Водары чароўных траў і кветак

У Гродзенскім дзяржаўным абласным эколага-біялагічным цэнтры дзяцей і моладзі пачала работу экспазіцыя “Водары чароўных траў і кветак”. Яе галоўная мэта — азнаямленне дзяцей са светам гаючых і араматычных траў і раслін, правіламі іх збору, ужываннем для аздараўлення арганізма.

Усяго тут прадстаўлена каля 70 відаў раслін, якія растуць на палях і лугах не толькі Гродзенскай вобласці, але і ўсёй Беларусі, а таксама расліны, вырашчаныя і сабраныя на аптэкарскім агародзе эколага-біялагічнага цэнтра. Экспанаты выставы — жывыя і засушаныя расліны, кветкі, араматычныя мяшочкі — сашэ, лялькі-траўніцы, араматычнае мыла. Шырока прадстаўлены гербарны матэрыял, а таксама закансерваваныя расліны.

Наведаўшы экспазіцыю, навучэнцы здзейсняць падарожжа па старонках альманаха, дзе даведаюцца аб разнастайнасці лекавых раслін, іх прымяненні ў медыцыне, касметалогіі, кулінарыі, пазнаёмяцца з водарамі для лазні і кухні, даведаюцца, што такое ароматэрапія, якія расліны і травы называюць чайнымі. Дзеці навучацца па паху пазнаваць расліны, адрозніваць карысныя віды па знешніх прыметах, каб не толькі збіраць іх у прыродзе, але і самастойна вырошчваць на прысядзібным участку.

Святлана ГРЭЙБА,
дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага абласнога
эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.