Экалагічнае падарожжа з календаром

Экакаляндар стваралі ўдзельнікі абласнога завочнага конкурсу інфармацыйных матэрыялаў эколага-біялагічнай накіраванасці, які арганізаваў Гродзенскі дзяржаўны абласны палац творчасці дзяцей і моладзі. На конкурс было прадстаўлена 98 календароў навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці.

Як паведаміла загадчык аддзела экалогіі і інтэлектуальнага развіцця палаца Ганна Лушчык, у сувязі з вялікай колькасцю работ пераможцаў вызначалі ў сямі намінацыях.

Максім Клок і Аляксей Клок з сярэдняй школы № 1 Навагрудка, Арцём Цыбанёў са Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі сталі лепшымі ў намінацыі “Тайны раслін”. У намінацыі “Жывы позірк” першынство ў выхаванцаў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” Гродна Кацярыны Галасок, Дар’і Гавенка і Дзіяны Сярэдзіч, а таксама Канстанціна Брушко з цэнтра “Прамень” Гродна; у намінацыі “Лекавыя расліны” — у навучэнкі сярэдняй школы № 1 Дзятлава Паліны Дзедавай.

Падрабязна вывучыла Чырвоную кнігу Беларусі навучэнка Навагрудскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Алеся Цвырко і заняла першае месца ў аднайменнай намінацыі. Настасся Асіповіч, якая вучыцца ў Навадворскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Шчучынскага раёна, стала лепшай у намінацыі “Экалагічнае падарожжа”.

Некалькі творчых работ перамаглі ў намінацыі “Прырода і творчасць”. Іх на конкурс даслалі прадстаўнікі Слонімскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Сабрына Зенава, Ганна Вішнеўская і Паліна Навіцкая; цэнтра “Спектр” Гродна Ягор Суханаў і Лізавета Мяцеліца; два аўтары з цэнтра “Прамень” Гродна — Роберт Таўрэль і Лізавета Аўсянік.

Два календары-пераможцы і ў намінацыі “Цікавыя факты”. Іх стварылі Іван Губко і Надзея Губко з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Дзятлава, а таксама Павел Лянкевіч, Ніна Станілевіч і Лізавета Галынская, якія вучацца ў гімназіі № 1 Астраўца.

Конкурс экакалендароў быў арганізаваны ўпершыню. Плануюць яго правесці і на наступны год, змяніўшы некаторыя намінацыі. А пакуль лепшыя работы дэманструюцца ў выставачнай зале абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.