Да ўсялякага свята мы рыхтуемся. Да Вялікадня — асабліва. Вялікдзень — гэта свята шчодрых страў пасля Вялікага посту. Традыцыйна святочны стол складаецца з пірагоў, мясных страў і, канечне, яек-крашанак.
Справа № 1: пафарбаваць яйкі.
Нашы бабулі адварвалі яйкі ў цыбульніку — адвары шалупіння цыбулі, якое дазваляе дабіцца залаціста-карычневага колеру (чым больш цыбульніку, тым адвар больш насычаны). Можна пайсці арыгінальным шляхам і з дапамогай натуральных прадуктаў дабіцца яшчэ і карычневага (кава ці чай), бэзавага (буракі), светла-зялёнага (шпінат ці крапіва), жоўтага (морква) адценняў.
У магазінах прадаюцца спецыяльныя налепкі, фарбавальнікі і нават бліскаўкі з пацеркамі. Іх можна таксама выкарыстоўваць і рабіць прыгажосць.
Яшчэ адзін цікавы варыянт — выраб мрамарных яек з дапамогай зялёнкі: вараныя яйкі змачыць у вадзе, абваляць у шалупінні цыбулі, завязаць у марлю. Затым апусціць у кіпень, у які дадалі зялёнку.
Справа № 2: спячы куліч.
Куліч — не толькі добрая традыцыя, але яшчэ і надта смачна. Яго можна набыць да свята ў магазінах. Але дамашнія кулічы, канечне, самыя лепшыя!
Куліч з цукатамі
Інгрэдыенты. Цеста: малако — 500 мл, дрожджы — 50 г, мука — 1 кг, яйкі — 6 шт., сметанковае масла — 200 г, цукар — 300 г, 250—300 г цукатаў. Глазура: цукровая пудра — 100 г, бялок 2 яек.
Прыгатаванне. Замешваем цеста з усіх інгрэдыентаў. Накрываем ручніком, ставім у цёплае месца на 2—3 гадзіны.
У гэты час рыхтуем цукаты: заліваем кіпенем на 10 мінут, прамываем, сушым. Дабаўляем у цеста.
Запаўняем формы на 1/3. Выпякаем 30—45 мінут пры 180°С.
Глазура. Бялкі яек узбіваем, дабаўляем цукровую пудру і пакрываем гарачыя кулічы.
Яўгенія ГУДАЧ,
настаўніца хіміі Верцялішкаўскай сярэдняй школы.