Аднарог павінен перамагчы

Пераможца абласнога этапу конкурсу “Настаўнік года” Юлія Касталомава выкладае іспанскую мову ў гімназіі № 2 Ваўкавыска. Яе прафесіяналізм пацверджаны высокімі дасягненнямі вучняў, якія не раз станавіліся пераможцамі алімпіяд па іспанскай мове. Але сённяшняя размова аб іншым — аб захапленні Юліі Уладзіміраўны вышыўкай і аб тым, як уплывае гэтае мастацтва на яе жыццё.

— Юлія Уладзіміраўна, як даўно займаецеся вышыўкай, з чаго пачалося гэтае захапленне?

— Думаю, вы заўважылі цікавую тэндэнцыю, якую мы назіраем у апошні час: жыццё становіцца ўсё больш імклівым, а жанчыны вяртаюцца да рукадзелля. Можа, гэта адказ на занадта хуткі бег часу?

Я пазнаёмілася з вышыўкай яшчэ ў дзяцінстве, на ўроках працы. Спачатку гэта былі простыя спробы, якія часта заставаліся незавершанымі. Мне хацелася хутка атрымліваць вынік, а вышыўка мае зусім іншую філасофію — гэта я зразумела значна пазней. У мяне часта пытаюцца, колькі часу ідзе на выраб адной карціны. Шмат — адказваю я. У мяне няма мэты як мага хутчэй скончыць чарговую работу. Вышыўка — гэта стан душы, адпачынак ад штодзённай работы. Часам жыццё набывае такую хуткасць, што я месяцамі не бяруся за іголку, а часам вышываю кожны дзень гадзіны напралёт. Нельга рабіць гэта, калі ты знерваваны, бо энергія, якая ўкладаецца ў карціну, жыве ў ёй праз гады.

— Ці памятаеце сваю першую вышытую карціну?

— 20 гадоў назад я трапіла ў Іспанію і была ўражана, убачыўшы, як жанчыны ўпрыгожваюць свае дамы вышыўкамі і сямейнымі фотаздымкамі. Гэта было так незвычайна: у нас у тыя часы было прынята завешваць сцены дыванамі, а ў іх кожны пакой апавядаў гісторыі кахання і сямейнай памяці. Тады я вырашыла, што калі ў мяне з’явіцца ўласны дом, то я зраблю яго такім жа. Дарэчы, нездарма кажуць, што чалавек пражывае столькі жыццяў, колькі моў ведае: вывучаючы замежныя мовы і выязджаючы ў свет, мы набываем новы вопыт, новыя звычкі. Сёння ў нашай кватэры вісяць толькі карціны, зробленыя сваімі рукамі, і фотаздымкі.


— Можа, ёсць найбольш любімыя работы?

— Першыя мае карціны былі зусім маленькія, нават наіўныя. Потым я спрабавала купляць часопісы і вышываць па схемах. Але сапраўднае захапленне пачалося, калі ў рукі трапіў прафесійны набор для вышыўкі з падабранымі ніткамі і канвой. Гэта быў падарунак ад мужа. Мы прыехалі ў Мінск, гулялі па адной з выстаў, і раптам я ўбачыла яго — майго аднарога.

На той час мы былі маладой сям’ёй і набор быў зусім не па кішэні, але мой муж убачыў, як заблішчэлі мае вочы, і вырашыў зрабіць мне падарунак. Гэты аднарог да сённяшняга дня застаецца адной з найбольш любімых работ. Для мяне гэта сімвал унутранай сілы, прыгажосці, імкнення да нечага новага. Дарэчы, я вельмі ўважліва стаўлюся да выбару карцін. Па-першае, у працэсе работы з імі прыходзіцца праводзіць доўгія месяцы, а можа, нават і гады. Карціна павінна падабацца, каб да яе хацелася вяртацца. Па-другое, завершаны твор змяшчаецца на сцяне і працягвае свае жыццё, уплываючы на настрой тых, хто на яго глядзіць. Наш дом — як і наша жыццё — трэба захоўваць ад непатрэбных карцін, звычак, людзей.


— Ці дорыце свае вышыўкі?

— Мае вышыўкі для мяне — як дзеці. Спачатку яны чакаюць сваёй чаргі, потым ідзе працэс стварэння, затым яны радуюць вока, упрыгожваючы наш дом. Некалькі разоў я рабіла падарункі блізкім сябрам па асаблівых нагодах накшталт вяселля або нараджэння дзіцяці, але звычайна карціны застаюцца ў сям’і. Можа, калі іх стане зашмат, частка іх пяройдзе маім дзецям.

— У вас ёсць калегі ці сябры, якія таксама займаюцца вышыўкай?

— Так, адна з калег па кафедры займаецца вышыўкай. Часам мы з задавальненнем абмяркоўваем апошнія работы. Мая дачушка таксама падзяляе гэтае захапленне. Яна пакуль што робіць першыя крокі, але ў яе добра атрымліваецца.

— Падчас удзелу ў конкурсе “Настаўнік года” вы выкарыстоўвалі свае работы для прэзентацыі педагагічнага вопыту, а ці былі такія выпадкі падчас урокаў у гімназіі?

— Не, ідэя выкарыстаць работы падчас конкурсу прыйшла выпадкова, літаральна за некалькі дзён да выпрабавання. Мы з калегамі былі на рэспубліканскай алімпіядзе, і яны, убачыўшы, як я вышывала, выказалі шкадаванне, што мала хто бачыць гэтую прыгажосць. Так нарадзілася ідэя паказаць прафесійны вопыт праз захапленне.


— Што дае вам гэтае захапленне? Як знаходзіце на яго час?

— Вышыўка мае нешта ад медытацыі: шывок кладзецца за шыўком, павольна ператвараючы белае палатно канвы ў новую карціну. Гэта супакойвае, дае магчымасць засяродзіцца на нейкіх думках. Калі чалавек знерваваны, псіхолагі рэкамендуюць павольна і глыбока дыхаць. Наш арганізм рэагуе на запаволенае дыханне і супакойваецца. Нешта падобнае адбываецца, калі ідзе працэс вышыўкі. Тут нельга спяшацца, бо можна заблытаць нітку або згубіць радок схемы, на якім ты знаходзішся. Міжволі наступае рэлаксацыя. Акрамя таго, вышыўка дазваляе трэніраваць стратэгічнае мысленне. Так-так, не здзіўляйцеся! Трэба ж вылічыць, якім шляхам ісці па канве, каб было менш пераходаў на адваротным баку. Ну і, канечне, вышыўка дорыць эстэтычную асалоду.


Што тычыцца часу, то я і сама задаю сабе гэтае пытанне. Канечне, загружанасць на рабоце не дазваляе рэгулярна ўдзяляць час свайму захапленню, але хто хоча — знаходзіць магчымасць. У сувязі з гэтым мне вельмі падабаюцца радкі Эдуарда Асадава:

В любых делах при максимуме сложностей

Подход к проблеме всё-таки один:

Желанье — это множество возможностей,

а нежеланье — множество причин.

— Можа, быў нейкі цікавы выпадак, звязаны з вышыўкай?

— Ёсць адна карціна, з якой у мяне “не адразу склаліся адносіны”. Гэта сцэна ў лесе з выявай лася і ваўкоў. Набыла я яе даволі даўно, пачала вышываць. Потым мне стала здавацца, што ад карціны ідзе нейкая агрэсія, нібыта ваўкі спрабуюць укусіць. Работа ішла цяжка, было нават жаданне пакінуць яе зусім. Я рабіла доўгія перапынкі, вышывала нешта іншае. У выніку праз доўгія тры гады карціна ўсё ж была скончана. Я глядзела на яе і не магла зразумець, якія эмоцыі яна ў мяне выклікае: нават спыталася ў мужа (ён захапляецца паляваннем), хто пераможа ў гэтай сутычцы. Муж патлумачыў, што калі лось мужна змагаецца, то ў ваўкоў няма шансаў, нягледзячы на колькасць. І тут раптам я зразумела, што сцэна ў лесе — гэта алегорыя нашага жыцця, дзе ваўкі — гэта праблемы, а лось — наша стаўленне да іх. Цяпер карціна вісіць у нашай зале. Я гляджу на яе, калі часам апускаюцца рукі, і адчуваю, якую энергію яна мне дае.

— Ці ўдзельнічалі вы ў выставах?

— Толькі ў школьных. Можа, калі-небудзь маё хобі ўбачыць больш людзей, але я пра гэта не думала.

— Як кожнай творчай асобе, апошняе пытанне задам аб планах.

— Працягваць — вось галоўны план. Мая чарговая карціна амаль гатова, але на паліцы ўжо ляжыць наступны набор. У найбліжэйшы час хачу паспрабаваць вышыць габелен. Гэта даволі аб’ёмная работа. Можа, паспрабуем шыць разам з дачкой.

У заключэнне хацела б пажадаць усім чытачам: шукайце новыя захапленні, асвойвайце новыя шляхі, знаходзьце прыгажосць і гармонію ў жыцці! Мы жывём у напружаны час, калі звонку атакуюць стрэсы і выпрабаванні, але толькі ад нас залежыць, як мы да гэтага ставімся. Не дайце ваўкам перамагчы ўнутранага аднарога!

Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.