Гродзенскі дзяржаўны абласны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі прыняў удзел у фэсце “Феерыя кветак”, які ўпершыню прайшоў у Гродне.
На працягу трох дзён ва ўнутраным дворыку Гродзенскага дзяржаўнага музея гiсторыi рэлiгii праводзіўся фестываль кветак. На ім былі прадстаўлены кампазіцыі з жывых, штучных, стабілізаваных кветак і моху. Разам з прафесійнымі фларыстамі сваю творчую работу па афармленні фантана прадставіў і Гродзенскі дзяржаўны абласны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі. Гэта першы такога роду і яркі вопыт нашай установы. У кветкавым афармленні фантана было выкарыстана восем гаршкова-кветкавых і ліставых дэкаратыўных раслін: сурфiнiя, барвенак, iпамея, багаткі, спірэя, бружмель, плюшч, барбарыс. Фантан “Мелодыя кветак” стаў цэнтрам візуальнага прыцягнення і фларыстычнай фотазонай для наведвальнікаў фэсту.
У рамках работы фестывалю праходзіла дэфіле фларыстычных мадэляў. Прадстаўленая эколага-біялагічным цэнтрам мадэль “Беларуская прыгажуня” была выканана ў тэхніцы саломапляцення, упрыгожана саламянымі васількамі, жывымі кветкамі — флёксамі, незабудкамі, гейхерай і зелянінай.
Святлана ГРЭЙБА,
дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага абласнога
эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.
Фота Марыны ГАРЭЛАВАЙ.