Водар зімы

Зіма — гэта заўсёды крыху выпрабаванне на трываласць: холад, кароткі светлавы дзень. Час прыгожы, ды крыху сумны, асабліва калі снег — гэта больш мара, чым рэальнасць. Усім нам хочацца выпіць гарачага, каб адчуць цеплыню пледа і пяшчотнасць, і ў той жа час мы чакаем вяртання лета — вось, бадай, асноўная думка і сакрэт папулярнасці цёпла-гарачых вострых смакаў.

Самыя распаўсюджаныя напіткі для гэтай пары года — чай, кава, какава і малако, у розных спалучэннях.

Як вядома, кава і чай узбуджальна дзейнічаюць на сардэчную і нервовую дзей­насць, таму што ў іх склад уваходзяць кафеін у каве, танін у чаі, тэабрамін у какаве. Кава і чай здольны ліквідаваць стомленасць і павы­шаць крывяны ціск. Асвяжальнае ўздзеянне чаю тлумачыцца тым, што ў ім ёсць эфірныя маслы. Ён танізуе стрававальныя органы, узбу­джае дзейнасць сэрца, узмацняе кровазварот і актывізуе функцыю нырак.

Самы час удасканаліць звычайныя напіткі новымі рэцэптамі, прызначанымі не толькі для спатольвання смагі, але і для ўсмешкі, якой халоднай парой многім не хапае.

Кубак гарачай кавы з малаком, крыху карыцы на кончыку нажа і аўсянае пячэнне — вось вам яшчэ адна нагода меркаваць, што новы дзень будзе ўдачны. Аднойчы на старонках нашай газеты я ўжо расказвала пра незвычайныя рэцэпты гарачых напіткаў. Вось вам яшчэ некалькі цікавых варыянтаў. Чорная кава з мёдам, карыцай, гваздзікай, цэдрай лімона. Здавалася б, і што тут складанага? Нічога. Цікавая падача.

Пару слоў пра лімонную цэдру.

Наступны раз, калі пойдзеце ў магазін, звярніце ўвагу на пакецікі сухой лімоннай цэдры. У кулінарным плане яна амаль нічым не адрозніваецца ад свежай, але выкарыстоўваць яе значна больш бяспечна. Калі вы абавязкова хочаце выкарыстоўваць свежую цэдру лімона і апельсіна, памыйце цытрусавыя пад праточнай вадой, абліце содавым растворам (сталовая лыжка на шклянку вады) і потым адразу абліце кіпячонай вадой. Такім чынам вы пазбавіцеся ад большасці шкодных рэчываў, якія выкарыстоўваюцца для свежасці прадукту.

Вяртаемся да рэцэпта. Гатуем каву (молатая ці растваральная, у гэтым выпадку зусім няважна), да яе падаём мёд з вострымі прыправамі. Смачна, проста і для здароўя карысна.

Хочаце рэцэпт больш складаны? Вазьміце трэць гарачага шакаладу, трэць чорнай кавы і трэць вяршкоў. Гэта вельмі насычаны сметанкова-шакаладна-кававы напітак з эфектам пледа, усмешкі і добрага настрою.

Змешваем — дабаўляем.

Гваздзіка

Каб чорны чай набыў новае гучанне, дабаўце да яго літаральна пару штук гваздзікі, размінаючы верхнюю частку бутона. Чай бу­дзе мець прыемны, злёгку дымны пах. Гваздзіка будзе ў ім працаваць на ўмацаванне памяці і дазволіць быць сабраным.

Аніс

Аніс выдатна дапоўніць каву. Калі вы прыйшлі з вуліцы, адчуваеце, што прамачылі ногі і крыху змерзлі, то раю такі рэцэпт. Насыпце пару лыжак кавы ў турку і прыпраўце анісам. Заліце сталовай лыжкай вельмі гарачай вады, каб атрымалася аднародная маса. І толькі потым даліце да краёў туркі. Пастаўце на агонь і давядзіце да кіпення. Пасля чаго выліце ў кубак і атрымлівайце асалоду ад чароўнага смаку. Такое спалучэнне ліквідуе ўсе намёкі на прастуду. “Высушыць” нос, пазбавіць пяршэння ў горле, знізіць тэмпературу, пазбавіць ад дрыжыкаў. І ўсё таму, што аніс валодае ярка выяўленымі антывіруснымі ўласцівасцямі. Плюс, як і большасць іншых натуральных спецый, мае многа антыаксідантаў, эфірных маслаў і іншых карысных рэчываў, неабходных для здароўя.

Кардамон

Крыху кардамону ў шклянцы з кававым напоем можа стварыць цуды. Кардамон не проста дае прыемны пах, а зніжае негатыўнае дзеянне кафеіну. Сагравальны пах узнімае настрой, пазбаўляе ад стрэсаў. За кошт фосфару, жалеза і вітамінаў групы В гэтая спецыя не проста дорыць цяпло, але і мякка стымулюе страваванне. І, самае галоўнае, павольна, але гарантавана і доўга можа падтрымліваць энергетычны баланс арганізма.

Шафран

Гэтая спецыя нядрэнна адцяняе смак малака і робіць гарачы напітак больш моцным і цёплым. Усё, што трэба, — гэта дабавіць на шклянку малака тры нітачкі шафрану. Атрыманую сумесь давесці да кіпення, зняць з агню і даць настаяцца на працягу 5 мінут. І толькі потым выпіць. Каб напітак быў больш салодкі, можна ў яго дабавіць крыху згушчанага малака. Атрымаецца пахучы, экзатычны напітак. Бясспрэчна, каб захаваць добрыя адносіны з роднымі, сябрамі і калегамі, часам варта думкі трымаць пры сабе. Такі гарачы напітак у гэтым дапаможа: ён не проста сагрэе і пазбавіць ад зябкасці, але і супакоіць.

Дзякуючы шафрану і яго флаваноідам палепшыцца насычэнне клетак кіслародам, што прадухіліць іх старэнне. Шафран пазбавіць ад галаўнога болю і бяссонніцы, палепшыць самаадчуванне.

Дадатковы бонус: шафран з малаком здымае стомленасць і зараджае энергіяй.

Карыца

Выдатна падыходзіць у якасці дадатку да кавы, чаю ці какавы. Акрамя сагравальнага эфекту і прыемнага смаку, у карыцы яшчэ шмат добрых якасцей: ад умацавання нервовай сістэмы і імунітэту да паніжэння апрэту і пазбаўлення ад лішніх кілаграмаў. Невыпадкова яе назвалі самай “стройнай” спецыяй і ўключаюць у шматлікія модныя дыеты. Часцей за ўсё яна фігуруе ў праграмах, якія абмяжоўваюць ужыванне солі і цукру.

Імбір

Адно з лепшых дапаўненняў да чаю і травяных настояў. Невялікай колькасці свежага або сухога імбіру, скрылька лімона, мёду і крыху чырвонага перцу на кончыку нажа дастаткова, каб у вас атрымаўся здаровы гарачы напітак супраць грыпу і прастуды. Ён выдатна танізуе, бадзёрыць, дапамагае змагацца з дрэнным настроем. Акрамя гэтага, паляпшае кровазварот і стымулюе актыўнасць мозга.

Агульныя парады, канечне, добрыя, але наш расповед будзе няпоўны без смачных рэцэптаў добрага настрою.

Апельсінавы гарачы шакалад

(на 2 порцыі)

2 шклянкі малака, 120 г горка-салодкага шакаладу кавалкамі, 3 палоскі апельсінавай цэдры, 1/2 чайнай лыжкі растваральнай кавы, 1/8 чайнай лыжкі молатага мускатнага арэха, соль на кончыку нажа.

Злучыць усе інгрэдыенты ў цяжкай каструлі.

Перамешваць на агні, пакуль шакалад не растане. Павялічыць агонь і давесці амаль да кіпення, пастаянна памешваючы. Зняць з агню і ўзбіваць венчыкам да ўтварэння пены. Вярнуць на агонь і зноў давесці амаль да кіпення. Зноў зняць і ўзбіць. Зноў нагрэць і ўзбіць. Дастаць апельсінавую цэдру.

Гарачы бананавы напітак

(на 4 порцыі)

900 мл малака, 2 буйныя спелыя бананы, 50 г простага шакаладу, палачка карыцы, соль на кончыку нажа.

Злучыць у каструлі з тоўстым дном 900 мл малака, 2 парэзаныя бананы, палачку карыцы і 50 г дробна парэзанага шакаладу. Павольна, пастаянна памешваючы, давесці да кіпення. Зняць з агню, дастаць карыцу і ўзбіць ручным міксерам да з’яўлення пены. Разліць па кубках і вярнуць карыцу для паху.

Кава са сметанковай халвой і спецыямі

У турку на два кубкі кавы кладзём дзве чайныя лыжкі (без горкі) молатай кавы. Дабаўляем некалькі драбкоў солі, зусім крыху цёртага мускатнага арэха, адну гваздзічку і насенне з аднаго зерня кардамону. Ставім на мінімальны агонь.

Пакуль кава няспешна даходзіць да кандыцыі, бяром кавалак халвы (лепш кунжутнай) і лыжкай скрабём яе, пакуль не атрымаецца пара чайных лыжак дробнай стружкі. Потым падаграваем крыху малака або вяршкоў так, каб было горача, але не кіпела, заліваем ім халву (або засыпаем у яго халву, каб не пэцкаць лішняга посуду). І пачынаем узбіваць, адначасова дабавіўшы яшчэ і крыху мёду. Я дабаўляю чвэрць лыжачкі, гэтага дастаткова для паху і не вельмі крытычна для салодкасці.

Узбіваць, тэарэтычна, можна і блэндарам.

Да таго часу, як кава, нарэшце, паднялася шапкай, у вас у кубку — на трэць мяккай шаўкавістай пены і на ўсю кухню дурманлівы пах Усходу. Цяпер каве трэба крыху даць адстаяцца і працадзіць у кубкі. Уласна кажучы, усё, можна атрымліваць асалоду.

Таша ЛАПАЦЕНКА,
гастранамічны аглядальнік, партнёр і дарадца
Гільдыі шэф-кухараў Беларусі, член Асацыяцыі
рэстаранна-гастранамічных аглядальнікаў Расіі.