Здаецца, што чалавек прастуджваецца, калі яго прадзьмула скразняком, або ён трапляе пад ледзяны дождж, або прамачыў ногі. На самай справе прастуда — заразная хвароба і перадаецца пры кантакце з інфіцыраваным чалавекам, калі ў дыхальныя шляхі трапляюць кропелькі сліны або макроты хворага. Людзі прастуджваюцца ў халодны час таму, што праводзяць больш часу ў закрытых, скучаных памяшканнях, часцей кантактуюць з носьбітамі вострай рэспіраторнай віруснай інфекцыі (ВРВІ). А само пераахаладжэнне пры мокрым і ветраным надвор’і толькі стварае добры фон для развіцця віруснай інфекцыі.
Лепшая абарона — прафілактыка
Імунітэту супраць прастуды арганізм не выпрацоўвае. Прастудных вірусаў вельмі многа: рынавірусы, адэнавірусы, вірусы парагрыпу і многія іншыя. Менавіта таму супраць прастуды не можа быць прышчэпкі, як супраць выдзеленага штама грыпу.
Паколькі верхнія дыхальныя шляхі найбольш схільны да ўздзеяння халоднага паветра і інфекцыі, то іх запаленне (рыніты, танзіліты, фарынгіты, ларынгіты, бранхіты) з’яўляецца самай частай прычынай візіту хворага да ўчастковага тэрапеўта, як вынік — часовай непрацаздольнасці. Прастуда часцей за ўсё праходзіць без павышэння тэмпературы, таму на вызваленне ад работы або навучання не варта разлічваць. Але пры дрэнным ходзе хваробы да віруснай інфекцыі далучаюцца хваробатворныя бактэрыі — стрэптакокі, стафілакокі і іншыя мікраарганізмы, якія і прыводзяць да развіцця ўскладненняў з боку верхніх дыхальных шляхоў. Бактэрыі асабліва добра размнажаюцца на падрыхтаванай вірусам глебе, паколькі імунітэт арганізма аслаблены. У гэтым выпадку вы ўжо можаце з поўным правам прэтэндаваць на бальнічны ліст, аднак пастарайцеся не даводзіць сябе да такога стану. Лепш папярэдне заняцца прафілактыкай.
Трэба загартоўваць арганізм загадзя. Адзін з самых эфектыўных метадаў — кантрасныя водныя працэдуры. Напрыклад, нажныя ванны. Іх неабходна рабіць штодзень. Вазьміце два тазікі: з гарачай вадой (тэмпература каля 40°С) і халоднай (не вышэй 30°С). Апусціце ногі на некалькі секунд у гарачую ваду, потым — у халодную. Паўтарыце працэдуру 3—4 разы. Раз на тыдзень прымайце агульную цёплую ванну, дабаўляйце ў яе марскую соль, прыемныя вам араматызатары, настоі траў.
Варта прадухіляць прамое заражэнне — абмяжоўваць кантакты з хворымі на прастуду. Калі ж вы самі прастуджаны, закрывайце рот сурвэткай пры чханні і кашлі, мыйце рэгулярна рукі, часцей праветрывайце памяшканне. Лепш устрымацца ад курэння, калі ваша слізістая абалонка запалёна. Курэнне зацягвае працэс папраўкі. З гэтай прычыны курыльшчыкі часцей і даўжэй хварэюць на прастуду. Не дапамагае і распаўсюджаны народны рэцэпт — гарэлка з перцам. Пара алкаголю не забівае вірусы, а яшчэ больш раздражняе слізістую, што прыводзіць да павелічэння ацёку.
Старыя добрыя парады не пераахалоджвацца, берагчы сябе, адзявацца па надвор’і актуальныя і зараз. Многія добраахвотна падрываюць ахоўныя сілы арганізма, прастуджанымі пераносячы “на нагах” перагрузкі на рабоце, зарабляючы ўскладненні і далейшыя праблемы са здароўем. Хаця ў гэты перыяд проста неабходна адляжацца і даць магчымасць арганізму адпачыць.
Вірусы не баяцца антыбіётыкаў
Антыбіётыкі для некаторых — стандартны выхад з любой прастуды. На самай справе гэтыя лекі патрэбны пры ўскладненнях бактэрыяльнай прыроды, вірусы іх не баяцца. Рашэнне аб прымяненні антыбіётыкаў, дазіроўцы прэпаратаў і працягласці лячэння можа прымаць толькі ўрач.
Памылковае прымяненне антыбіётыкаў небяспечна развіццём такіх грозных ускладненняў, як дысбактэрыёз, кандыдоз, паталогія ўнутраных органаў.
Народныя сродкі
Калі ў вас з’явіліся сімптомы лёгкай прастуды, то, вярнуўшыся дадому, хутка вызваліце ногі ад абутку, шкарпэтак, калготак або панчох і пахадзіце басанож па дыване. Гэта не толькі расслабленне для ног, але і перш за ўсё масаж усіх кропак ступні, многія з якіх адказваюць за стан насаглоткі.
Калі тэмпература пачынае павышацца, не імкніцеся прымаць гарачкапаніжальныя медпрэпараты адразу. Павышэнне тэмпературы — натуральны абаронны механізм арганізма. Пазбаўляючы яго магчымасці змагацца з вірусамі і мікробамі самому, вы спрыяеце ўчашчэнню хвароб. Піць гарачкапаніжальныя прэпараты неабходна, як правіла, пры тэмпературы вышэй 38°C.
Каб палегчыць стан, выпіце шклянку гарачага ліпавага чаю, пасля чаго адразу кладзіцеся ў пасцель. Дзякуючы гэтаму вы добра прапацееце, на наступную раніцу насмарк значна зменшыцца.
Увогуле ж, чай, у які дабаўлены высушаныя травы, кветкі, мята, ягады (чорныя парэчкі, маліны, брусніцы), ліпавы і яблыневы цвет, — невычэрпная крыніца вітамінаў, якая павышае супраціўляльнасць арганізма прастудам. Добра павышаюць імунітэт чарніцы, таму не забывайце пра чарнічнае варэнне або ягады, працёртыя з цукрам. А перад сном зноў выпіце чай з малінамі (або ліпавым цветам) і добра прапацейце.
Можна ў гарачую ваду дабавіць дэсертную лыжку мёду і толькі што выціснуты сок аднаго лімона. Эфектыўным сродкам пры прастудзе застаецца ўжыванне вітаміну С (аскарбінавай кіслаты) у сутачнай дозе да 1 грама. Не трэба забываць пра стары добры часнок у любым выглядзе.
Пры прастудзе, якая яшчэ пачынаецца (толькі без павышанай тэмпературы!), дапаможа добрая лазня з венікам, але без кантраснага душу і халоднага басейна. У парылцы можна дабавіць у вядро з вадой, прызначанай для выпарвання на каменцы, некалькі кропель настойкі эўкаліпту.
Валянціна ЦЯРЭШКА,
урач-гігіеніст Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.