынкі), Лена (5 гадоў) і Віця (6 гадоў). Тата Ігнат Іванавіч адразу пайшоў на фронт. У хуткім часе ад запалення лёгкіх памерлі мае малодшыя сястрычкі-двайняты. Мінула нямала часу, і нас паспрабавалі эвакуіраваць (жылі мы ў той час у Оршы). Паспрабавалі, таму што ад’ехалі мы недалёка, кіламетраў 40, а немцы ўжо былі паўсюль. Прыйшлося ехаць назад у горад. Вяртаючыся, бачылі дамы, якія гарэлі, разбурэнні, пажарышчы. Наш дом у Оршы таксама аказаўся разбураным — у яго трапіла бомба. Мы засяліліся ў дом, які пуставаў. Гэта ўсё я памятаю сама, а не са слоў мамы. Сталелі мы ў той час хутка.
Пачаліся тры гады акупацыі — з чэрвеня 1941 па ліпень 1944. У гэтыя гады жыццё было нясцерпна цяжкім: прадпрыемствы не працавалі і хлебазаводы таксама. Есці не было чаго, адзявацца таксама не было ў што. Толькі дзякуючы нашай дарагой маме Валянціне Пятроўне мы выжылі і дачакаліся вызвалення. Мама захавала швейную машынку “Зінгер” (яе купіў тата Шакуцінай да вайны, бо ў сям’і было 5 дзяцей) і на ёй шыла штосьці для вясковых жыхароў: навалочкі, тэкстыльныя боты-буркі. Потым хадзіла пешшу ў навакольныя вёскі, выменьвала пашытае на муку, хлеб, бульбу. Часам шанцавала, і мама выменьвала для нас кавалачак сальца. Мама часта гатавала нам кулеш і суп з заціркай. Святам былі кавалкі засмажанага сала ў куляшы. Прыходзілася задавольвацца мізэрнымі порцыямі, есці роўна столькі, каб выжыць. Прадукты ў нас захоўваліся пад замком у асаблівай скрыні. Мы, дзеці, увесь час хацелі есці, таму мама баялася, што мы не вытрымаем і з’ядзім адразу ўсё. А гарантыі, што атрымаецца яшчэ дастаць прадуктаў, не было. І тады нам пагражала смерць ад голаду. Здагадваюся, што мама часта адмаўляла сабе ў ежы, была вельмі-вельмі худой. Голад цягнуўся бясконца. Пасля смерці Алачкі і Мурачкі (так мы звалі Марусю) я была малодшай у сям’і. З-за недахопу харчавання вельмі хварэла. Часам панчохі здымала з цяжкасцю, проста аддзірала іх з кроўю, таму што ножкі былі пакрыты нарывамі, галава таксама. На ўсё жыццё сапсаваўся зрок. Лекаў не было і магчымасці звяртацца да ўрачоў таксама.
Недалёка ад нашага дома быў нямецкі шпіталь. Мы калі-нікалі падыходзілі да яго і сядзелі на адлегласці. Мы нічога не прасілі, проста сядзелі. Часам нямецкія кухонныя рабочыя выносілі нам хлеба. Аднойчы мне паклалі кашы прама ў далоні, вынеслі тазік з кісялём. Цяжка было дзецям адмовіцца ад такіх падарункаў.
Аднак з часам, сталеючы, мы ў меру сваіх сіл выказвалі адносіны да ворагаў, можна сказаць, змагаліся па-свойму, па-дзіцячы. Аднойчы я выбегла з дома ў двор. Міма праходзіў немец ва ўзросце. Паклікаў мяне да сябе, узяў на рукі, нешта гаварыў па-нямецку, укладаў у маю руку вялікую цукерку. У той час цукерка для дзіцяці была чымсьці падобным да цуду. Але я стала адпіхваць яго рукамі, біць кулачкамі па твары. Суседка потым расказвала маме, што ў гэтага мужчыны вісела на поясе кабура з пісталетам. Жанчына замерла ў страху, мяркуючы, што немец раззлуецца і застрэліць мяне. Але гэтага не здарылася. Мужчына растлумачыў, як мог, што дома ў яго таксама дзеці, і пайшоў далей сваёй дарогай. А я ганарылася сабой, што не ўзяла цукерку ў ворага і супраціўлялася яму як магла.
А брат Віця, якому на той момант было 7 гадоў, стрэліў з рагаткі ў нямецкую машыну, якая праязджала міма яго. Шкло разбілася, і нямецкі афіцэр быў ранены ў галаву. З аўтамабіля выскачыў вадзіцель і пабег за Віцем. Яго выратавала тое, што справа была каля моста, пад ім зараснікі бур’яну, у якіх і схаваўся мой брат. Вадзіцель пабаяўся рушыць у зараснікі. Вярнуўся. А Віця прыйшоў дадому толькі познім вечарам, калі быў амаль упэўнены, што яго сям’ю ўжо расстралялі.
Яшчэ памятаю такі эпізод, які быў вельмі страшным не толькі для мяне, але і для ўсёй сям’і. Дом наш быў ля дарогі, і аднойчы ноччу эсэсаўцы ў чорных мундзірах сталі біцца ў дзверы. Білі прыкладамі па вокнах, крычалі: “Рус партызан, здавайся!” Мы так плакалі, крычалі. Яны чулі дзіцячы плач. Мы плакалі шалёна, таму што ведалі, што ў такіх выпадках у жывых нікога не пакідалі. Нам пашанцавала, нас не расстралялі. З тых часоў і да цяперашняга моманту я не магу спакойна чуць нямецкую мову, бо тады цела бяруць дрыжыкі і тая карціна зноў паўстае перад вачыма. Увогуле ўспамінаць тыя гады цяжка. Тыя эмоцыі ажываюць зноў, слёзы немагчыма стрымліваць, а забываць перажытае ўсё роўна нельга.
Наш горад бамбілі і немцы, і нашы. Трэба было хавацца ад бамбёжкі. Побач са шпіталем немцы выкапалі бліндажы і хаваліся там ад налётаў нашай авіяцыі. Часам і мы з мамай там хаваліся. Аднойчы падчас бамбардзіроўкі я знайшла анучную лялечку ў бліндажы. Хтосьці з дзяцей яе забыў. Выглядала яна непрыгожа, ляжала там, відаць, даўно, запэцкалася. Але мне гэта было не важна. Мяне накрыла хваля шчасця, не было межаў маёй радасці. З той пары я з ёй не расставалася — і ела, і спала з ёй.
Памятаю, што там, дзе зараз жылыя дамы, немцы занялі тэрыторыю пад свае могілкі. Нізкія драўляныя крыжы стаялі так роўненька, акуратна. Мы з задавальненнем заўважалі, што могілкі папаўняюцца новымі магіламі.
Цяжка было бачыць нашых ваеннапалонных (лагер іх размяшчаўся на былой тэрыторыі цагельнага завода). Немцы вадзілі іх на розныя работы пад канвоем. Па абочынах дарогі стаялі нашы жанчыны і дзеці. Я бачыла, з якім спачуваннем, з якім болем жыхары горада глядзелі на ваеннапалонных. Да гэтай пары, калі бачу падобныя эпізоды па тэлебачанні, ад эмоцый амаль спыняецца сэрца.
У маёй памяці захоўваюцца самыя яркія ўражанні пра дзень вызвалення Оршы. Было вельмі горача. Праз наш горад ішлі войскі, перапраўлялі розную тэхніку, ваеннае абсталяванне, вялі коней. Мы адчувалі ТАКУЮ вялікую радасць, гордасць, у самым прамым сэнсе было мора слёз. Мы кідаліся з абдымкамі да салдат, цалавалі іх, зноў плакалі разам. Старэйшыя дзеці ўсё пампавалі і пампавалі ваду з калодзежа, каб напаіць родных вызваліцеляў. Запомніла, што спіны салдацкіх гімнасцёрак былі белыя, пакрытыя соллю ад поту.
Мой тата Ігнат Іванавіч Шакуцін з вайны не вярнуўся. Апошні ліст напісаў 6 жніўня. Загінуў пад польскім горадам Сувалкі 16 жніўня 1944 года, пахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Ліпняк. Я пісала ў польскае аддзяленне Чырвонага Крыжа, атрымала адказ, што сапраўды бацька пахаваны ў гэтай мясцовасці і што пасля вайны ўсе магілы савецкіх салдат і ваеннапалонных былі перанесены на могілкі за 3 кіламетры ад Сувалак. На гэтых могілках пахаваны 40 000 савецкіх салдат і палонных. Я ездзіла на магілу да бацькі ў 1977 годзе.
***
Дзіцячых успамінаў пра вайну Іды Паўлаўны Аглоблічавай у мяне, аўтара рубрыкі, намнога менш, але ўжо не спытаеш і нічога не дабавіш да таго, што ёсць. 9 мая 2010 года мы разам адсвяткавалі Дзень Перамогі, а на наступны дзень яе не стала. А памятала маленькая Іда (на пачатак вайны ёй было 12 гадоў), што з Марыяй (жонкай бацькі) і маленькай сястрой Тамарай у Іжэўску яны засталіся адзін на адзін з голадам і безабароннасцю. Бацька Павел Аглоблічаў ваяваў. Марыя таксама хадзіла па вёсках, абменьваючы рэчы на прадукты для дзяцей. Аднойчы, калі вярталася дадому з прадуктамі, яна пацярпела ад нападзення бандытаў. Марыя пакідала Іду няньчыць сястру Томачку. Падлетку Ідзе, па яе ўспамінах, пакінулі для малодшай сястры кавалак хлеба і крыху малака. Ідзе так хацелася есці, што яна вырашыла адрэзаць малюсенькі кавалачак ад хлеба сястры. Потым не ўтрымалася і яшчэ кавалачак адрэзала, потым яшчэ і яшчэ, пакуль увесь не з’ела. Тамары засталося толькі малако. Марыя лаяла Іду скрозь уласныя слёзы, а дзяўчынка горка плакала, перажываючы голад, пачуццё віны і разлуку з мамай і сястрой Маргарытай. Мама з Рытай на момант пачатку вайны апынуліся ў Краснаярску, дзе і пражылі ўсю вайну. Іда пасля вайны, калі ўдалося сустрэцца з Маргарытай, ёй расказвала, як жыла ў ваенныя гады, як хадзіла ў лес па першую траву, як потым з гэтай травы варылі суп, каб хаця б неяк заглушыць голад. Аднойчы падчас такога паходу ў лес пайшоў дождж. Іда ўспамінала, што яна была да такой ступені худой, што ў яе ключычных ямінах стаяла даждавая вада. Дзякуючы перажытаму, Ідачка навучылася з усяго, што ёсць пад рукой і можа называцца прадуктам харчавання, гатаваць надзвычай смачныя стравы. Сваёй Рытачцы, па яе просьбе, сушыла і варыла незвычайна смачную цыбулю, таму што Рыта хацела зразумець, як яе сястра жыла ў ваенны час. У Краснаярску і ў вайну ўмовы жыцця былі значна лепшымі. Іда Паўлаўна на ўсё жыццё захавала добрую звычку ўсіх, хто прыйшоў у яе дом, накарміць смачна. Да гэтай пары мы аднаўляем яе рэцэпты мірнага часу самсы, цыбульнага пірага, торта з арэхамі, макам, разынкамі.
Апісваючы дзіцячыя ваенныя ўражанні блізкіх людзей, не магла стрымлівацца, плакала. Магчыма, тое, што кранае аднаго чалавека, не пакіне абыякавым і другога, памнажаючы ў свеце колькасць спачування, суперажывання і дабра.
Пажадаем у гэтыя перадсвяточныя дні адно аднаму дабра і МІРУ. Мы зноў усе востра адчуваем, што для людзей няма нічога важнейшага за гэта.
Святлана РАДЗЬКОВА.