Мода — далёка не з камоды

Я заўсёды трымаюся моды, але здалёк. А як педагог кожны дзень назіраю і ацэньваю тое, як апрануты нашы падлеткі. Пагадзіцеся, што моладзь усіх пакаленняў была і застаецца яркай і непрадказальнай ва ўсім, у тым ліку і ў манеры апранацца. І ўсё ж выбар адзення павінен адпавядаць сітуацыі, залежаць ад пары года і ўмоў надвор’я.


Трэба сказаць, нашым навучэнцам варта сур’ёзна задумацца пра свой знешні выгляд. Каледж — гэта не лепшае месца для дэманстрацыі супермодных убораў. На мой погляд, некаторае моднае адзенне даволі нязграбнае, непрактычнае, ды і не па сезоне. Напрыклад, пацёртасці і дзіркі на джынсах; укарочаныя вузкія штаны, якія адкрываюць палоску скуры; адвіслыя джынсы. Або прысутнасць чорнага ва ўсім: валасы, лак і памада, чорнае адзенне без ніякага пробліску іншага колеру. А чаго варты кіслотныя адценні ў адзенні, колеры валасоў і макіяжы! Можа, гэта і крута, але зусім не да месца ва ўстанове адукацыі. Таксама не варта кідацца і ў іншую крайнасць — падкрэсленую сексуальнасць: міні-спадніцы, укарочаныя топы, дэкальтэ, ласіны; шматслойнае адзенне або, наадварот, ніжняя бялізна, якая прасвечваецца з-пад адзення. Прыхавайце гэтыя рэчы для вечарыны ў клубе, а выбіраючы адзенне для навучальнай установы, спыніцеся на больш простых рэчах.

Апранацца годна, з густам, можна і без вялікіх фінансавых выдаткаў. Больш за тое, абмежаваныя магчымасці развіваюць густ і дазваляюць стварыць непаўторны стыль. Таксама не трэба забываць, што акцыі і распродажы — добрая магчымасць купіць рэч, якая спадабалася, у 2—3 разы танней.


Такім чынам, можна выглядаць і ў меру афіцыйна, і крута адначасова. Як гэтага дабіцца?

* Ахайны, дагледжаны выгляд. Канечне, нават ідэальны і самы дарагі ўбор не кампенсуе адсутнасць ведаў, але ўсё ж ён можа палепшыць меркаванне пра вас як выкладчыкаў, так і навакольных. Акрамя таго, адзенне заўсёды павінна быць чыстым, выпрасаваным і ахайным. Дзяўчатам лепш падабраць максімальна стрыманы макіяж, манікюр у натуральных танах. Парфума павінна быць лёгкай, ледзь адчувальнай. Не злоўжывайце ўпрыгажэннямі! Доўгія валасы лепш сабраць у пучок ці хвост або заплесці ў мудрагелістую касу, кароткія — акуратна ўкласці.

* Спалучэнне некалькіх стыляў. Выдатная ідэя для падлеткавага гардэроба — спалучэнне так званых капсул — ансамбляў з некалькіх рэчаў, якія добра кампануюцца паміж сабой і прызначаны для пэўнай сітуацыі. Напрыклад, джынсы, якія так горача любяць падлеткі, можна насіць не толькі з кедамі і футболкамі, але і з макасінамі, лодачкамі, дапаўняць лёгкімі клубнымі пінжакамі, спалучаць з простымі аднатоннымі кашулямі, трыкатажнымі світарамі, камізэлькамі. Дзяўчатам варта памятаць пра актуальныя ў любы час жаноцкія сукенкі, спадніцы, класічныя штаны. Будзе здорава, калі ў вашым гардэробе з’явіцца хаця б адзін універсальны пінжак, які імгненна надасць вобразу афіцыйны выгляд. Падключыўшы фантазію, вы складзяце цікавыя ансамблі з кардыганам, які ўдала спалучаецца з ласінамі, легінсамі, джынсамі і шортамі.
Прамыя сукенкі-кашулі, свабодныя сарафаны, дапоўненыя рэменем, дазволяць выглядаць стыльна, але стрымана. Насіце іх з туфлямі-балеткамі або ботамі на плоскай падэшве.


Выдатнай магчымасцю зрабіць арыгінальным свавольны стыль з’яўляецца нашэнне рознакаляровых калготак, какетлівых падцяжак, пры гэтым адзенне павінна быць вытрымана ў строгім стылі. Акрамя таго, сёння ў моду зноў вяртаюцца жаночыя гальштукі, якія лёгка дапоўняць любы вобраз.

* Какетлівыя аксесуары. Калі вы хочаце зрабіць свой гардэроб актуальным, не мяняючы яго, купіце модныя аксесуары: рэмень, пас, эфектны шалік, гальштук ці арыгінальную біжутэрыю. Яны дазволяць вам выглядаць модна, пры гэтым не асабліва трацячыся.

Спадзяюся, мае парады дапамогуць вам выбраць сапраўды модныя, стыльныя і зручныя рэчы, у якіх вы будзеце належна выглядаць на працягу ўсяго навучальнага года. І памятайце, што ёсць такая народная прыказка: “Не глядзі, што на галаве, а паглядзі, што ў галаве”. Гэтыя словы маюць глыбокі сэнс і ніколі не страчвалі сваёй актуальнасці.

Наталля ЕЎДАКІМАВА,
майстар вытворчага навучання
Бабруйскага дзяржаўнага гандлёва-эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа.