Вакцынацыя з’яўляецца вялікім здабыткам чалавека, бо яна дапамагла зберагчы чалавецтва ад знішчэння або значнага скарачэння. Кожны год напярэдадні сезона эпідэміі грыпу набірае абароты вакцынацыя ад гэтай інфекцыі. Патрэбна разабрацца ў разнастайнасці вакцын, прадстаўленых сёння на айчынным рынку.
Штогод склад вакцыны супраць грыпу мяняецца, бо на аснове прагнозаў экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя кампаніі-вытворцы атрымліваюць вірусны спектр — прыблізны набор тых вірусаў грыпу, якія будуць атакаваць насельніцтва ў надыходзячым эпідэмічным сезоне, і пачынаюць вытворчасць і распаўсюджванне вакцын супраць грыпу. Сучасныя вакцыны супраць грыпу называюцца трывакцынамі, бо ўтрымліваюць у сваім складзе антыгены трох тыпаў віруса грыпу: H1N1, H3N2 і B-тыпу.
Вакцыну супраць грыпу ўводзяць у арганізм двума спосабамі: назальным (пырскаюць у нос), што прыводзіць да развіцця мясцовага імунітэту, і ін’екцыйным (падскурна ці ўнутрымышачна).Для спецыфічнай прафілактыкі супраць грыпу выкарыстоўваюць вакцыны, падзеленыя на дзве вялікія групы: жывыя (якія змяшчаюць аслабленыя вірусы) і інактываваныя вакцыны (не змяшчаюць жывыя вірусы). Інактываваныя вакцыны падзяляюцца на тры групы: цэльнаклетачныя, якія ўтрымліваюць цэлыя клеткі віруса грыпу; расшчэпленыя, або спліт-вакцыны, якія ўтрымліваюць часткі клетак віруса (напрыклад, “Ваксігрып” французскай вытворчасці, “Флюарыкс” ад бельгійскай кампаніі); субадзінкавыя вакцыны, якія ўтрымліваюць толькі павярхоўныя вірусныя бялкі (“Інфлювак” ад фармкампаніі з Нідэрландаў).
Цэльнаклетачныя і жывыя вакцыны валодаюць найбольшай рэактагеннасцю, асабліва ў маленькіх дзяцей, і здольны выклікаць пасляпрышчэпачныя рэакцыі і ўскладненні. Адпаведна, галіна прымянення такіх вакцын вельмі вузкая. Субадзінкавыя і спліт-вакцыны не маюць такой частаты развіцця ўскладненняў на ўвядзенне і разам з тым фарміруюць імунітэт на даволі высокім узроўні, таму з’яўляюцца эталонам у выкарыстанні для прафілактыкі грыпу.
Як дзейнічае вакцына? Увядзенне ў арганізм інактываванага віруса (або яго частак) выклікае выпрацоўку антыцел, што дазваляе стварыць шматузроўневую сістэму абароны ад грыпу. Праз два тыдні пасля прышчэпкі ў арганізме назапашваюцца супрацьгрыпозныя антыцелы. Ахоўныя бялкі распазнаюць вірус і знішчаюць, не дазваляючы яму размножыцца. Дастатковая імунная рэактыўнасць арганізма захоўваецца каля 6 месяцаў (па іншых даных, да года), што забяспечвае яго высокую супраціўляльнасць віруса грыпу на працягу ўсяго эпідэмічнага сезона. Эфектыўнасць імунізацыі сучаснымі супрацьгрыпознымі вакцынамі складае 70—90% і залежыць як ад канкрэтнай вакцыны, умоў яе захоўвання і транспарціроўкі, так і ад эпідэміялагічнага становішча ў пэўны час, ад асаблівасцей арганізма і іншых фактараў. Гэта значыць, верагоднасць таго, што прышчэпленае дзіця захварэе на грып, усё ж захоўваецца, але пры гэтым перахварэе яно ў лёгкай форме і без развіцця ўскладненняў.
Вакцына — гэта не лекі ў агульнапрынятым сэнсе гэтага слова. Вакцынацыя імітуе вірусную інфекцыю для таго, каб справакаваць імунную сістэму арганізма на барацьбу з інфекцыяй. Пры правядзенні вакцынацыі на працягу некалькіх гадоў запар яе эфектыўнасць узрастае.
Да канца верасня 2015 года ў Рэспубліку Беларусь будзе пастаўлена больш за 3 млн доз вакцыны “Грыпол плюс” расійскай вытворчасці для прафілактыкі грыпу. У адпаведнасці з дзяржаўным кантрактам, заключаным у ліпені з РУП “Белфармацыя”, расійская кампанія — вытворца названай вакцыны выступіць адзіным пастаўшчыком супрацьгрыпознай вакцыны на тэрыторыі нашай краіны для Нацыянальнага календара прафілактычных прышчэпак у эпідэмічным сезоне 2015—2016 года. Па словах кіраўніка кампаніі Алены Архангельскай, вакцына “Грыпол плюс” выпушчана ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі GMP. За сем гадоў гэтай вакцынай паспяхова прышчэплена больш за 100 млн чалавек.
“Грыпол плюс” — расійская інактываваная субадзінкавая вакцына апошняга пакалення, якая не змяшчае кансервантаў. Яна можа прымяняцца для дарослых і дзяцей (ад 6 месяцаў), цяжарных жанчын, асоб з хранічнымі саматычнымі захворваннямі, у тым ліку з сардэчна-сасудзістай паталогіяй, алергазахворваннямі і імунадэфіцытнымі станамі рознай этыялогіі. Паводле рэкамендацый СААЗ, штогод склад вакцыны абнаўляецца для бягучага эпідсезона.
Наталля ДЗМІТРЫЕВА.