У апошні час бацькоў хвалюе пытанне: ці можна і ці трэба караць дзяцей? Як зрабіць пакаранне па-сапраўднаму карысным і як, караючы дзіця, не разбурыць самага дарагога — яго даверу да дарослага і да сябе?
Выхаванне дзіцяці, клопат аб яго здароўі і дабрабыт — гэта працаёмкі працэс, які патрабуе ад бацькоў шмат сіл і цярпення. Як паказвае практыка, нават у шчаслівых сем’ях, дзе бацькі адчуваюць шчырую любоў і прыхільнасць да сваіх дзяцей, у выхаваўчым працэсе могуць выкарыстоўваць такія формы ўздзеяння, як цялесныя пакаранні, запалохванне, пазбаўленне дзіцяці зносін або прагулкі. Пры гэтым большасць бацькоў добра разумеюць, што такая тактыка выхавання — гэта парушэнне правоў іх дзяцей і прычына магчымых адхіленняў у псіхічным і фізічным развіцці дзіцяці. Становішча дзіцяці ў сем’ях з больш нізкім узроўнем культуры, у сем’ях, дзе дзіця становіцца абузай, а не радасцю жыцця, значна горшае. Незаўважна для бацькоў метад пакарання ў працэсе выхавання становіцца асноўным і прымае форму жорсткага абыходжання з дзіцем.
Жорсткае абыходжанне ўключае ў сябе не толькі цялесныя пакаранні, але і псіхалагічнае ўздзеянне на дзіця, тармозіць развіццё асобы і прыводзіць да фарміравання паталагічных рыс характару:
— адкрытае непрыняцце і пастаянная крытыка дзіцяці;
— пагрозы ў адрас дзіцяці ў адкрытай форме;
— заўвагі, выказаныя ў абразлівай форме, якія прыніжаюць годнасць дзіцяці;
— наўмыснае абмежаванне зносін дзіцяці з аднагодкамі або іншымі значнымі дарослымі;
— хлусня і невыкананне дарослымі сваіх абяцанняў;
— аднаразовае грубае псіхічнае ўздзеянне, якое выклікае ў дзіцяці псіхічную траўму.
Як жа караць дзіця і не нанесці шкоду яго фізічнаму і псіхічнаму здароўю?
Пры ўсіх рознагалоссях вакол пакарання ў працэсе выхавання варта адзначыць, што гэты метад уздзеяння на дзіця таксама мае права на прымяненне, таму што дае магчымасць дзіцяці зразумець, што яго дзеянні могуць мець негатыўныя наступствы.
Але варта памятаць, што любы метад пакарання дзейнічае лепш, калі ён ужываецца рэдка. Пры частым ужыванні пакаранняў дзеці становяцца лжывымі, ізаляванымі, у іх з’яўляюцца страхі і агрэсія.
Прымальныя формы пакарання:
— вымушанае гультайства (сядзіць на спецыяльным крэсле);
— пазбаўленне заахвочванняў і прывілеяў;
— асуджэнне і абмеркаванне паводзін або ўчынку дзіцяці.
Пры пакаранні дзіцяці важна выконваць некаторыя правілы:
1. Караючы, падумай: навошта? Для чаго?
2. Пакаранне ніколі не павінна шкодзіць здароўю.
3. Ніякіх пакаранняў не павінна быць “на ўсялякі выпадак”, нават калі здаецца, што вы занадта добрая(ы) і мяккая(і).
4. За адну правіннасць можна пакараць толькі адзін раз.
5. Запознена не караць — за даўнасцю ўсё спісваецца.
6. Пакараны — значыць, павінен атрымаць памілаванне, перавярнулі старонку жыцця — ніякіх напамінаў.
7. Нельга караць пазбаўленнем любові і клопату.
8. Любое пакаранне не павінна суправаджацца прыніжэннем, не павінна разглядацца як дамінаванне сілы дарослага над слабасцю дзіцяці.
Памятайце, што дзіця не можа не засмучаць — гэта нармальна, таму ставіцца да гэтага трэба адпаведна.
За што ні ў якім выпадку нельга караць:
— за натуральную пазнавальную актыўнасць: напрыклад, дзіця бярэ ў рот прадметы, хоча спазнаць функцыі якога-небудзь прадмета або зламала цацку (сваю ці чужую — незнарок);
— за ўзроставыя і фізіялагічныя асаблівасці: няўседлівае, няўважлівае, не жадае засынаць, не хоча есці;
— за адсутнасць вопыту паводзін у той ці іншай жыццёвай сітуацыі: не папрасілася на гаршчок; плюецца ці б’ецца, калі раней яму не патлумачылі, што гэта дрэнна; адымае цацку (натуральнае жаданне); баіцца ісці да доктара;
— за праяўленне натуральнага пачуцця: рэўнасць да малодшага браціка або сястрычкі (крыўдзіць іх);
— за неасцярожнасць: запэцкалася на прагулцы, выпадкова праліло сок з кубка.
Бацькі, памятаеце, што ваша ўвага, любоў і ласка да дзіцяці могуць зрабіць для яго больш, чым самы дарагі падарунак! Раны прыніжэння і здзекі не гояцца гадамі, а наступствы абыякавасці і ігнаравання застаюцца на ўсё жыццё.
Наталля ЛЕБЕДЗЕВА,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 6 Слоніма Гродзенскай вобласці.